Вы тут

Бусліная вернасць


У красавіку на нашу вясковую вуліцу нарэшце вярнуўся доўгачаканы бусел. Але чамусьці адзін, без сваёй бусліхі... «Відаць, не дажыла да вясны», — выказала сумную здагадку мая 88-гадовая суседка. Але, на шчасце, яна не спраўдзілася. Праз некалькі дзён мы ўсё ж пачулі з гнязда на слупе радасны парны клёкат...


Нашу зусім невялічкую вёсачку ўпрыгожваюць ажно дзве буслянкі. Адна месціцца побач з рэчкай на воданапорнай вежы, другая — калі мы толькі пераехалі жыць у Вусляндыю (або Вусу), знаходзілася на слупе каля паштовых скрыняў. Але дачніца, у якой птушкі «арандавалі» той слуп, відаць, была не надта задаволена такім суседствам. Пазамінулай восенню, калі «кватаранты» адляцелі ў вырай, яна папрасіла суседа разбурыць гняздо.

Ніколі не забудуся, як па вясне бусел вярнуўся дахаты і не знайшоў сваіх апартаментаў... Доўга кружыў над родным слупам, а потым, відаць, скеміў, што яму там больш не рады. І пачаў ладзіць новую «хатку» ў іншым канцы вёскі. Аблюбаваў слуп нашых суседзяў (яны якраз прадавалі дом), чаму мы былі вельмі рады, бо ўбачылі ў гэтым добры знак. А яшчэ таму, што цяпер у нас па «тэлевізары» (так мы называем сваё вялікае акно на кухні) можна глядзець не толькі сезонны серыял «Дачнікі», але і жыццё буслоў: іх шлюбныя гульні, якія пачынаюцца адразу ж пасля прылёту, як птушкі носяць галінкі і салому ў гняздо, каб падправіць жытло. Я ўжо не ўяўляю дня без бусліных канцэртаў: можна бясконца глядзець і слухаць, як грацыёзна птушкі закідваюць назад галовы — ажно да спіны — і меладычна трашчаць дзюбамі. Мой улюбёны час, калі з гнязда высоўваюцца цікаўныя галоўкі буслянят. Цікава назіраць, як яны адкрываюць дзюбкі, каб прыняць чарговага чарвячка ці змяю ад бацькоў-карміцеляў. З нецярпеннем чакаю, калі малыя пачнуць вучыцца лётаць.

Канешне, з акна ды і нават з участка далёка не ўсё можна разгледзець у дэталях, але я не засмучаюся. А, па парадзе свекрыві, праглядаю YouTube-канал «Гняздо буслоў», дзе анлайн можна назіраць за жыццём гэтых птушак зблізку. А ўсё дзякуючы птушкалюбам з Калугі, якія на бярозе побач з вялізнай буслянкай устанавілі прафесійную камеру і на працягу некалькіх гадоў вядуць адтуль прамую трансляцыю. Мы з задавальненнем глядзім гэтае відэа ўсёй сям'ёй. Менавіта адтуль я даведалася, што бусліная вернасць мала чым адрозніваецца ад лебядзінай. Аказваецца, белыя буслы ствараюць пару раз і назаўсёды, бо па прыродзе сваёй гэтыя птушкі манагамныя.

А не так даўно расчулілася, паглядзеўшы відэа пра сапраўдную птушыную любоў. І пра пенсіянера з Харватыі, які на працягу многіх гадоў дапамагаў гэтаму пачуццю быць. У далёкія дзевяностыя мужчына, як звычайна, выйшаў на прагулку перад сном і знайшоў на беразе ракі птушку з параненым крылом. Не раздумваючы, забраў яе з сабой, назваў Маленай (з харвацкага перакладаецца як «маленькая») і стаў выходжваць. Штодзень спецыяльна для бусліхі Сцяпан адпраўляўся на рыбалку. А калі ўбачыў, што Малена сумуе, пабудаваў ёй гняздо прама на даху свайго дома. Праз некалькі гадоў у буслянку нарэшце прыляцеў «жаніх». Птушкі радасна клекаталі і танцавалі ў гняздзе. Неўзабаве ў іх з'явіліся першыя птушаняты. Сцяпан радаваўся за наваспечаную сям'ю і дапамагаў чым мог. Але птушынае шчасце было нядоўгім: пачыналіся халады, і бусел Клепетан павінен быў на зіму ляцець у Афрыку. Малена ж ніяк не магла адправіцца з ім, бо крылы бусліхі пасля ранення не вытрымалі б працяглага пералёту. У выніку тата з дзецьмі ўсё ж адправіўся ў вырай, а Малену на зіму прытуліў у сябе дома Сцяпан. У сакавіку ж мужчына вярнуў бусліху ў гняздо. Якое было здзіўленне, калі ранняй вясной Клепетан, пераадолеўшы тысячы кіламетраў, вярнуўся да сваёй параненай сяброўкі. І рабіў гэта цэлых 17 гадоў (за гэты час у пары з'явілася 66 птушанят. У прыродзе звычайна выжывае палова патомства, а ў Малены з Клепетанам — усё, бо пракарміць дзетак буслам дапамагаў добры чалавек), ажно пакуль не памёр ад старасці.

Калі ўбачыла ў інтэрнэце гэтую кранальную гісторыю, адразу ж захацела ёй падзяліцца. Дарэчы, многія ў каментарыях пішуць, што вернасць Клепетана і Малены — цудоўны прыклад для нас, людзей, якія, ледзь што пайшло не так (я не кажу ўжо пра нейкае сур'ёзнае выпрабаванне), часта адразу гатовыя паставіць крыж на сямейных адносінах...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.