Вы тут

Што трэба ведаць, каб адпачынак каля вадаёма не скончыўся трагедыяй?


Лета толькі пачалося, а ратавальнікі ўжо фіксуюць першых ахвяр вады. Колькасць патанулых павялічваецца. Толькі за першыя дзесяць дзён чэрвеня — восем трагічных выпадкаў...


З надыходам лета вадаёмы заўсёды знаходзяцца ў эпіцэнтры ўвагі ратавальнікаў. Вядома, пракантраляваць усе месцы адпачынку немагчыма. А вось за лічаныя хвіліны прыбыць на месца здарэння для супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыяй — звычайная справа. Праўда,  няўпэўненым у сваіх сілах купальшчыкам і аматарам спіртных напояў (менавіта гэтыя катэгорыі людзей часцей за ўсё становяцца ахвярамі вады) спадзявацца на ратавальнікаў не варта. Як правіла, трагедыя здараецца тады, калі яе зусім не чакаеш. Вада забірае жыццё вельмі хутка.

Беражыце дзяцей!

За летні перыяд мінулага года ў вадаёмах краіны патанулі 212 чалавек. 18 з іх — дзеці. Усяго ахвярамі вады ў 2022 годзе сталі 390 грамадзян, у тым ліку 26 непаўналетніх.

У тым, што на вадаёмах гінуць дзеці, вінаватыя выключна дарослыя, якія адпусцілі іх да возера ці ракі адных, не дагледзелі, не пракантралявалі малых, часам — займаліся сваімі справамі. Бывае, што і бацькі побач, але нешта ўпусцілі з віду, не прадугледзелі — і страцілі дзіця. Летась, напрыклад, адна з трагедый адбылася ў Пухавіцкім раёне. Бацькі разам са сваім шасцігадовым сынам адпачывалі каля ракі Пціч. Хлопчык купаўся з вадалазнай трубкай. Неўзабаве ён знік з поля зроку бацькоў, якія знаходзіліся на беразе. Вадалазы, якія аператыўна прыбылі на месца здарэння, знайшлі цела дзіцяці на адлегласці шасці метраў ад берага. Як высветлілася, непаўналетні за некалькі хвілін да трагедыі знаходзіўся ў ратавальнай камізэльцы, якую пасля зняў.

Трагічны выпадак здарыўся ў мінулым годзе і ў Жыткавіцкім раёне. Маці разам са сваімі трыма дзецьмі адпачывала каля ракі Прыпяць. Вядома, дзеці купаліся. Калі жанчына адлучылася ў палатку, каб пакласці спаць малодшага сына, адна з дачок знікла з поля зроку. Пасля самастойных пошукаў дзіцяці ўздоўж берага жанчына выклікала на дапамогу ратавальнікаў. Увечары вадалазы выцягнулі з вады цела васьмігадовай дзяўчынкі...

Яшчэ адзін трагічны выпадак з удзелам дзіцяці адбыўся мінулым летам у аграгарадку Калодзішчы Мінскага раёна. Як высветлілі потым ратавальнікі, падлетак 2006 года нараджэння з двума братамі і сябрам адпачываў на беразе, затым вырашыў пакупацца. Раптоўна ён нырнуў у ваду і потым не з'явіўся на паверхні. Відавочцы спрабавалі знайсці хлопца, пасля чаго патэлефанавалі ў МНС. Без прыкмет жыцця падлетак быў знойдзены на адлегласці 20 метраў ад берага...

— Бацькі павінны разумець, што колькі б дзіцяці не было гадоў — няважна, дашкольнік гэта або навучэнец, — яно не павінна знаходзіцца каля вады без нагляду дарослых, — заўважае афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген БАРАНОЎСКІ. — Менавіта бацькі павінны папярэдзіць дзяцей, якую небяспеку тоіць у сабе вада, паклапаціцца аб бяспечным знаходжанні сваіх нашчадкаў каля вадаёма. Для маленькага дзіцяці смяротнымі могуць стаць нават дэкаратыўныя сажалкі і ёмістасці з вадой. Таму з такімі дзецьмі знаходзіцца на вадаёме варта на адлегласці выцягнутай рукі!

Няўпэўненым і нецвярозым у ваду нельга!

Знайсці вінаватых у гібелі на вадзе дарослага чалавека наўрад ці атрымаецца. Паўналетнія самі нясуць адказнасць за ўласнае жыццё. Аднак, на жаль, не заўсёды той, хто заходзіць у ваду, разумее ўсю небяспеку, якую хавае ў сабе вадаём. Асабліва рызыкуюць нецвярозыя: менавіта людзі, якія ўжывалі алкагольныя напоі, часцей за ўсіх папаўняюць сумную статыстыку ахвяр вады. Іншыя плывуць на далёкія адлегласці, недаацэньваючы ўласныя сілы і асаблівасці вадаёма. Жаданне паказаць свае фізічныя здольнасці і грэбаванне элементарнымі мерамі бяспекі — тое, чаго таксама не даруе вада.

Многія трагедыі маглі б не адбыцца, калі б адпачывальнікі выконвалі элементарныя правілы паводзін на вадзе. Як звяртае ўвагу Яўген Бараноўскі, для купання неабходна выбіраць толькі спецыяльна адведзеныя для гэтага месцы. «Абавязкова ацэньвайце свае сілы: не плывіце на далёкую адлегласць, не нырайце ў ваду з вышыні, што асабліва небяспечна ў незнаёмых месцах, — дае парады афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. — Нецвярозы чалавек увогуле не павінен падыходзіць да вады».

Нярэдка трагедыяй заканчваецца і знаходжанне на вадзе ў надзіманых прадметах. Асабліва гэта небяспечна для тых, хто не ўмее плаваць. Надзіманыя камеры, матрацы вельмі лёгкія, таму нават слабага ветру і цячэння дастаткова, каб аднесці іх на вялікія адлегласці.

Ратавальнікі падкрэсліваюць, што не варта забываць пра бяспеку і тады, калі вы адпраўляецеся на прагулку на лодцы, катары, катамаране або гідрацыкле. Падобнае падарожжа абавязкова павінна ажыццяўляцца ў ратавальнай камізэльцы. Прычым нельга перавышаць устаноўленую колькасць людзей на борце, кіраваць плавальнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап'янення, сядзець на бартах, пераходзіць з месца на месца і перасаджвацца на іншыя катары, лодкі. Забараняецца выходзіць на ваду і на плаўсродках, не прыстасаваных для купання.

З вышыні відаць усё

З мэтай прадухілення гібелі людзей на вадаёмах, а таксама стабілізацыі аператыўнай абстаноўкі з пажарамі ў прыродных экасістэмах МНС праводзіць комплекс прафілактычных мерапрыемстваў па інфармаванні насельніцтва аб мерах бяспечных паводзін на вадаёмах і ў лясах. У гэтыя выхадныя авіяпатруляванне ажыццяўлялася трыма паветранымі суднамі. Для маніторынгу зон адпачынку і выяўлення несанкцыянаваных месцаў купання былі задзейнічаны і беспілотныя лятальныя апараты. З дапамогай гучнагаварыцеляў грамадзянам нагадалі асноўныя правілы паводзін на вадаёмах, папярэдзілі аб недапушчальнасці знаходжання ў вадзе ў стане алкагольнага ап'янення, а таксама заклікалі бацькоў ажыццяўляць пастаянны кантроль знаходжання дзяцей у вадзе.

Ратавальнікі нагадваюць быць пільнымі і вельмі асцярожнымі падчас адпачынку на вадаёмах. Не пакідайце дзяцей без нагляду! А ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый набірайце 112.


Каб пазбегнуць трагедыі на вадзе, прытрымлівайцеся простых правілаў:

— купайцеся толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, на абсталяваных пляжах,
дзе ў выпадку няшчаснага выпадку можна разлічваць на дапамогу ратавальнікаў;

— не заходзьце ў ваду ў стане алкагольнага ап'янення;

— не заплывайце за буйкі і іншыя агароджы, устаноўленыя ў месцах для купання;

— не купайцеся ў адзіночку, асабліва калі вы не ўпэўнены ў сваіх сілах;

— не дапускайце свавольства на вадзе і не палохайце іншых;

— не падавайце лжывых сігналаў бедства;

— не купайцеся ў вячэрні і начны час;

— не падплывайце блізка да суднаў, катараў, лодак, плытоў, не нырайце пад іх;

— не пакідайце дзяцей без нагляду.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.