Вы тут

Каманда БНТУ перамагла ў турніры Universus


Турнір па кіберспорце сярод вышэйшых навучальных устаноў прайшоў у Беларусі. Каманды, у склад якіх увайшлі студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ВНУ з усёй краіны, у некалькі этапаў высвятлялі, хто лепей гуляе ў Dota-2. Арганізатарамі турніру выступілі Беларуская асацыяцыя камп’ютарнага спорту, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кампанія А1 і Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту.


У адборачным этапе анлайн-турніру, які праходзіў з 22 па 28 мая, прынялі ўдзел 34 каманды з 20 устаноў вышэйшай адукацыі краіны. Самымі актыўнымі сталі тэхнічныя ВНУ. Лідарства адразу захапілі прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, яго гонар адстойвалі дзевяць каманд. Не супраць пагуляць у Dota 2 і будучыя медыкі: у турніры ўдзельнічалі каманды з Гродзенскага, Гомельскага, Віцебскага медуніверсітэтаў.

Адборачныя баі праводзіліся па сістэме best-of-3: каб выйсці ў наступную стадыю, гульцам трэба было атрымаць дзве перамогі над сапернікам. Па выніках кваліфікацыі ў фінал прайшлі 16 лепшых каманд, якія прадстаўлялі 14 універсітэтаў. У гранд-фінале сустрэліся каманда Madagascar з БДУ і каманда Cardigans Gaming з БНТУ. З лікам 2:0 перамогу атрымалі прадстаўнікі БНТУ: на баку гульцоў аказаліся больш зладжаная тактыка, хуткая рэакцыя і крыху ўдачы. Іх сапернікі ўпэўнена рухаліся да фіналу праз усю турнірную сетку, але ў выніку сталі другімі. Трэцяе месца заняла каманда «4+1» з ПДУ.

Спаборніцтвы праходзілі ў LAN-фармаце, а пляцоўкай для правядзення турніру Universus стала кіберспартыўная арэна «Павага Арэна».

«LAN-фармат зручны тым, што, па-першае, ставіць усіх удзельнікаў у максімальна роўныя ўмовы: яны гуляюць на аднолькавай тэхніцы, з аднолькава высокай хуткасцю злучэння і нават у адным і тым жа памяшканні. А па-другое — і гэта, мабыць, галоўнае — тут ёсць непаўторная атмасфера вялікага кіберспартыўнага івэнту: рызыка, барацьба «твар у твар», падтрымка балельшчыкаў. У гэтых адносінах ні адзін анлайн-турнір не параўнаецца з афлайнавымі мерапрыемствамі. І менавіта такія падзеі дапамагаюць нам дасягаць галоўнай мэты асацыяцыі: папулярызацыі кіберспартыўнага напрамку. Мы імкнемся змяніць стаўленне да геймінгу як да не вельмі сур’ёзнага захаплення і паказаць, што спаборніцтвы па кібердысцыплінах — гэта сапраўдны спорт, — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па лічбавых платформах і кантэнце кампаніі А1, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі камп’ютарнага спорту Антон Бладзік.

Для гледачоў арганізатары падрыхтавалі тэматычныя квізы і розыгрышы, сумна не было нікому. Для тых аматараў, якія падтрымлівалі свае каманды на адлегласці, была арганізавана анлайн-трансляцыя турніру.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».