Вы тут

Ігнараваць камп'ютарны спорт сёння немагчыма — варта яго падтрымаць


Калі ў сучаснікаў Шэкспіра ўсё жыццё — тэатр, то ў нас — інтэрнэт. Узяць да прыкладу спорт. Турніры па баскетболе, лёгкай атлетыцы, гімнастыцы і іншых відах, якія праходзілі ў анлайн-рэжыме падчас пандэміі каранавіруса, увагай гледачоў абдзелены не былі, ды і вынікі спартсмены паказвалі нядрэнныя. Зразумела, што гэта была вымушаная мера. Але дзякуючы ёй традыцыйныя віды спорту даволі паспяхова сталі «кібер». А што перашкаджае кіберспорту стаць звыклым відам спорту? Так, нічога не перашкаджае. І кіберспорт — даўно ўжо паўнавартасная частка сусветнага спорту. Сёння ён афіцыйна прызнаны больш як у 60 краінах, у тым ліку і постсавецкіх. Што да Беларусі, то ў апошнія гады кіберспорт эфектна ўварваўся і ў яе спартыўнае жыццё.


Упэўніцца ў гэтым можна было на міжнародным форуме ТІБА-2023, які на мінулым тыдні прайшоў у Мінску. На вялікім і стыльным сумесным стэндзе Беларускай асацыяцыі камп'ютарнага спорту і кампаніі А1 прайшло больш за 40 кіберспартыўных турніраў па 17 дысцыплінах. Кожны наведвальнік мог адчуць атмасферу буйных кіберспартыўных падзей. Прафесіяналы разгледзелі асноўныя аспекты развіцця сусветнай гульнявой індустрыі, а дылетанты ўбачылі, што гэта ўвогуле. Галоўнае, што абыякавым гэты стэнд нікога не пакінуў.

Сімвалічна, што кіберспорт прыцягваў увагу шматлікіх наведвальнікаў ТІБА-2023 у дні, калі яго галоўнаму рухавіку Беларускай асацыцыі камп'ютарнага спорту, заснаванай па ініцыятыве кампаніі А1, спаўняецца тры гады. Здаецца, дата невялікая, але за гэты час было зроблена шмат. Падвялі вынікі і акрэслілі планы на будучыню ўжо на другім мерапрыемстве — мітапе (нефармальнай сустрэчы) Беларускай асацыяцыі камп'ютарнага спорту, якая сёння аб'ядноўвае 25 арганізацый з усёй краіны.

«Ствараючы тры гады таму асацыяцыю, мы нават і марыць не маглі аб тым, што сёння ў нас ёсць. Калі тры гады таму мы прасілі людзей да нас прыехаць, сёння людзі з усёй краіны прыязджаюць самі. Калі раней мы займаліся «лікбезам», тлумачылі элементарныя рэчы, то сёння абмяркоўваем перспектывы развіцця, праблематыку прызнання віду спорту і іншыя сапраўды фундаментальныя пытанні. Мы пачыналі як энтузіясты і за тры гады змаглі перавесці кіберспорт на бізнес-рэйкі: толькі за апошні год у краіне адкрылася больш камп'ютарных клубаў, чым за апошнія пяць гадоў. Праводзяцца турніры, людзі зацікаўлены ў тым, і каб проста іх паглядзець, і каб паўдзельнічаць. За тры гады мы прайшлі вялікі шлях», — адзначыў Антон Бладзік, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі камп'ютарнага спорту і намеснік генеральнага дырэктара па лічбавых платформах і кантэнце кампаніі А1.

Сёння асноўная задача айчыннага кіберспорту і адпаведна асацыяцыі — атрымаць афіцыйнае прызнанне як віду спорту. «Мы бачым неабходнасць дзяржаўнага падыходу і стратэгічнага развіцця кіберспорту ў нашай краіне. Сёння камп'ютарным спортам цікавяцца дзясяткі тысяч чалавек, сярод якіх моладзь, падлеткі, дарослыя. І калі мы не выбудуем сістэму, не прывядзем яе ў парадак і не паставім усё на правільныя рэйкі — пачнецца хаос. Наша задача — стварыць пляцоўку, на якой людзі змогуць аб'яднацца, і адразу закласці зразумелыя правілы гульні», — расказаў Антон Бладзік.

З 23 верасня да 8 кастрычніка ў кітайскім Ханчжоу будуць праходзіць летнія Азіяцкія гульні. У праграму, якая змяшчае 40 відаў, уключаны і кіберспорт. Самае прыемнае, што да ўдзелу запрошаны беларускія і расійскія кіберспартсмены. Таму прызнанне кіберспорту сёння становіцца нацыянальным інтарэсам. Ва ўмовах, калі беларускія спарстмены адхілены ад большасці міжнародных турніраў, нельга не скарыстацца шанцам прадставіць сваю каманду на буйным форуме ды яшчэ і пад нацыянальным сцягам.

Ігнараваць камп'ютарны спорт сёння становіцца ўсё складаней. Па словах Антона Бладзіка, работа па прызнанні кіберспорту вядзецца. У Беларускай асацыяцыі камп'ютарнага спорту наладжаны дыялог з Нацыянальным алімпійскім камітэтам, Міністэрствам спорту і турызму, Міністэрствам адукацыі, Беларускім дзяржаўным універсітэтам фізічнай культуры і іншымі ведамствамі і ўстановамі. Іх прадстаўнікі прынялі актыўны ўдзел у мітапе БАКС.

«Вельмі рады бачыць, што шмат прадстаўнікоў кіберспорту сабраліся ў адным месцы. Гэта вельмі прыемна, што арганізацыі не канкурыруюць, а дапамагаюць і падтрымліваюць адна адну. Разам у вас усё атрымаецца. Вышэйшая школа трэнераў шчыльна працуе з Беларускай асацыяцый камп'ютарнага спорту. Мы праводзілі сумесныя семінары для трэнераў і суддзяў. Пакуль атрымліваецца добра, зразумела, што не без памылак, але мы працуем. Напэўна, кіберспорт далёкі ад традыцыйнага разумення спорту, але, тым не менш, гэта спорт. Многія краіны яго развіваюць, праводзяць турніры, прыцягваюць увагу людзей. Таму мы не можам не падтрымліваць яго развіццё ў Беларусі», — адзначыў Аляксандр Краевіч, дырэктар цэнтра «Вышэйшая школа трэнераў».

Камень спатыкнення на шляху да прызнання кіберспорту сёння — заканадаўчыя нормы, якія не прадугледжваюць кіберспорт як від спорту. Уносіць змены ў дзейнае заканадаўства цяжка, але магчыма, асабліва для вялікіх мэт. «У нас ёсць партнёры, ёсць спонсары. Наша перавага ў тым, што мы не ідзём прасіць нешта, у нас усё ёсць. Нам трэба толькі дапамагчы. На шчасце, мы бачым, што ў дзяржавы ёсць цікавасць у тым, каб камп'ютарны спорт развіваўся і каб нацыянальныя каманды выступалі на міжнародным узроўні», — адзначае Антон Бладзік. Да прызнання асацыяцыя камп'ютарнага спорту падрыхтавалася сапраўды грунтоўна: распрацавана профільная праграма развіцця камп'ютарнага спорту ў Беларусі, разлічаная да 2025 года; падрыхтавана больш за 20 розных нарматыўна-прававых актаў, пачынаючы ад антыдопінгавай праграмы і заканчваючы праграмай падрыхтоўкі трэнераў, суддзяў, каментатараў.

Прызнанне кіберспорту дапаможа разбурыць галоўны стэрэатып вакол яго і пакажа, што гэта не проста «стралялкі на камп'ютары», а сфера, якая падтрымліваецца дзяржавай і дзейнічае па законах. А значыць, накіравана на стварэнне і можа даць пазітыўны эфект.

Кіберспорт сёння ахапіў усю краіну, у прамым сэнсе гэтага слова. Ва ўсіх рэгіёнах праводзяцца чэмпіянаты, адкрываюцца новыя клубы, з'яўляюцца адукацыйныя праекты. Для камп'ютарнага спорту не існуе межаў і ўмоўнасцяў. Магчыма, таму з кожным годам ён прыцягвае ўсё больш прыхільнікаў. Адмаўляць гэта — значыць адмаўляць рэчаіснасць. А прызнаць і падтрымаць — значыць яшчэ раз пацвердзіць статус Беларусі як ІТ-краіны, актыўнай і адкрытай да сучасных стваральных ініцыятыў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.