Вы тут

Магілёўская епархія арганізавала віртуальнае падарожжа па святых месцах Расіі


Здзейсніць гэта падарожжа можна, завітаўшы ў Спаса-Праабражэнскі сабор па вуліцы Габраўскай у Магілёве. Менавіта тут знаходзіцца выстава карцін праекта «Руская Атлантыда». Першымі яе гледачамі сталі наведвальнікі нядзельнай школы. Экспазіцыя размясцілася як раз перад кабінетам, дзе адбываюцца заняткі, у крыпце храма. Культавыя старажытныя будынкі надаюць маляўнічым пейзажам нейкую таямнічасць. Гледзячы на іх, адчуваеш трапятанне ў душы і ўзнёсласць. Арганізатары выставы лічаць такі настрой лекавым для чалавека. Глядач наўпрост кантактуе з Тварцом, які нябачна прысутнічае ў выявах.


Выстава прыехала ў Беларусь па ініцыятыве старшыні Саюза праваслаўных прадпрымальнікаў па Цвярской вобласці Аляксея Трацякова і кіраўнікоў агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Расійскі клуб праваслаўных мецэнатаў» у Беларусі Дзмітрыя Суцямава і Аляксандра Копелева.

— Пленэр «Руская Атлантыда» праводзіцца ў Расіі на працягу 10 гадоў, — расказвае прадстаўнік агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Расійскі клуб Праваслаўных мецэнатаў» Вячаслаў Максіменка. — Мэта — паказаць прыгажосць культавых будынкаў, храмаў, цэркваў, манастыроў, запаведныя мястэчкі расійскай глыбінкі. Аўтарам праекта з'яўляецца заслужаны работнік культуры РФ Віталь Васільеў. У пленэрах прымалі ўдзел мастакі Расіі, Славеніі, Беларусі. За 10 гадоў яго існавання арганізатары правялі болей чым 1000 творчых дзён у розных гарадах і правінцыях. І выстава — гэта своеасаблівая справаздача іх плённай работы.

На выставе прадстаўлена каля 50 маляўнічых палоцен 35 мастакоў. Яна экспанавалася ў розных гарадах Расіі, была ў Індыі, зараз падарожнічае па Беларусі. Назва праекта пайшла ад карціны, на якой намаляваная званіца пасярод вадаёма. Гэта помнік гісторыі і архітэктуры на штучным востраве Угліцкага вадасховішча каля горада Калязіна, напамін пра затоплены Мікалаеўскі сабор. Сёння затопленая званіца з’яўляецца для Калязіна галоўным сімвалам, а для праваслаўя ў цэлым — сімвалам непахіснасці і веры. У савецкі час знікла шмат храмаў і сабораў, але яны ўсё роўна засталіся існаваць у часе. З Калязінскай званіцы, па сутнасці, праект і пачынаўся. Мастакі дапамаглі сабраць грошы на рэстаўрацыю гэтага помніка архітэктуры. З тых пор супрацоўніцтва культурнай суполкі з царквой не перарываецца. Традыцыя ствараць карціны не ў сценах майстэрні, а там, дзе знаходзіліся праваслаўныя святыні, працягваецца. І ў яе становіцца ўсё больш паслядоўнікаў і прыхільнікаў.

Магілёўскі мастак Ігар Адамовіч, член Беларускага Саюза мастакоў, Міжнароднай Федэрацыі мастакоў ЮНЕСКА пры Саюзе мастакоў, творчага Саюза мастакоў Расіі ацэньвае выставу з пункту гледжання прафесіянала. Архітэктура гэта менавіта той жанр, які яго асабліва цікавіць.

— Цудоўныя адчуванні — што ні работа, то характар чалавека, — адзначае ён.— Ёсць вельмі нечаканыя рашэнні. Культавыя будынкі лепей захоўваюцца ў часе і яны больш знакавыя. Па іх можна ацаніць мастацкі стыль архітэктуры — ад барока да класіцызму. Па жывапіснасці тут поўная феерыя колеру, эмоцый. І памяшканне быццам бы для выставы створана.

— Трэба больш актыўна ўключаць беларускіх аўтараў у гэтую работу, — перакананы мастак Аляксандр Росінаў. — І каб выстава праехала не толькі па ўсіх гарадах Расіі, але і па ўсіх славянскіх краінах, бо гэта – славянская душа ў фарбах.

Клірык Спаса-Праабражэнскага кафедральнага сабора Аляксей Навуменка лічыць, што такія праекты выхоўваюць ў гледачоў пачуццё прыгажосці і гармоніі.

— Наша задача — выратаваць душу чалавечаю, — кажа ён. — І вось такія выставы з гісторыяй вельмі гэтаму садзейнічаюць. Перад гэтым у нас была выстаўка «Гісторыя Магілёва. Праваслаўныя храмы», дзе на фотаздымках паказаны тыя будынкі, якія былі разбураныя. Гэта Праабражэнскі храм, Брацкі манастыр, Васкрасенская царква, Іосіфаўскі сабор. У нас вельмі багатая царкоўная гісторыя і мы павінны яе ведаць.

Атрымаць асалоду ад віртуальнага падарожжа па святых месцах Расіі, якое прапануе выстава, можна будзе ў Спаса-Праабражэнскім саборы да 25 чэрвеня.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.