Вы тут

Задача ТІБА — паказаць магчымасці для раскрыцця патэнцыялу інавацый


За гады правядзення форум ТІБА стаў самай прадстаўнічай з'явай у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ) у Беларусі, якая садзейнічае лічбаваму развіццю і ўкараненню інавацыйных тэхналогій ва ўсе сферы жыццядзейнасці. У краіне ўжо звыш 11,7 мільёна сотавых абанентаў, а ў рэйтынгу паштовага развіцця Сусветнага паштовага саюза Беларусь займае 13 месца сярод 172 краін. Па леташніх выніках, у структуры ВУП удзельная вага галіны лічбавізацыі склала 6,6 %. Сёлета форум сабраў звыш 260 айчынных і замежных удзельнікаў выстаўкі, а падчас дзелавой праграмы цягам чатырох дзён тут пройдзе больш як 30 мерапрыемстваў.



Міжнародны форум тэхналогій ТІБА адкрыўся ў Мінску. Фотарэпартаж


Алічбаваць можна практычна ўсё

Штучны інтэлект — новы мозг у творчасці, упраўленні і камунікацыі. Робаты са штучным інтэлектам — «рукі» ў вытворчасці, а беспілотны транспарт — новыя «ногі» ў перавозках і лагістыцы, заўважыў, вітаючы гасцей форуму падчас яго афіцыйнага адкрыцця, прэм'ер-міністр краіны Раман Галоўчанка:

— Ужо амаль 30 гадоў ТІБА збірае на сваёй пляцоўцы людзей, чыя дзейнасць, а ў многім і жыццё, звязана з вялізнай сферай ІКТ, тых, хто развівае, арганізоўвае практычнае ўкараненне ці імкнецца эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці гэтых амаль бязмежных тэхналогій. Цяпер мы будуем якасна новую мадэль функцыянавання эканомікі, грамадства і дзяржавы. Маё выступленне магло б быць цалкам сгенерыравана з дапамогай нейрасеткі, і вы б гэтага нават не заўважылі.

Асноўнымі кірункамі работы праграмістаў 30 гадоў таму былі бухгалтарскія і навуковыя разлікі, а цяпер практычна любую сферу жыццядзейнасці можна алічбаваць і надзяліць зручнай для карыстальніка мабільнай праграмай. Контуры новага лічбавага свету значна бліжэйшыя, чым здаецца, і задача форуму ТІБА-2023 — даць комплекснае бачанне дасягненняў і магчымасцяў для максімальнага раскрыцця інавацыйнага патэнцыялу ІT-сферы ў інтарэсах грамадства і дзяржавы, а таксама партнёраў, найперш у межах Еўразійскага эканамічнага саюза, дадаў прэм'ер:

— Ва ўмовах складанай геапалітычнай сітуацыі вельмі важна забяспечваць тэхналагічную незалежнасць і лічбавы суверэнітэт.

Правядзенне ў межах ТІБА Еўразійскага лічбавага форуму, які збірае прадстаўнікоў прафесійнай суполкі краін — удзельніц ЕАЭС, стала неад'емнай і значнай часткай мерапрыемства, зазначыў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка:

— Развіццё лічбавай эканомікі вельмі важнае для фарміравання адзінай эканамічнай прасторы ЕАЭС і паглыблення супрацоўніцтва яго ўдзельнікаў. Неабходна актывізаваць работу па рэалізацыі агульных працэсаў у сферы лічбавізацыі. Ва ўмовах высокіх тэмпаў тэхналагічнага развіцця ІT-сферы лічбавы парадак дня патрабуе актуалізацыі, найперш інтэграванай інфармацыйнай сістэмы ЕАЭС, якая забяспечвае сумесную работу дзяржаўных інфармрэсурсаў і сістэм дзяржаў саюза. Тэндэнцыю па павелічэнні спектра лічбавых задач, якія вырашаюцца на базе ЕАЭС, трэба падтрымаць і прапанаваць перадавыя напрацоўкі калегам у межах СНД, ШАС і БРІКС.

Беларускі брэнд і міжнароднае супрацоўніцтва

Лічбавізацыя выводзіць эканоміку на якасна новы ўзровень і становіцца адной з умоў поспеху ў канкурэнтнай барацьбе на сусветных рынках. Узмацняецца ўплыў перадавых тэхналогій на жыццё людзей, асабліва ў будаўніцтве, адукацыі, галіне аховы здароўя, забеспячэнні ўсіх сфер нацыянальнай бяспекі, таму акцэнт выстаўкі на ўкараненні рашэнняў, якія павышаюць даступнасць тэхналогій разумнага горада, вельмі важны, упэўнены Аляксандр Вальфовіч, дзяржсакратар Савета бяспекі:

— Кіберзлачынцы прымяняюць найноўшыя дасягненні ў сферы інфармацыйных тэхналогій, у сувязі з чым як ніколі важным становіцца развіццё нацыянальнай сістэмы кібербяспекі.

Лічба існуе паўсюдна, і вынікі, якія ўжо дасягнуты ў лічбавізацыі ў краіне, дазваляюць ганарыцца імі, перакананы Канстанцін Шульган, міністр сувязі і інфарматызацыі, старшыня арганізацыйнага камітэта форуму ТІБА, які абвясціў мерапрыемста афіцыйна адкрытым і пажадаў прысутным плённай працы:

— ТІБА сапраўды стаў унікальным брэндавым беларускім мерапрыемствам, у якое ўваходзіць выставачная частка, дзе дэманструецца тое, што ўжо ўкаранілі ў жыццё і плануем укараняць. А на дзелавой частцы мы можам абмеркаваць тое, што ў нас у праектах і планах, пачуць меркаванне іншых спецыялістаў, што важна для прыняцця маштабных рашэнняў, ад якіх залежыць эфектыўнасць работы дзяржавы і галін эканомікі.

На шматлікіх стэндах выстаўкі цягам чатырох дзён можна «пакаштаваць» лічбавыя прадукты айчынных кампаній і ведамстваў; паблукаць па «адукацыйнай алеі», якую стварылі беларускія і расійскія ўстановы адукацыі; даведацца пра міжнароднае і сумеснае лічбавае супрацоўніцтва на экспазіцыях «РусатамБел», прадпрыемстваў Масквы, Санкт-Пецярбурга, Ніжагародскай і Курскай абласцей, Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і іншых.

Ірына СІДАРОК

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.