Вы тут

Ці не саступае кляновы сок па сваёй карысці бярозаваму?


«Нядаўна сваякі ў вёсцы пачаставалі кляновым сокам, які самі сабралі ў красавіку. Напой нам вельмі спадабаўся. Мяркуем, што па сваёй карысці ён не саступае бярозаваму соку. Ці так гэта?

Марыя і Сяргей Монічы»


Здагадка нашых чытачоў не пазбаўлена падстаў. Вось што расказала ўрач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алена Смірнова:
Амалоджвае і ўмацоўвае

— У склад кляновага соку ўваходзяць вада, цукроза, алігацукрыды, мінералы, арганічныя і тлустыя кіслоты, глюкоза, караціноіды, дэкстроза, вітаміны Е, РР, В, С, — адзначыла ўрач. — Гэты прыродны напой карысны пры авітамінозе, ён умацоўвае імунітэт, чысціць крывяносныя сасуды ад таксінаў, зніжае крывяны ціск, спрыяе памяншэнню вязкасці крыві і з’яўляецца прафілактычным сродкам супраць утварэння тромбаў у сасудах, запавольвае развіццё анкалагічных працэсаў і запаленняў. Акрамя гэтага, сок клёну аказвае мачагоннае і жаўцягоннае дзеянне, садзейнічае запаволенню старэння, паляпшэнню рэгенерацыі тканак, зніжэнню ўзроўню халестэрыну, нармалізацыі функцыянавання ЖКТ, паскарэнню абмену рэчываў, умацаванню касцей і нерваў.

Карысны, але не ўсім

Нягледзячы на вялікую колькасць станоўчых уласцівасцей, кляновы сок мае супрацьпаказанні, падкрэсліла Алена Смірнова:

— Сок утрымлівае цукар, таму людзям з цукровым дыябетам не рэкамендуецца ўжываць яго. Ён таксама можа выклікаць моцную алергічную рэакцыю. Гэты прыродны напой супрацьпаказаны дзецям да трох гадоў. Дзіця старэйшага ўзросту можа ўжываць яго ў аб’ёме не больш за 100 мл у дзень. Кляновы сок мае мачагоннае дзеянне, таму пры праблемах з мочавыдзяляльнай сістэмай ён рэкамендуецца ў невялікіх колькасцях.

Тэрмін захоўвання свежага соку не перавышае трох дзён. У замарожаным выглядзе напой можа захоўвацца да года. Самае распаўсюджанае выкарыстанне соку — перапрацоўка яго ў кляновы сіроп. Пры гэтым вада з драўніннай вадкасці выпарваецца, салодкі прадукт гусне і ператвараецца ў цягучую масу з характэрнымі смакавымі якасцямі.

Усе станоўчыя ўласцівасці прыроднага прадукту захаваюцца пры ўмове, што клён для збору соку выбраны ўдалечыні ад забруджаных месцаў, аўтамагістраляў і прамысловых прадпрыемстваў, адзначыла Алена Смірнова. Дрэва павінна мець дыяметр ствала не менш за 20 см і пышную крону. Збіраюць карысны напой вясной, а распусканне пупышак на клёне сведчыць аб заканчэнні сезона збору соку.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.