Вы тут

ЮНІСЭФ зладзіў трэнінг для спецыялістаў па рабоце з бежанцамі і мігрантамі


Прынцыпы сяброўскай камунікацыі патлумачыла супрацоўнікам аддзелаў па грамадзянству і міграцыі МУС Беларусі і прадстаўнікам Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, якія аднымі з першых сустракаюць мігрантаў і бежанцаў на тэрыторыі Беларусі, старэйшы спецыяліст па абароне дзяцінства Рэгіянальнага офіса ЮНІСЭФ па краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі Гузаль Камалава.


Спікер расказала пра асаблівасці наладжвання стасункаў з такімі асобамі, патлумачыла, як вывесці іх на дыялог і забяспечыць бяспеку адпаведна з нормамі міжнароднага права, куды перанакіраваць за неабходнымі паслугамі і падтрымкай. Асаблівую ўвагу спецыяліст засяродзіла на тым, як вызначыць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія засталіся без суправаджэння бацькоў, перажылі траўму і стрэс, дзяцей з іншага сацыяльна-культурнага асяроддзя, малых з інваліднасцю і асаблівасцямі развіцця.

Першыя, хто прыходзіць на дапамогу дзецям у такіх сітуацыях, — органы пагранічнай службы ці ўнутраных спраў, таму іх супрацоўнікам неабходна мець пэўныя навыкі і веды, каб наладжваць кантакт і паспяхова камунікаваць з такімі асобамі, упэўнены Міхаіл Чуткоў, намеснік начальніка ўпраўлення Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі МУС:

— Беларусь — транзітная дзяржава, праз краіну праходзяць патокі нелегальных мігрантаў з краін Афрыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі, Бліжняга Усходу. Узнікаюць сітуацыі, калі сем’і аказваюцца разлучанымі з дзецьмі, або малы застаецца адзін без сваякоў і законных прадстаўнікоў. Таму нам вельмі важна на семінары атрымаць веды, якія існуюць алгарытмы выяўлення ўражлівых дзяцей, як правільна выбудаваць работу кантактавання з імі. 

Сітуацыя з бежанцамі і мігрантамі, якія перасякаюць мяжу Беларусі, актуалізавалася апошнія некалькі год, і зараз гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч людзей, значная частка з якіх — сем’і з дзецьмі. Здараецца, што малыя застаюцца без суправаджэння і папячыцельства дарослых, і для такіх непаўналетніх узрастае рызыка насілля і жорсткага абыходжання ды эксплуатацыі, падкрэсліла міжнародны эксперт.

Такая небяспека шматкрат павялічваецца, калі дзеці перасякаюць межы краін. Ва ўмовах надзвычайных сітуацый узрастае таксама рызыка стаць ахвярамі гандлю людзьмі, многія непаўналетнія знаходзяцца ў стрэсе і ім патрабуецца псіхалагічная дапамога.

Усе краіны, якія ратыфікавалі Канвенцыю аб правах дзіцяці, у тым ліку Беларусь, бяруць на сябе абавязкі ствараць умовы для абароны інтарэсаў кожнага дзіцяці, які знаходзіцца ў краіне. ЮНІСЭФ заклікае прытрымлівацца правоў дзяцей-мігрантаў і абараняць іх ад насілля, дыскрымінацыі і іншых рызык, — падкрэсліў Дзмітрый Шылін, старэйшы каардынатар па пытаннях абароны дзяцінства Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЭФ) у Беларусі.

Ён дадаў, што спецыялісты будуць і надалей супрацоўнічаць з кампетэнтнымі органамі краіны, каб дапамагаць у рэалізацыі правоў дзяцей, а трэнінг, які адбыўся, стаў першым з серыі адукацыйных мерапрыемстваў.

Парады для сяброўскай камунікацыі з дзецьмі-бежанцамі.

  1. Пахваліце дзіця за тое, што яно звярнулася па дапамогу. Гэта можа быць упершыню, калі малы з некім падзяліўся інфармацыяй. Варта сказаць «Ты правільна зрабіў, што сказаў мне. Дзякуй, што падзяліўся гэтай інфармацыяй».
  2. Слухайце ўважліва, выкарыстоўвайце адкрытыя сцвярджэнні ці пытанні, накшталт «Раскажы мне, што здарылася».
  3. Децям трэба даць зразумець, што гэта не іх віна. «Мне шкада, што гэта з табой адбылося. Спадзяюся, ты ведаеш, што гэта не твая віна».
  4. Патлумачце, што вы будзеце рабіць далей. Скажыце дзіцяці: "Гэта датычыцца не толькі цябе і мяне. Нам трэба пагаварыць з кімсьці, хто зможа дапамагчы».

Чаго ні ў якім разе не трэба казаць дзецям.

  1. НЕ выказвайце свае ўласныя погляды і пачуцці адносна таго, што дзіця вам расказала, гаворачы: «Гэта жудасна! У гэта цяжка паверыць». Гэта можа адбіць жаданне малога падзяліцца сваёй гісторыяй.
  2. НЕ распытвайце дзіця, намагаючыся прымусіць яго расказаць вам усе падрабязнасці інцыдэнту, паўтараючы «Ты сапраўды не ведаеш, хто гэта быў?».
  3. НЕ падвяргайце сумневу гісторыю дзіцяці. Ахвяра можа нешта забыцца ці пераблытаць некаторыя дэталі, таму нельга ўказваць, напрыклад, што «Раней ты казаў, што гэта адбылося ў парку, а цяпер гаворыш іншае».
  4. НЕ давайце абяцанняў, акрамя тых, якія датычацца аказання дапамогі, і не кажыце нічога, накшталт «Гэта можа застацца паміж намі» або «Я ўпэўнены, што гэты чалавек сядзе ў турму пасля таго, што ён зрабіў з табой».

Ірына СІДАРОК

Фота прадастаўлена арганізатарамі трэнінга

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.