Вы тут

Штучны інтэлект, разумныя гарады, віртуальныя падарожжы…


XXІX міжнародны форум па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ТІБА-2023 адкрываецца 18 красавіка ў Мінску. Гэта найбуйнейшае ў Беларусі мерапрыемства ў сферы інфармацыйных тэхналогій, у якім сёлета ўдзельнічае звыш 260 айчынных і замежных вытворцаў тэлекамунікацыйнага абсталявання і апаратных сродкаў, вытворцаў і пастаўшчыкоў высокатэхналагічных прадуктаў і інтэлектуальных рашэнняў, кампаніі-аператары мабільнай сувязі і іншыя арганізацыі, для якіх лічбавізацыя — не проста работа, а шлях у будучыню. Чым будзе здзіўляць ТІБА-2023, якія навінкі можна пабачыць, якія — апрабаваць на сабе проста на выставе, якія — варта спампаваць на тэлефон, паглядзела карэспандэнт «Звязды».


Увайсці бясплатна, паўдзельнічаць ва «Уроках лічбы» і турнірах

Падчас дзелавой праграмы мерапрыемства на працягу чатырох дзён пройдуць 35 мерапрыемстваў, дзе будуць прадстаўляць дасягненні лічбавізацыі самых розных галін эканомікі і кірункі далейшага развіцця. Падчас Еўразійскага лічбавага форуму яго ўдзельнікі абмяркуюць лічбавую трансфармацыю на прасторы пяцёркі краін саюза: Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Арменіі. На секцыях ІІІ форуму «Лічбавая эканоміка» міністэрствы раскажуць пра лічбавыя дасягненні ў сваіх сферах. А падчас VІ беларускага інфармацыйна-камунікацыйнага саміту можна азнаёміцца з сучаснымі тэхналагічнымі трэндамі накшталт тэхналогій 5G і штучнага інтэлекту.

Каб удзельнічаць у рабоце секцый, неабходна зарэгістравацца на сайце ТІБА, а тыя, хто падпішацца на тэлеграм-канал tіbo, набываюць права на бясплатны ўваход на выставу.

Сёлета там прадстаўлена шмат цікавінак для моладзі, у прыватнасці, адкрыты клас з «Урокамі лічбы». Такіх заняткаў, расклад якіх можна паглядзець на сайце tіbo.by/cyfra/, будзе 18 па самых розных напрамках.

Падчас выставы на ютуб-канале tіbo будуць даступныя анлайн усе мерапрыемствы дзелавой праграмы. Сюды ж абяцаюць штодня аператыўна выкладваць інтэрв'ю з найбольш цікавымі персонамі і кампаніямі.

Таксама адбудуцца турніры па адукацыйнай робататэхніцы больш як па 20 дысцыплінах, свае турніры ў асобнай зоне ладзіць і Беларуская асацыяцыя камп'ютарнага спорту.

Падлічыць падаткі і прайсці дыспансерызацыю

Цэнтральнай экспазіцыяй выставы стане стэнд Міністэрства сувязі і інфарматызацыі сумесна з дзяржорганамі, прысвечаны тэматыцы «Гарады будучыні — разумныя гарады». Экспазіцыя візуальна ўзнаўляе гарадское асяроддзе і налічвае прыкладна 40 лакацый.

Белтэлекам сёлета выступае генеральным партнёрам ТІБА і прадстаўляе экспазіцыю пад дэвізам «Цяпер не толькі сувязь!». Кампанія прэзентуе перспектыўныя тэхналогіі і інавацыйныя рашэнні для гарадской прасторы: відэакантроль, відэааналітыка, кібербяспека, сетка электразарадных станцый Evіka, разумны прыпынак, праграмы «Мой горад» і «Мой універсітэт». Да праграмы «Мой горад» далучаецца ўсё больш населеных пунктаў і нават назіраецца пэўная канкурэнцыя, хто ўкарэніць яе хутчэй. Мабільная праграма дазваляе знаёміцца з прадпрыемствамі горада, запісвацца анлайн на атрыманне ў ім паслуг, атрымліваць даведачную інфармацыю і сачыць за навінамі горада.

Усе жадаючыя змогуць пазнаёміцца з электроннымі сэрвісамі, якія даступныя кожнаму беларусу і для атрымання якіх нават не трэба выходзіць з дому. Нацыянальны цэнтр электронных паслуг прадэманструе работу адзінага партала электронных паслуг і прэзентуе яго мабільную версію, дзякуючы якой можна трапіць у асабісты электронны кабінет асобы з дапамогай ІD-карткі і смартфона з NFC-модулем. Спецыялісты Цэнтра паказваюць, як заказаць электронную паслугу, напрыклад, прайсці дыспансерызацыю аднаго дня (запоўніць электронную анкету, каб атрымаць рэкамендацыі на абследаванне).

Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва прэзентуе сэрвіс, які дазваляе чалавеку сачыць за сваёй працоўнай дзейнасцю, — у новай праграме ёсць уся інфармацыя з папяровай працоўнай кніжкі з 1 студзеня бягучага года. З яе можна даведацца, якія ўзносы плаціць за чалавека работадавец, на якія сацыяльныя выплаты можа разлічваць работнік у пэўнай жыццёвай сітуацыі. А Міністэрства па падатках і зборах пазнаёміць з праграмай, што дазваляе асобе, у якой няма наймальніка і якая атрымлівае заробак, напрыклад, ад здачы жылля ў арэнду або грамадзянска-прававых дагавораў, падлічыць падатак на прафесійны даход. Поўны ўлік свайго прыбытку цяпер можна весці не на паперы, а ў праграме.

«Прымераць» лічбавага двайніка і «пакаштаваць» тэхнапрадукцыю

На форуме таксама прадстаўлены лічбавыя двайнікі для розных галін эканомікі. Напрыклад, у сферы сельскай гаспадаркі яны цікавыя тым, што дазваляюць менш рэсурсаў і атрымліваць больш вынікаў ад дзейнасці. У будаўніцтве з дапамогай лічбавых двайнікоў можна рабіць нагляд за праектам, сачыць за тым, як ён развіваецца, якія рэсурсы ўжываюць будаўнікі, практычна ў штодзённым рэжыме.

«Лабараторыю лічбавага руху», якую паказвае Мінспорту, можа апрабаваць на сабе. Наведвальнік надзявае датчыкі, а камеры, расстаўленыя па перыметры, параўноўваюць рухі чалавека з эталоннымі. Такім чынам можна даведацца, наколькі чалавек развіты для пэўных практыкаванняў у спорце. Прафесійныя спартсмены, дарэчы, выкарыстоўваюць такія гаджэты, каб карэкціраваць свае трэніроўкі.

Свае стэнды на выставе прадстаўляюць Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства прамысловасці, Мінадукацыі, Мінбудархітэктуры, Міністэрства культуры, Дзяржкаммаёмасць, Дзяржкарпарацыя «Расатам» і іншыя.

Эксперты Дзяржкарпарацыі «Расатам» расказваюць жадаючым пра лічбавую трансфармацыю ва ўмовах турбулентнасці і трэнды ІT-рынку. Расійскія спецыялісты дэманструюць і сваю прадукцыю: комплексную сістэму кіравання праектаваннем на базе платформы інфармацыйнай сістэмы Planner, інструмент матэматычнага мадэлявання ЛОГАС, тэхналагічную вытворчую платформу AtomMіnd, інтэграваную тэхналогію кіравання жыццёвым цыклам складаных інжынерных аб'ектаў Multі-D і шмат іншага. Кампанія не першы год працуе з Беларуссю, таму ў межах форуму чакаецца падпісанне некалькіх беларуска-расійскіх пагадненняў у сферы рэалізацыі сумесных праектаў.

«Прагуляцца» па Лукомльскай ДРЭС

Арганізацыі Мінэнерга прадстаўляюць на выставе больш за 40 інавацыйных праектаў у ІT-сферы, у тым ліку інавацыі ў сферы штучнага інтэлекту і рабатызацыі, тэхналогій віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання электрычнымі, цеплавымі і газавымі сеткамі.

Спецыялісты ведамства прэзентуюць праекты па ўкараненні на аб'ектах электрасеткавага комплексу краіны тэхналогій smart grіd (разумныя электрасеткі), магчымасці лічбавых падстанцый і лічбавыя платформы для збору, апрацоўкі і захоўвання даных.

Мінскэнерга, напрыклад, паказвае аўтаматызаваную сістэму дыспетчарскага кіравання прадпрыемства «Мінскія цеплавыя сеткі», а Магілёўэнерга знаёміць з электроннымі мадэлямі сістэм цеплазабеспячэння.

«Офіс лічбавізацыі» дэманструе аб'яднанне «Белпалівагаз». Наведвальнікі выставы ўбачаць, як з дапамогай штучнага інтэлекту абследуюцца газаправоды і ліквідуюцца аварыйныя сітуацыі.

А Віцебскэнерга выдасць наведвальнікам VR-акуляры і адправіць у віртуальнае падарожжа па Лукомльскай ДРЭС ці на палігон для навучання энергазабеспячальных арганізацый. Пры жаданні можна асвоіць асобныя тэхналагічныя працэсы па абслугоўванні энергаабсталявання ў складзе віртуальных брыгад.

Удзельнікі ТІБА абяцаюць усе чатыры дні ўражваць наведвальнікаў выставы на Мінск-арэне насычанай праграмай і мерапрыемствамі.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.