Вы тут

Чым выкліканы глабальны трэнд на «гарады-ўтопіі»?


Каліфарнійскія фермеры абвінавацілі топ-менеджараў амерыканскага бігтэха ў рэйдарскім захопе іх сельскагаспадарчых угоддзяў. Урадлівыя землі спатрэбіліся бізнесменам для стварэння горада-саду, дзе будуць жыць супрацоўнікі і менеджменты карпарацый. У арганізацыі хітрай схемы з удзелам «фірмаў-пракладак» і падстаўных кампаній падазраюць шэраг мільярдэраў, якія валодаюць актывамі Крамянёвай даліны, паведаміла lenta. ru. Аналагічныя прэтэнзіі да найбагацейшых амерыканцаў прад’явілі ўраджэнцы Гаваяў, чые дамы былі знішчаны ляснымі пажарамі. Землі архіпелага пачалі скупляць багацеі, яны адчулі сябе сярэднявечнымі феадаламі, на якіх мясцовае насельніцтва вымушана працаваць, каб не пазбавіцца даху над галавой. Футурыстычныя праекты распачаты і ў шэрагу іншых рэгіёнаў свету. Чым выкліканы глабальны трэнд на «гарады-ўтопіі»?


Палеткі на $800 млн

Кампанію Flannery Assocіates, якую фінансуюць тытаны ў галіне тэхналогій, уключаючы сузаснавальніка LіnkedІn Рыда Хофмана і венчурнага капіталіста Марка Андрысена, абвінавацілі ў захопе земляў каліфарнійскіх фермераў. Як паведаміла New York Post, ценявая фірма, якая падтрымліваецца верхаводамі Крамянёвай даліны, займела сельскагаспадарчыя ўгоддзі коштам 800 мільёнаў долараў дзеля будаўніцтва ўтапічнага горада для карпарацый. Сярод пакупнікоў — венчурныя інвестары і ІT-мільярдэры, у тым ліку заснавальнік сацсеткі LіnkedІn Рыд Хофман і ўдава Стыва Джобса Ларэн Паўэл Джобс. Як заўважаюць эксперты, Сан-Францыска сёння становіцца ўсё менш прыдатным для жыцця: вуліцы запоўнены бяздомнымі і наркаманамі, крамы і гандлёвыя цэнтры пастаянна падвяргаюцца пагромам. Простыя жыхары масава бягуць з Сан-Францыска, а цяпер пацягнуліся і мільярдэры.

Не ўсе фермеры акругі Салана лёгка рассталіся са сваёй нерухомасцю — з кімсьці прымусова скасавалі дагавор арэнды, кагосьці з нязгодных выселілі, а іншых паставілі перад выбарам: працяглыя і дарагія судовыя разгляды або добраахвотны продаж маёмасці. Па словах абвінавачаных, фірма «наладжвала адну сям’ю супраць іншай і ціснула на фермераў пазбаўляцца ад зямлі, каб не расчароўваць сваіх сяброў і суседзяў». 

У некаторых выпадках кампанія ўгаворвала прадаць зямлю аднаго з уласнікаў і праз суд вымушала астатніх рушыць услед яго прыкладу.

Сельгасугоддзі спатрэбіліся Flannery не проста так — яе мацярынская кампанія Calіfornіa Forever выпусціла мастацкія рэндары для свайго праекта ўтопіі. Фірма расказала мясцовым жыхарам аб планах стварэння горада, што працуе на ўстойлівай энергетыцы і будзе ўключаць у сябе «дзясяткі тысяч новых дамоў, буйную сонечную энергетычную ферму, фруктовыя сады з больш чым мільёнам дрэў і больш за дзесяць тысяч акраў новых паркаў і адкрытых прастор».

На рэндарах утопіі паміж далінай Напа, Сакрамента і Сан-Францыска кампанія прадставіла ідылічныя замалёўкі дзяцей, якія катаюцца на роварах па засаджаных дрэвамі вуліцах, і шчаслівых людзей, якія ловяць рыбу каля ракі, а таксама з асабнякамі, размешчанымі на маляўнічым узгорыстым фоне. Аднак, па словах мясцовых чыноўнікаў, набытыя ўчасткі зямлі — гэта засушлівыя тэрыторыі, якія абвяваюцца рэзкімі вятрамі, і будаўнікі горада-саду сутыкнуліся б з масай праблем: адсутнасцю інфраструктуры, высокім коштам работ, а таксама з тым фактам, што большая частка зямлі прызначана для сельскагаспадарчага, а не жылога выкарыстання. Таксама паблізу горада мары размешчана база ВПС ЗША, што таксама ўскладняе яго забудову.

Амерыканскі кароль

Самыя смяротныя ў гісторыі Гаваяў лясныя пажары сталі для жыхароў архіпелага падставай для новых страхаў. Трагедыя, з-за якой быў знішчаны папулярны сярод турыстаў горад Лахайна, які раней насіў статус сталіцы каралеўства, падагрэла апасенні мясцовых жыхароў у захопе земляў. Грамадзяне штата перажываюць, што нядобрасумленныя рыэлтары і карпарацыі могуць атрымаць выгаду са стыхійнага бедства. Многім гавайцам аказалася не па кішэні аднаўляць знішчаныя дамы: хтосьці задумаўся аб магчымым продажы зямлі, а іншыя спалохаліся, што ў рыэлтараў і дэвелопераў з’явілася магчымасць ператварыць раёны і абшчыны карэнных гавайцаў у «гульнявыя пляцоўкі» для багацеяў. «Мільярдэры прыязджаюць на Мауі, скупляюць вялікія ўчасткі зямлі ў якасці свайго, я не ведаю, сёмага дома для адпачынку, гэта балюча для нашай супольнасці, — заўважыў член савета акругі Маўі Кіяні Роўлінс-Фернандэс. — Гэта падкрэслівае адрозненні паміж карэннымі жыхарамі, якія хочуць жыць і клапаціцца аб нашай зямлі, і тымі, хто разглядае Гаваі як месца адпачынку».

Амерыканскі прадпрымальнік і сузаснавальнік карпарацыі Oracle Лары Элісан набыў 98 працэнтаў вострава Ланаі ў акрузе Мауі за 300 мільёнаў долараў яшчэ ў 2012 годзе. Яму належаць каля 90 тысяч акраў зямлі, у тым ліку большая частка камерцыйнай нерухомасці Ланаі і пара курортаў Four Seasons. Для архіпелага ён стаў «сучасным амерыканскім каралём, неспасціжна багатым і магутным»: большасць мясцовых жыхароў працуюць на Элісана і адначасова здымаюць у яго кампаній жыллё. Калі яны спыняць працаваць на мільярдэра, то пазбавяцца таксама і дамоў.

«Гэта падобна на другую хвалю каланізацыі, — кажа карэнны гаваец з Ааху і рэгіянальны дырэктар некамерцыйнай арганізацыі NDN Collectіve Дэвіс Прайс, — калі гэтыя звышбагатыя людзі, тэхналагічныя гіганты, купляюць нерухомасць і ствараюць свае ўласныя калоніі». Заснавальнік Oracle не адзіны, хто ўкладваецца ў нерухомасць на Гаваях. Генеральны дырэктар Meta Марк Цукерберг набыў на востраве Кауаі 1,5 тысячы акраў зямлі за 170 мільёнаў долараў. У 2017 годзе ён падаў іскі супраць нашчадкаў фермераў-арандатараў, каб дабіцца прымусовага продажу незасвоенай зямлі. Цукерберг адмовіўся ад прэтэнзій, толькі сутыкнуўшыся з пратэстамі карэнных жыхароў Гаваяў. Мясцовае насельніцтва назвала паводзіны аднаго з найбагацейшых людзей планеты, які спрабуе выселіць сем’і з іх родных земляў, «бесчалавечным і агідным».

Ад Мора да Форда

Тэрмін «утопія» ўвёў англійскі пісьменнік Томас Мор. Слова ўтворана ад старажытнагрэчаскіх «месца, якога няма» і «добрае месца». У кнізе De optіmo reіpublіcae statu, deque nova іnsula Utopіa ён назваў так востраў з ідэальнай дзяржавай, дзе няма галечы і злачынстваў, няма прыватнай уласнасці, а людзі працуюць толькі шэсць гадзін у дзень і не вырабляюць бескарысныя прадметы раскошы. Грамадствам ва ўтопіі кіравала група мудрых і адукаваных прадстаўнікоў і князь, які быў абраны з кандыдатаў з народа.

Ператварыць ідэі Мора ў жыццё спрабавалі неаднаразова. Так, у 1856 годзе Канзаская вегетарыянская арганізацыя заснавала горад пад назвай Octagon — план паселішча з васьмівугольных дамоў распрацаваў вегетарыянец і пурытанін Генры Клаб. Жыць і займацца сельскай гаспадаркай і рамёствамі сюды прыехалі 60 сем’яў, аднак пасля першай жа зімы ў Актагоне высахла рака і студні, а пасля грамадзяне захварэлі на дызентэрыю і ліхаманку. Да канца года пасяленцы, якія засталіся ў жывых, раз’ехаліся.

У пачатку ХХ стагоддзя свой план ідэальнага горада прадставіў французска-швейцарскі архітэктар Ле Карбюзье. Па яго задумцы, архітэктура паселішча-ўтопіі павінна быць максімальна эфектыўнай і простай. На даху жылых будынкаў павінны быць размешчаны сады і пляжы, а на першых паверхах — аб’екты грамадскага харчавання і дзіцячыя садкі. Згодна з разлікамі, планавалася, што ў кожным будынку будзе жыць 2,7 тысячы чалавек, пры гэтым у ідэальным горадзе асабісты транспарт заменіць грамадскі, а людзям будзе дастаткова працаваць толькі пяць гадзін у дзень. Аднак будаўніцтва ўтопіі абмежавалася ўзвядзеннем усяго толькі аднаго дома ў Марселі.

У 1930 годзе аўтамабільны прамысловец Генры Форд вырашыў пабудаваць горад-утопію ў бразільскіх джунглях і ўвекавечыць сваё імя ў яго назве. У Фардландыю перавезлі 300 рабочых, каб тыя займаліся вытворчасцю каўчуку. У горадзе ўстанавілі строгія парадкі: ніякага алкаголю і дашлюбнага сексу — толькі дзевяцігадзінны працоўны дзень, паходы ў бібліятэку і прагляд «правільнага» кіно. Спачатку рабочыя хавалі выпіўку і іншыя кантрабандныя прадметы і нават арганізавалі ўверх па цячэнні ракі іншае селішча — з барам, начным клубам і бардэлем. Пазней з-за цяжкіх умоў працы і абмежаванняў пасяленцы ўзнялі паўстанне і зрынулі адміністрацыю прамыслоўца. Для падаўлення мяцяжу прыйшлося прыцягнуць бразільскіх вайскоўцаў. Аднак галоўнай праблемай Фарландыі стала няўменне амерыканскіх менеджараў весці сельскую гаспадарку ў тропіках: каўчукавыя дрэвы загубілі шкоднікі і пажары, і ўтопію Форда вырашылі рассяліць.

У Амерыцы нават спрабавалі пабудаваць утопію для... п’яніц. Такім ідэальны горад бачыў Мэл Джонсан, які прапанаваў размясціць у ім віскікурні, піваварныя заводы, бары, а таксама санаторыі, дзе тыя, хто перабралі, маглі б аднавіцца пасля запою. Для зручнасці меркавалася арганізаваць самарухомыя тратуары. Вялікія спадзяванні ўскладаліся на турыстаў, якія будуць прыязджаць у алкатрыпы. Аднак «бізнес-ідэя» Джонсана не ўразіла інвестараў — тыя заявілі, што дэградацыя жыхароў будзе спрыяць павелічэнню выдаткаў, не прыносячы ніякага прыбытку.

Штучны інтэлект у дапамогу

У 1993 годзе пад апекай цяперашняга караля Вялікабрытаніі Карла ІІІ (а тады прынца Чарльза) у наваколлях Дорчэстэра ў графстве Дорсет з’явіўся новы горад — Паўндберы. Характэрныя прыкметы горада — каваныя агароджы, порцікі, абсыпаныя жвірам грамадскія плошчы і «замураваныя» ці глухія вокны. Сярод эксперыментальных ноу-хау — рашэнне выдаліць дарожную разметку і дарожныя знакі. З-за гэтага неабходнасць перайсці цэнтральную плошчу тут называюць самым страшным выпрабаваннем для пешахода. Таксама ніхто ў горадзе не можа перафарбаваць свой дом у іншы колер без згоды караля. Цяпер тут жывуць больш за 4000 чалавек. Праект павінен быць завершаны ў 2026-м. Закладзены падмурак для апошніх 205 дамоў, паведаміла «Бі-бі-сі». Большасць архітэктараў гэты праект не ўразіў, а адзін з палітыкаў публічна сказаў, што горад быў заснаваны хутчэй з самалюбства, а не з «клопату аб жыхарах».

На гэтым эксперыменты не скончыліся — у 2006 годзе ў ААЭ прадставілі канцэпцыю горада, поўнасцю спраектаванага пад выкарыстанне аднаўляльных крыніц. Завяршыць будаўніцтва паселішча Масдар плануюць да 2025 года. Горад у Персідскім заліве будзе забяспечваць сябе за кошт сонечнай энергіі. Аналагічны Масдару эксперымент рэалізуюць з іншага боку Аравійскага паўвострава, у Саудаўскай Аравіі. Горад Нэом, які займае 160 кіламетраў узбярэжжа Чырвонага мора, будзе пазбаўлены машын. У 2019 годзе Wall Street Journal паведамляў, што планы ўключаюць штучны месяц, робатаў-дыназаўраў і галаграфічных настаўнікаў. Плануецца, што ў гэтым паселішчы будуць размешчаны мільёны людзей, пры гэтым большасць расселяць у двух небаскробах. Горад будзе працаваць поўнасцю на аднаўляльнай энергіі і кіравацца штучным інтэлектам. Рэалізацыю праекта ацэньваюць у 100–200 мільярдаў долараў.

Вірусныя ідэі

У ЗША тым часам рэалізоўваюць ідэю футурыстычнага горада ў пустыні па замове мільярдэра Марка Лора. Ён разлічаны на пяць мільёнаў жыхароў. Будаўніцтва будзе весціся па апошнім слове тэхнікі — вуліцы ўпрыгожыць вертыкальнае азеляненне, а перамяшчацца грамадзяне будуць на беспілотных электракарах. У сістэме, якую прапагандуе Лор, усе жыхары з’яўляюцца суўладальнікамі гарадской зямлі і сумесна прымаюць рашэнні.

Ідэя стварыць «горад-сад» захапіла нават аднаго з найбагацейшых людзей на планеце Ілана Маска. Мільярдэр плануе пабудаваць уласны горад на нядаўна набытай зямлі недалёка ад горада Осцін, што ў штаце Тэхас. Будаўніцтва на беразе ракі Каларада пачалося вясной мінулага года: паблізу ад тэрыторыі кампаній SpaceX і The Borіng Company ўзвялі групу модульных дамоў, басейн, а таксама спартыўную зону на адкрытым паветры і трэнажорную залу. На ўчастку заўважылі таблічку «Сардэчна запрашаем у Снэйлбрук». Аднак, паводле законаў Тэхаса, заяўку на рэгістрацыю горада можна падаць толькі пасля таго, як у ім будзе пражываць мінімум 201 чалавек. Маск паведамляў аб планах пабудаваць горад яшчэ ў 2021-м, але тады ён хацеў назваць горад Старбэйсам.

«Пакуль амерыканскія мегаполісы апускаюцца ў сітуацыю кіраванага хаосу з лавінай злачыннасці, можна проста прымушаць насельніцтва перасяляцца ў „новыя гарады“ пад сваім кіраваннем, — піша ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Малек Дудакаў. — Прычым ідэі аб іх стварэнні выказваюць не толькі Ілан Маск, але і Трамп. Так што шанцы на з’яўленне такіх гарадоў у розных варыянтах сапраўды высокія на фоне імклівай дэзынтэграцыі ўсіх традыцыйных мегаполісаў ЗША».

Нягледзячы на тое, што папярэднія спробы пабудаваць утопію пацярпелі фіяска, ініцыятыўныя прадпрымальнікі, архітэктары і грамадскія дзеячы не губляюць надзеі. Са з’яўленнем новых тэхналогій зараджаюцца новыя меркаванні наконт таго, якім чынам павінна функцыянаваць «ідэальнае грамадства». Пры гэтым не варта забываць пра неабходнасць перагледзець падыход да выкарыстання працоўных і прыродных рэсурсаў. Пакуль лідарамі ў гонцы выглядаюць стваральнікі ўтопіі на Блізкім Усходзе — прасачыць за іх поспехамі, напэўна, можна будзе ўжо найбліжэйшым часам.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.