Вы тут

Касцюмная карціна з надзвычай складаным мастацкім рашэннем


Днямі ў беларускі і расійскі пракат выйшаў прыгодніцкі дэтэктыў рэжысёра Карэна Шахназарава — «Хітроўка. Знак чатырох». За тыдзень да гэтага шматгадовы генеральны дырэктар кінаканцэрна «Масфільм» і масціты пастаноўшчык, які назаўсёды ўпісаў сваё імя ў гісторыю кінематографа такімі глядацкімі хітамі, як «Мы з джаза» (1983), «Зімовы вечар у Гаграх» (1985), «Кур’ер» (1986), «Горад Зеро» (1988), а ў XXI стагоддзі нагадаў пра сябе фільмамі «Палата № 6» (2009), «Белы тыгр» (2012) і «Ганна Карэніна. Гісторыя Вронскага» (2017), прадставіў новую работу эксклюзіўна ў нашай краіне — спачатку ў Брэсце ў кінатэатры «Беларусь», а затым — у сталічным ілюзіёне «Масква».


Стужка стала для знакамітага пастаноўшчыка першай рэжысёрскай работай за шэсць гадоў, цягам якіх ён актыўна займаўся іншым сваім дзецішчам — кінастудыяй «Масфільм». Вось ужо чвэрць стагоддзя Карэн Георгіевіч загадвае фабрыкай мрой, і менавіта ў апошнія гады прадпрыемства дамаглося найбольшых поспехаў на ніве тэхналагічнага і камерцыйнага прагрэсу, аб чым, у прыватнасці, сведчыць кароткі прэзентацыйны ролік для прадзюсараў, паказаны перад прэм’ерай у Мінску. Уласна, найлепшай ілюстрацыяй вытворчай моцы амаль стагадовага кінаканцэрна стала зробленая тут касцюмная карціна «Хітроўка. Знак чатырох» з надзвычай складаным мастацкім рашэннем.

Сюжэт фільма абапіраецца на дэтэктыўныя аповесці Артура Конана Дойла і творы Уладзіміра Гіляроўскага, знакамітага рускага журналіста і пісьменніка, летапісца «маскоўскага дна», чые нарысы абяссмерцілі адзін з самых змрочных раёнаў Масквы рубяжа XIX—XX стагоддзяў — Хітроўку. Гісторыя апавядае пра сустрэчу апошняга з вялікім тэатральным рэжысёрам Канстанцінам Станіслаўскім, што і напраўду мела месца ў Маскве ў 1902 годзе. Узыходзячая зорка Станіслаўскі (Канстанцін Крукаў) не можа падабраць праўдзівыя інтанацыі для ролі Саціна ў пастаноўцы п’есы Максіма Горкага «На дне». Па натхненне ён задумаў спусціцца на самае дно, а дапамагчы яму ўзяўся не хто-небудзь — дзядзька Гіляй (Міхаіл Парэчанкаў), які гэтае дно ведае дасканала.

Карэн Шахназараў на прэзентацыі фільма. Фота БелТА.

«Я чамусьці ніколі не здымаў лёгкае захапляльнае кіно, але заўсёды вельмі хацеў, прычым заснаванае на творчасці Гіляроўскага. Гэта выключная, хаця, магчыма, і трохі падзабытая постаць у рускай літаратуры. У адным з нарысаў кнігі “Масква і масквічы” Гіляроўскі апісвае жыццё самага крымінальнага і змрочнага раёна Масквы свайго часу — Хітроўкі. Там збіраліся злодзеі, басякі, працавалі прафесійныя жабракі. І неяк незаўважна задума зняць кіно паводле Гіляроўскага супала з рашэннем аб’яднаць нарысы Уладзіміра Аляксеевіча з кнігамі Артура Конана Дойла і ідэямі Канстанціна Станіслаўскага. Так з’явілася “Хітроўка”… Гэта фільм, дзе шмат гумару і нарэшце, што для мяне асабліва важна, добры фінал. А то апошнім часам у маіх карцінах з хэпі-эндам нешта не ладзіцца. Упершыню я зрабіў карціну, фінал якой усяляе надзею», — адзначыў рэжысёр, выступаючы на прэм’ерным паказе ў сталічным кінатэатры.

Канстанцін Станіслаўскі (Канстанцін Крукаў) і Уладзімір Гіляроўскі (Міхаіл Парэчанкаў).

Нягледзячы на тое, што адпраўным пунктам для фільма сталі рэальныя падзеі мінулага, сцэнарый карціны з фактамі абыходзіцца вольна. Бяскрыўдныя вандроўкі двух інтэлігентаў па маскоўскіх трушчобах воляю аўтараў ператвараюцца ў дэтэктыўны баявік… Жадаючы пазнаёміць рэжысёра з галоўнымі хітроўскімі персанажамі, дзядзька Гіляй прыводзіць экскурсанта дамоў да свайго сябра — індыйца Раджы, з якім яны рэгулярна гуляюць у шахматы. Пранікнуўшы ў кватэру праз падазрона незамкнёныя дзверы, мужчыны знаходзяць гаспадара забітым на падлозе. Тут на сцэну выходзіць гарадавы Руднікаў (Яўгеній Стычкін) — адбітак конан-дойлаўскай спадчыны (выліты інспектар Лестрэйд з кніг пра Шэрлака Холмса), а за яго спінай адкрываецца ўвесь падпольны свет Хітроўкі: скупшчыкі, крымінальныя босы і г. д.

Разам з Карэнам Георгіевічам прадстаўляць стужку ў Мінск прыехалі рэжысёр трукавых сцэн Іван Шахназараў (сын пастаноўшчыка) і саўнд-прадзюсар фільма і генеральны дырэктар пад-раздзялення «Масфільм-майстар» Яўгеній Бейлін. «Аднойчы мы сабраліся і падумалі: а чаму, уласна кажучы, заўсёды трэба пачынаць паказы з Масквы? Пара з гэтым завязваць!.. А калі сур’ёзна, то для мяне сапраўды вялікае шчасце прадстаўляць сваю новую работу ў Беларусі. З гэтай краінай мяне многае звязвае, у тым ліку ўспаміны бацькі-франтавіка, які ўдзельнічаў у вызваленні Мінска», — заўважыў рэжысёр, выклікаўшы тым самым апладысменты ў поўнай зале. Гэтаксама авацыямі, стоячы, удзячныя гледачы праводзілі новую карціну пастаноўшчыка.

Каміла НАВІНКІНА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.