Вы тут

З адказнасцю перад грамадствам


Вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, рэалізацыя рашэнняў VІ Усебеларускага народнага сходу, а таксама дзяржаўных і рэгіянальных праграм — тры галоўныя кіты, на якіх была пабудавана работа мясцовых Саветаў дэпутатаў. Пра тое, як яна праводзілася, расказала падчас чарговай 44-й сесіі аблсавета Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў яго старшыня Ірына Раінчык.


Найбольш эфектыўнымі формамі работы з насельніцтвам, на яе думку, застаюцца асабістыя прыёмы грамадзян у выбарчых акругах, прамыя тэлефонныя лініі, дні дэпутата, дні Савета, сустрэчы па месцы жыхарства. Падчас такіх мерапрыемстваў усплываюць розныя праблемныя пытанні, якія хвалююць людзей.

У 2022 годзе дэпутатамі аблсавета праведзена больш за 600 прыёмаў грамадзян і прамых тэлефонных ліній, разгледжана каля дзвюх тысяч пытанняў. Непасрэдна ў абласны Савет жыхары звярталіся па пытаннях працаўладкавання, афармлення праваўстанаўлівальных дакументаў, налічэння жыллёва-камунальных плацяжоў, добраўпарадкавання населеных пунктаў, рамонту дарог, стану пітной вады, капітальнага рамонту жылфонду і іншых. У практыку прэзідыума аблсавета ўвайшоў разгляд зваротаў грамадзян з выездам на месца ў складзе рабочай групы з дэпутатамі мясцовых Саветаў і прадстаўнікамі выканаўчых органаў улады. Як паказваў вопыт, пытанні ў гэтым выпадку вырашаюцца аператыўна.

Станоўча зарэкамендавала сябе і практыка правядзення сумесных прыёмаў з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і членамі дэпутацкай групы грамадскай арганізацыі «Белая Русь».

Летась з падачы прэзідыума Магілёўскага аблсавета традыцыйнымі сталі сустрэчы прадстаўнікоў Маладзёжнага парламента са спецыялістамі па рабоце з моладдзю вядучых арганізацый вобласці і прадпрыемстваў. На форуме «Новы фармат» удзельнікі прэзентавалі найлепшыя маладзёжныя практыкі, абмяняліся досведам работы, вызначылі задачы на перспектыву.

Прааналізаваць, як у раёнах працуюць дзяржаўныя праграмы, дапамагаюць выязныя сесіі аблсавета, у якіх удзельнічаюць дэпутаты ўсіх узроўняў. Падчас іх народныя абраннікі знаёмяцца з сацыяльна-эканамічным патэнцыялам пэўнай мясцовасці, сустракаюцца з неабыякавымі, ініцыятыўнымі грамадзянамі.

Дэпутаты вобласці працягвалі ўзаемадзейнічаць з актыўнымі прадстаўнікамі насельніцтва, дапамагаць ім рэалізоўваць грамадзянскія ініцыятывы. Адбыўся абласны конкурс, у выніку якога сем ініцыятыў былі падтрыманы не толькі арганізатарамі, але і Банкам развіцця Беларусі. Агульная сума, якая была выдзелена на рэалізацыю народных праектаў, склала 100 тысяч рублёў.

У прыватнасці, каля крыніцы ў вёсцы Барысавічы Клімавіцкага раёна створана камфортная зона адпачынку, у раёне пасёлка Дачны Магілёўскага раёна з'явілася цікавая грамадская прастора. Больш функцыянальнай стала зона адпачынку мікрараёна «Цэнтральны» ў Чавусах. У Быхаве створаны спартыўны гарадок, у Бабруйску ў раёне жылога дома № 30 па Георгіеўскім праспекце матэрыялізавалася зручная і для дзяцей, і для дарослых гульнявая пляцоўка і зона адпачынку. Аграгарадок Фашчаўка ў Шклоўскім раёне атрымаў магчымасць пабудаваць дзіцячы гульнявы парк. А каля знакамітай Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадскім раёне з'явілася пешаходная сцяжынка і пандус для калясачнікаў. Каардынацыяй і фінансаваннем усіх гэтых праектаў займалася Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. А рэалізаваны праекты пры непасрэдным удзеле мясцовых грамадзян, якія якраз і праявілі ініцыятыву гэтыя праекты.

— І гэта толькі малая частка таго, што мы робім для ўстойлівага развіцця кожнага раёна вобласці, — удакладніла дырэктар асацыяцыі Паліна Церашкова. — Напрыклад, летась пераможцамі конкурсу найлепшых практык па рэалізацыі СУР-2035, які праводзіўся ў рамках Тыдня ўстойлівага развіцця, сталі ініцыятыва жыхароў Чавус па стварэнні тэрыторыі сацыяльнага прыцягнення і зносін «Вадатрыум» і праект па стварэнні мемарыяльнага комплексу «Памяць расстраляць немагчыма» ў Круглым. Мы заахвочваем насельніцтва, каб яно прымала непасрэдны ўдзел у рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці на перыяд да 2035 года.

Плённа развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі. У стадыі прапрацоўкі знаходзяцца пытанні па развіцці лакальнай эканомікі, чалавечага патэнцыялу ў культурнай і прадпрымальніцкай сферах, захавання гістарычнай спадчыны канкрэтных населеных пунктаў Магілёўскай вобласці.

— Не ўсю работу можна вымераць лічбамі — значна больш шануецца выхаванне ў людзях сацыяльнай адказнасці, грамадзянскай пазіцыі і актыўнасці, — падкрэсліла Ірына Раінчык. — Безумоўна, работа прэзідыума Магілёўскага аблсавета, дэпутацкага корпуса вобласці, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання служыць на карысць жыхарам Прыдняпроўскага краю і грамадству ў цэлым. Наша цеснае ўзаемадзеянне — гэта практыка, калі грамадства бярэ на сябе адказнасць і гатова ўдзельнічаць у рашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці.

У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутаты, кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама, кіраўнікі структур арганізацый і службаў. Перад сесіяй удзельнікі азнаёміліся з выставай, дзе быў прадстаўлены патэнцыял Магілёўскай вобласці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.