Як адзначыла намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Кацярына Нікіціна, летась Беларусь наведала 1,4 млн арганізаваных замежных турыстаў. А сёлета, як чакаюць спецыялісты, гасцей з-за мяжы стане больш. Што датычыцца ўнутранага турызму, то колькасць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў — грамадзян нашай краіны летась склала 1 мільён 330 тысяч чалавек, расказала спецыяліст.
— У нас ёсць вялікія надзеі на павелічэнне патоку турыстаў, паколькі было ратыфікавана пагадненне з Расійскай Федэрацыяй аб узаемным прызнанні віз. І мы спадзяёмся на сумесныя трансгранічныя маршруты, — падкрэсліла яна і дадала, што ў сувязі са здыманнем ковідных абмежаванняў таксама чакаецца павелічэнне турыстычнага патоку з Кітая.
Унутраны турызм таксама будзе развівацца, упэўнены ў дэпартаменце. Сярод найбольш запатрабаваных Кацярына Нікіціна назвала загарадныя комплексы, кемпінгі і аграэкасядзібы (у беларусаў у прыярытэце — адпачынак на прыродзе, гавораць спецыялісты турыстычнай сферы). Пры распрацоўцы турыстычных маршрутаў факусіруюцца на 11 малых гарадах у сувязі з правядзеннем у Беларусі ў 2023 годзе другіх гульняў краін СНД.
Цяпер ёсць попыт на новыя тэматычныя маршруты па рэгіёнах, куды раней турысты не даязджалі, падкрэсліла начальнік аддзела якасці і вучэбна-аналітычнай работы Нацыянальнага агентства па турызме Ганна Вашчынчук. Яна распавяла, што такія рэгіёны маюць самабытнасць і велізарны турыстычны патэнцыял. У 2022 годзе было атэставана 190 экскурсаводаў па розных маршрутах.
Для Гомельскага Палесся арганічны аграэкатурызм: аўтэнтычныя аграсядзібы пераносяць у мінулае, прэзентуюць побыт палешукоў і даюць непаўторны вопыт, адзначыў загадчык сектара турызму ўпраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Ігар Назарчук. І паколькі кожная з аграэкасядзіб непаўторная і мае сваю адметнасць (а ўсяго іх у рэгіёне 188), то хочацца наведаць усе.
Гомельшчыну, у прыватнасці, прадставяць з дапамогай аўтэнтычных абрадаў. Як расказаў спецыяліст, маляўнічыя дзеі з народнымі песнямі, пачастункам і рэканструкцыяй мясцовых старадаўніх касцюмаў збіраюць вялікую колькасць турыстаў і асабліва моладзі. Тым больш што цэлы шэраг палескіх абрадаў унесены ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Напрыклад, 25 мая ў аграгарадку Вялікі Бор (Хойніцкі раён) можна будзе ўбачыць абрад «Праводзіны русалкі», які прыйшоў з глыбіні стагоддзяў.
На Гомельшчыне актыўна развіваюцца як экалагічныя, культурныя, гістарычныя маршруты, так і ваенна-патрыятычныя. Летась завершана рэканструкцыя ваенна-патрыятычнага комплексу «Партызанская крынічка». Турысты ўбачаць бліндажы і зямлянкі — ад штабной да харчовай, змогуць пакаштаваць стравы палявой кухні і пастраляць з розных відаў зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны. А пры жаданні — прыняць удзел у квэсце па падзеях, якія адбываліся ў гэтых месцах 80 гадоў таму.
Актыўна развіваецца ў рэгіёне і рэлігійны турызм. У прыватнасці, у Добрушскім раёне распрацаваны маршрут «Ян Гашкевіч — святы зямлі беларускай» з наведваннем манастыра.
Некалі па Дняпры пралягаў старажытны шлях «з варагаў у грэкі». Гэты факт стаў адпраўным пунктам многіх турыстычных маршрутаў і экскурсій, а сёлета распрацавана воднае падарожжа.
— З'явіліся маршруты ад Шклова да Магілёва (трохдзённы тур з начлегамі), туры з заездам у Бялынічы, Александрыю, Шклоў, — паведаміла дырэктар ДКУП «Магілёўаблтурыст» Алена Карпенка. — Летась тэставыя маршруты карысталіся попытам, і ўжо на гэты момант ёсць запыты на іх.
Паколькі турыстам цікавы маршрут «Мсціслаў — беларускі Суздаль», сёлета адкрыты яшчэ два новыя — «Мсціслаўскае княства» і «Яўрэйская гісторыя Мсціслава». Сярод новых турыстычных аб'ектаў, у прыватнасці, — конезавод, заснаваны ў 1935 годзе (тут можна ўбачыць рускую цяжкавозную пароду коней). І, вядома, тысячы турыстаў збярэ «Рыцарскі фэст» (пройдзе ў жніўні).
Новы турыстычны напрамак, які атрымаў актыўнае развіццё ў рэгіёне, звязаны з Кацярынай ІІ. Зразумела, турыстычнай прывабнасці рэгіёну надае сядзіба роду Булгакаў — «Жыліцкі Версаль». Адкрыццё аб'екта запланавана на красавік 2024 года, але ўжо цяпер палац — цэнтр прыцягнення турыстаў з Беларусі і замежжа. Акрамя таго, распрацаваны цікавыя ваенна-патрыятычныя і гастранамічныя туры і маршруты.
У Віцебскай вобласці з 2021 года рэалізоўваецца праект «Васільковы край», накіраваны ў першую чаргу на зручнасць індывідуальнага турызму. Валошкі на вуліцах і гістарычных аб'ектах маркіруюць QR-коды, сканіруючы якія, можна азнаёміцца з інфармацыяй аб той ці іншай славутасці. У рамках праекта ў найбліжэйшай будучыні будзе створаны мабільны дадатак «Васільковы край — Lіfе» ў падтрымку турыстычнага брэнда вобласці, распавяла загадчыца сектара турызму і фізкультурна-аздараўленчай работы Віцебскага аблвыканкама Святлана Астаніна.
І, зразумела, Віцебшчына — край фестываляў.
— На тэрыторыі вобласці праходзіць вялікая колькасць фестывальных мерапрыемстваў, з іх 13 міжнародных, чатыры рэспубліканскія і каля 40 абласных, — сказала спецыяліст.
Фестывалі самыя розныя, і, вядома, найбольш значны з іх — «Славянскі базар». У яго рамках адбудзецца таксама каля 20 спадарожных культурных праектаў і турыстычных мерапрыемстваў.
Брэстчына, як і суседняя Гомельшчына, знакамітая сваімі аграэкасядзібамі, кожная з якіх тэматычная і мае ўласныя анімацыйныя праграмы. У Пінскім раёне цікавасцю ў турыстаў карыстаюцца аб'екты кластара «Белая Чапля», які аб'яднаў аграсядзібы рэгіёна «Прыпяцкае Палессе», расказала начальнік аддзела турызму ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Алена Космач. Тут традыцыйна праводзяцца фестывалі, арганізоўваюцца рамесныя і кулінарныя майстар-класы, дзейнічаюць пешыя, водныя і веласіпедныя маршруты — усяго звыш 300 (ад забаўляльных і гастранамічных да адукацыйных і пазнавальных). У гэтым годзе створана або абноўлена 18 турыстычных маршрутаў. Самыя папулярныя, зразумела, звязаны з наведваннем Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Цэнтры прыцягнення гасцей рэгіёна — сядзіба Нямцэвічаў у вёсцы Скокі і Косаўскі палацава-паркавы комплекс. Найбольш запатрабаваным і знакавым аб'ектам патрыятычнага турызму была і застаецца Брэсцкая крэпасць. Ваенна-гістарычныя рэканструкцыі абароны крэпасці традыцыйна збіраюць тысячы турыстаў з розных краін. Таксама сёлета Брэстчына запрашае на гістарычную рэканструкцыю «Адзін дзень з жыцця партызанскага атрада» ў цэнтры Партызанскай славы Хаваншчына (Івацэвіцкі раён).
Адна з «разыначак» будучага лета на Гродзеншчыне — маршрут па заказніку «Азёры». Ён прадугледжвае шмат цікавых актыўнасцяў. У прыватнасці, па заказніку турыстаў будуць катаць на мотадрызіне, распавяла намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева.
— З аб'ектаў, якія сёлета будзем прадстаўляць турыстам, адным з самых галоўных з'яўляецца палацава-паркавы комплекс у Свяцку (ён плануецца да адкрыцця ў маі). Гэта будзе і гасцінічны, і рэстаранны комплекс з броварам і санаторна-курортнымі SРА-паслугамі, — анансавала яна новы аб'ект.
У Гродзенскай вобласці працягнецца рэканструкцыя многіх унікальных гістарычных помнікаў, у тым ліку царквы Раства Багародзіцы «Мураванка» і Брыгіцкага манастыра. Працягваецца і рэканструкцыя Старога замка ў Гродне — пастаянна адкрываюцца новыя залы, распавяла спецыяліст.
Яшчэ адзін цэнтр прыцягнення турыстаў на Гродзеншчыну з прыходам цёплых дней — Аўгустоўскі канал. Напрыклад, 27 мая гасцей чакае свята народнай творчасці «Аўгустоўскі канал запрашае сяброў».
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці.
Карэспандэнты «Звязды» пабачылі, як праходзяць рэпетыцыі.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.