Вы тут

Як ДАІ Гомельшчыны выяўляе веласіпедыстаў-парушальнікаў


У Гомельскай вобласці супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі працягваюць рэйдавыя мерапрыемствы, падчас якіх адсочваюць выкананне правілаў дарожнага руху веласіпедыстамі. Узмоцнены маніторынг ажыццяўляецца ў перадвыхадныя і выхадныя дні. 


Супрацоўнікі ДАІ падчас рэйдаў на тэрыторыі абласнога цэнтра выкарыстоўваюць галосны і негалосны кантроль, камеры вонкавага відэаназірання, з дапамогай якіх фіксуецца перамяшчэнне веласіпедыстаў. Супрацоўнікі дзяжурнай часці па камерах выяўляюць веласіпедыстаў-парушальнікаў і перадаюць інфармацыю найбліжэйшаму нараду ДАІ. Патрульныя ў далейшым праводзяць з веласіпедыстамі прафілактычную работу.

— За 5 месяцаў бягучага года на тэрыторыі Гомельскай вобласці адбылося 15 ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў, у якіх 3 чалавекі загінулі і 12 — атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Варта адзначыць, што ў шасці выпадках ДТЗ адбыліся з удзелам непаўналетніх веласіпедыстаў, — падкрэсліў першы намеснік начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Анатоль Васільеў. — Да ведама, за аналагічны перыяд мінулага года на тэрыторыі вобласці было зарэгістравана 7 ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў, у якіх 2 чалавекі загінулі і 5 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Калі летась адбылося 3 ДТЗ з удзелам непаўналетніх за ўвесь год, то ў бягучым 6 аналагічных здарэнняў зарэгістравана толькі за май месяц.

Па словах першага намесніка начальніка УУС аблвыканкама, як паказвае практыка, самыя распаўсюджаныя прычыны такіх здарэнняў, апроч банальнай няўважлівасці, — парушэнні правілаў праезду пешаходных пераходаў. Многія веласіпедысты «вылятаюць» на праезную частку, ствараючы тым самым небяспеку не толькі для сябе, але і для вадзіцеляў і пешаходаў. Адсюль і павелічэнне колькасці ДТЗ!

Задача рэйдавых мерапрыемстваў, падчас якіх адсочваюцца паводзіны на дарозе веласіпедыстаў, — звярнуць увагу гэтай катэгорыі ўдзельнікаў дарожнага руху на абавязковае выканне правілаў. 

Згодна са змяненнямі ў ПДР, якія ўступілі ў сілу ў кастрычніку мінулага года, нагадваюць вартавыя дарог Гомельшчыны, веласіпедыстам пры перасячэнне дарогі па пешаходным пераходзе дазваляецца не спешвацца. 

— Але далёка не ўсе ўлічваюць адзін немалаважны факт: згодна з пунктам 151 Правілаў дарожнага руху, пры пад’ездзе да пешаходнага пераходу веласіпедысту неабходна загадзя знізіць хуткасць руху і, пераканаўшыся, што выезд на праезную частку бяспечны, перасякаць яе з хуткасцю ідучага крокам пешахода, — звярнуў увагу Анатоль Васільеў. — Згодна з пунктам 150 Правілаў дарожнага руху, веласіпедыст абавязаны перасякаць праезную частку дарогі па веласіпедным пераездзе або веласіпеднай дарожцы, а пры іх адсутнасці — па пешаходным пераходзе, на перакрыжаванні, не ствараючы перашкод для руху пешаходаў. За парушэнне дадзеных патрабаванняў Правілаў дарожнага руху прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры ад 1 да 3 базавых велічынь. Калі ж веласіпедыст-парушальнік знаходзіцца пры гэтым у стане ап’янення, памер штрафу складзе ад 3 да 5 базавых велічынь.

Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі Гомельскай вобласці заклікаюць дарослых, бацькоў паказваць правільны прыклад паводзін на дарозе дзецям і падлеткам. 

— Асаблівая ўвага падчас прафілактычных мерапрыемстваў — удзелу ў дарожным руху непаўналетніх. У якасці пешаходаў, веласіпедыстаў і тых, хто рухаецца на сродках персанальнай мабільнасці, — звярнула ўвагу інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Дар’я Ткачова.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.