Вы тут

Забеспячэнне прадуктамі, пітной вадой, палівам


Гомельская абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа накіравала гуманітарны груз для без малога двух дзясяткаў жыхароў вёскі Галкі Брагінскага раёна. Падтоплены пад’езд да населенага пункта — праехаць на транспарце ў вёску зараз немагчыма.


— У населеным пункце ў некаторых студнях з-за паводкі пагоршылася якасць вады. Таму было прынята рашэнне даставіць у кожны дом 20-літровыя бутлі з пітной вадой. У далейшым сельвыканкам сумесна з ратавальнікамі таксама будзе дастаўляць ваду належнай якасці, — адзначыў начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Арцём Карпенка.

Беларускі Чырвоны Крыж узаемадзейнічае з упраўленнем МНС Гомельскай вобласці і абласной арганізацыяй Таварыства выратавання на водах, якія манітораць паводкавую сітуацыю ў рэгіёне. 

— У вёсцы Галкі пражывае 11 сямей, у тым ліку адна шматдзетная, дзе трое школьнікаў. Падтрымка неабходна і жыхарам сталага ўзросту, людзям з інваліднасцю. Усім сем’ям перададзены харчовыя наборы і неабходныя гігіенічныя прыналежнасці, — патлумачыў Арцём Карпенка.

Сярод жыхароў вёскі, з якімі сустрэліся  валанцёры, — інвалід другой групы Вольга Гардзіенка і адзінокая пенсіянерка Марыя Набок. Як высветлілася, Марыя Рыгораўна — адрасат надомнай сацыяльнай дапамогі. Цяпер з-за паводкі сацработніку таксама складана дабірацца да пажылога чалавека. 

Аказалі дапамогу жыхарам вёскі і ратавальнікі. Разам з работнікамі газавай службы раёна яны даставілі газавыя балоны ў домаўладанні, дзе была такая патрэба.

Як расказала старшыня Брагінскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Людміла Бурак, жыхары вёскі шчыра ўдзячныя ўсім за дапамогу. Валанцёры Беларускага Чырвонага Крыжа будуць і надалей выконваць сваю місію — дапамагаць людзям у цяжкіх сітуацыях.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Брагінскай раённай арганізацыі БЧК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.