Вы тут

Каляндар культурных мерапрыемстваў на 2023 год


За апошнія гады турыстычная галіна прырасла новымі маршрутамі і падзеямі, беларусы сталі больш актыўна падарожнічаць па рэгіёнах, паболела гасцей з Расійскай Федэрацыі. Замежныя турысты едуць ужо не толькі ў санаторыі і аграсядзібы. Часта пры выбары месца адпачынку яны пралічваюць і магчымасць атрымаць цікавы вопыт і ўражанні. На працягу ўсяго года ў Беларусі ладзяцца разнастайныя фестывалі, святы, абрады, тэматычныя мерапрыемствы. Так, Міністэрствам культуры сумесна з рэгіёнамі падрыхтаваны Каляндар культурных мерапрыемстваў на 2023 год, які дапаможа айчынным і замежным турыстам сарыентавацца, куды варта прыехаць ў найбліжэйшыя выхадныя ці святочныя дні, альбо у час канікулаў і водпускаў. Як паведаміў начальнік упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Раман Мамчанка, у календары змешчана інфармацыя пра 120 брэндавых мерапрыемстваў. Гэта выдатная магчымасць азнаёміцца з культурнымі здабыткамі рэгіёнаў, даведацца больш пра гісторыю пэўных гарадоў, мястэчак і вёсак. І кожнае такое адкрыццё прыносіць з сабой масу пазітыўных эмоцый.


Фота: БелТА

Арганізатары прапануюць мерапрыемствы, розныя па тэматыцы і маштабу. Некаторыя з іх даюць магчымасць паназіраць за аўтэнтычнымі абрадамі, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Напрыклад, у маі ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна ладзіцца «Юраўскі карагод», а ў Веткаўскім раёне праходзіць абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы».

Гасцей будуць чакаць і на Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагіня» ў г. п. Акцябрскі. Тут пройдуць конкурс танцавальных пар, турнір дзіцячых калектываў, выступленні фальклорных ансамбляў і выканаўцаў, кірмаш з удзелам рамеснікаў.

Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі» пройдзе 8 ліпеня ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Вязынка». Гэтае свята, прымеркаванае да дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, ладзіцца з 1972 года.

Дарэчы, менавіта мерапрыемствы да Купалля збіраюць найбольшую колькасць гасцей. Свята адзначаецца ў розных кутках Беларусі, але найбольш маштабна яго сустракаюць на Шклоўшчыне. На традыцыйнае мерапрыемства «Александрыя збірае сяброў» прыязджае ад 50 да 100 тысяч гледачоў.

Вельмі шырока ў краіне праводзяцца гістарычныя рэканструкцыі, прысвечаныя розным падзеям. На Барысаўшчыне, напрыклад, ладзіцца фестываль «Бярэзіна», дзе дзякуючы ваенна-гістарычным клубам і аб'яднанням, якія спецыялізуюцца на рэканструкцыі касцюмаў, зброі ды даспехаў ХІХ стагоддзя, можна паназіраць за «боем» рускай і французкай армій, пераправай войскаў Напалеона праз Бярэзіну.

У атмасферу сярэднявечча можна паглыбіцца і ў Нясвіжы: у жніўні тут пройдзе фестываль гістарычнай рэканструкцыі, выступяць калектывы, якія выконваюць музыку ХVІ — ХVІІІ стагоддзяў. У чэрвені можна трапіць на «Любчанскі шпацыр Радзівілаў» у Любчанскім замку. А Лідскі замак у маі здзівіць фестывалем «Магія агню і святла».

У нашай краіне вялікая ўвага аддаецца захаванню народных промыслаў і рамёстваў. Пазнаёміцца з майстрамі і падзівіцца на рэчы, якія яны ствараюць, можна на разнастайных фестывалях, што праходзяць як на рэгіянальным, так і на рэспубліканскім узроўнях. Больш за дваццаць гадоў ў Гродна з'язджаюцца рамеснікі Беларусі і замежжа на свята «Казюкі». Традыцыйным стаў рэспубліканскі фестываль-кірмаш «Вясновы букет», сёлета ён пройдзе ў маі ў Верхнім горадзе ў Мінску.

Сёлета Слуцк абраны культурнай сталіцай Беларусі, і адным з самых яскравых мерапрыемстваў абяцае стаць свята мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы», якое запланавана на верасень. У ім возьме ўдзел каля 500 майстроў, якія працуюць па 20 кірунках народнай творчасці. У гэты ж час пройдзе міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная пытанням захавання майстэрства ткацтва паясоў, і свята-конкурс «Беларуская лялька».

Магілёўшчына рыхтуецца да Фестывалю народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў «Дрыбінскія таржкі» . Ён пройдзе 18 жніўня.

Больш даведацца пра бортніцтва можна ў Лельчыцкім раёне. Такі промысел узяты пад ахову і ўнесены ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. 21 мая ў аграгарадку Сімонічы пройдзе свята «Мядовы фальварак».

Варта згадаць і «Вішнёвы фестываль» у Глыбокім, «Мотальскія прысмакі» на Іванаўшчыне, каравай-фэст «Бацькава булка» ў горадзе Свіслач...

Кожны рэгіён стараецца падабраць для фестываляў адметную тэму. Так, Кіраўшчына запрашае на «Сенафэст» у вёску Чыгірынка са спаборніцтвамі касцоў, конкурсамі па пляценні вянкоў, вырабу фігур з сена і касцюмаў з прыроднага матэрыялу.

У аграгарадку Парэчча пад Гроднам з'явіўся першы на тэрыторыі Беларусі вакзал. Менавіта праз станцыю Парэчча прайшла чыгуначная дарога Санкт-Пецярбург — Варшава. Таму тут 30 ліпеня ладзіцца Свята вакзала з тэатралізаваным прадстаўленнем, дзякуючы якому госці перанясуцца ў далёкі 1862 год — час, калі адкрываўся найстарэйшы на нашых землях пункт прыпынку цягнікоў.

Не забыліся арганізатары і на аматараў музыкі. У каляндары падзей — «Балетнае лета ў Вялікім» у сталіцы, міжнародны фестываль духоўнай музыкі ў Магілёве, шоу ў стылі Сан-Рэма на тэрыторыі замкавага комплексу «Мір», «Вечары Вялікага тэатра ў замке Радзівілаў», міжнародны конкурс джазавай і эстраднай музыкі ў Салігорску, міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі ў Полацку, фестываль «Вялікая бард-рыбалка» на Быхаўшчыне, конкурс бардаўскай песні памяці Уладзіміра Высоцкага «Музыка сэрцаў» на возеры Літоўка пад Навагрудкам.

У мясцінах, дзе праходзяць буйныя фестывалі, варта выдзеліць час на знаёмства з рэгіёнам. Напрыклад, пад кожны горад, у якім праходзіць Дзень пісьменства, распрацоўваюцца адмысловыя экскурсіі, на якія можна трапіць і падчас свята, і калі яно ўжо скончыцца.

Азнаёміцца з календаром адметных падзей можна на сайтах Міністэрства культуры і Нацыянальнага агенцтва па турызме.

Ганна ПЯТРОВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.