Вы тут

Без права на памылку. «Навучыся помніць»


Летась Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру» атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне». Гэта высокая ўзнагарода была прысуджана яму за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі, рэалізацыю разведвальных пошукавых праектаў, увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны. Летась па ініцыятыве кіраўніка клуба Мікалая Барысенкі і яго жонкі Святланы, начальніка штаба «Віккру», быў запушчаны ўнікальны праект, мэта якога — выправіць памылкі і блытаніну на абелісках і мемарыялах у гонар герояў вайны. Мікалай і Святлана ўскладваюць вялікія спадзяванні на гэты праект і дзеляцца з карэспандэнтам «Звязды» асаблівасцямі такой асаблівай пошукавай работы.


На фота з дзецьмі: Пераможцы акцыі «Дарога да абеліска» — навучэнцы магілёўскага ліцэя № 9 імя А. Старавойтава на мемарыяле ў вёсцы Гараны Магілёўскага раёна

Знайсці імя

Праект так і называецца — «Навучыся помніць». У савецкі час, калі масава ўзводзіліся мемарыялы ў гонар абаронцаў і вызваліцеляў, на помніках былі дапушчаны шматлікія памылкі, якія захаваліся дагэтуль. Нягледзячы на тое, што інфармацыі ў інтэрнэце, каб іх выправіць, хапае, яны застаюцца. А гэта няўвага да памяці герояў.

— Да нас звяртаюцца родныя чырвонаармейцаў з просьбай дапамагчы знайсці іх сваякоў, ведаючы, што продак загінуў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, — уводзіць у курс справы Святлана. — Пачынаем шукаць, а інфармацыя на помніку не супадае з самімі пашпартамі пахаванняў: пераблытаны ініцыялы, прозвішчы. Калі пачынаеш раскручваць клубок, падымаць схемы магіл, кнігі пахавання асабовага складу дывізій і палкоў, бачыш гэтыя разыходжанні. Кагосьці вінаваціць у тым нельга, пахавальныя каманды таксама дапускалі памылкі, запісвалі інфармацыю дзесьці са слоў. І фактаў такіх скажэнняў хапае. У тым ліку і вельмі прыкрых.

На помніку ў Хількавічах у Чавускім раёне, напрыклад, былі нанесены прозвішчы двух байцоў, якія прайшлі вайну і вярнуліся дадому. У свой час яны, напэўна, з нейкай прычыны не з'явіліся на паверку і іх палічылі загінулымі. Гэтыя ж людзі засталіся жывымі і ўзнагароджваліся ў 1945 годзе, у мірны час. Але ніхто іх прозвішчы з помніка не прыбраў. У той жа час, калі падымаеш баявыя данясенні, выяўляецца вялікая колькасць байцоў, якія насамрэч загінулі, але іх прозвішчаў на абелісках няма. Або ўлічаны двойчы на розных помніках. Былі выпадкі, калі адно і тое ж імя сустракалася на чатырох розных абелісках. Людзі ўспрымаюць такія факты з болем і адчаем.

— Сяргей Лукашэнка, які працаваў кіраўніком музея Верамейскай школы і, на жаль, маладым пайшоў з жыцця з-за цяжкай хваробы, вельмі перажываў, калі не змог дапамагчы адшукаць расіянам роднага чалавека, — успамінае выпадак Святлана. — Калі яны прыязджалі, яго не было ў школе, і яны, не адшукаўшы на мемарыяле, які знаходзіцца каля ўстановы, імя сваяка, прымацавалі на яго медальён з фота загінулага. Сяргей потым пачаў шукаць інфармацыю пра байца і даведаўся, што яго родныя ўсяго некалькі кіламетраў не даехалі да рэальнай магілы.

Па сутнасці, на сайтах райвыканкамаў павінна быць інфармацыя аб загінулых у раздзеле ўвекавечання. Складанасць у тым, што кожны сайт працуе па-свойму і па-рознаму афармляе такую ўкладку. Хтосьці робіць яе асобным банерам, хтосьці адпраўляе ў раздзел «Сацыяльная работа», хтосьці — у «ідэалагічную». Людзі не ведаюць, дзе шукаць. Аналагічная сітуацыя па Расіі. Магілёўскія пошукавілі задумаліся, як выправіць сітуацыю, і вырашылі выкарыстаць для гэтага маладзёжны патэнцыял. Чаму б падлеткам, седзячы ў інтэрнэце, не прыносіць карысць? «Гэта патрэбна не толькі для аднаўлення народнай памяці, але будзе карысна і ім самім, — лічаць Мікалай і Святлана Барысенкі. — Яны ніколі потым не будуць разбураць помнікі і дзецям сваім не дазволяць. Калі ў іх атрымаецца знайсці хоць адно імя, гэта застанецца ў душы назаўсёды».

Дарога да абеліска

Праект разлічаны на чатыры гады — 2022—2025, і ў ім бяруць удзел усе ўстановы адукацыі вобласці, уключаючы ліцэі і каледжы. Этапаў некалькі, але ўсе яны паміж сабой звязаныя. Першы — «Дарога да абеліска» — прайшоў яшчэ летась. Як правіла, за школамі замацаваны канкрэтныя помнікі, за якімі ажыццяўляецца догляд. І першае заданне было такое: вывучыць гісторыю баявых дзеянняў на тэрыторыі канкрэтнага населенага пункта, у тым ліку і гісторыю помніка, і зрабіць справаздачу. Вядома, што адной інфармацыі з інтэрнэту тут недастаткова — трэба было схадзіць у музей, праглядзець патрэбную літаратуру, архіўныя звесткі. Усе цікавыя матэрыялы — фотаздымкі, успаміны, газетныя выразкі — прапануецца прыкласці да работы. Адзін экзэмпляр гэтых даследаванняў дасылаецца непасрэдна начальніку штаба клуба «Віккру», каб можна было ацаніць зробленую работу.

Наступны этап — «Загінулым вяртаючы імёны» — лагічны працяг пачатай работы. Гэта зноў работа з музеямі, архівамі, раённымі кнігамі «Памяць», матэрыяламі сайтаў «Партызаны Беларусі», «Памяць народа», «Подзвіг народа», АБД «Мемарыял», «Салдат.ру» і гэтак далей. Па спецыяльнай методыцы, якая напісана аўтарамі праекта, шукаюцца канкрэтныя імёны і параўноўваюцца з тымі, што на помніках і на сайтах. На гэтым этапе ім аказваюць садзейнічанне аддзелы ідэалагічнай работы райвыканкамаў, дзеляцца спісамі загінулых чырвонаармейцаў. Падлеткі прапрацоўваюць іх праз усе дакументы. Складаюць картку, дзе чырвоным колерам пазначаюць знойдзеныя недакладнасці са спасылкамі, адкуль ўзятая інфармацыя. Адзін экзэмпляр гэтых даследаванняў са зваротам аб унясенні правак на воінскі абеліск дасылаецца ў аддзел ідэалагічнай работы, а другі — зноў-ткі «Віккру» — для падвядзення вынікаў і ацэнкі, наколькі правільна спрацавалі. І, як вынік, падчас традыцыйнай акцыі «Беларусь памятае» школьнікі, акрамя партрэтаў сваіх родных, якія не вярнуліся з вайны, праносяць і партрэты тых, чые імёны яны ўстанавілі падчас пошукаў. Калі няма фота, то дастаткова таблічкі з імем.

— Гэта вельмі важна, — лічыць Святлана. — Адбыліся цяжкія абарончыя і вызваленчыя баі, — чырвонаармейцы загінулі, і ніхто не ведае, дзе іх шукаць. Атрымліваецца, што мы іх ніяк не згадваем. Гэта няправільна. Хочацца, каб дзеці тое зразумелі, прасякнуліся гэтым. Ніякія падручнікі, статыстыка не паўздзейнічаюць на іх так, як асабістая работа. Яны самі дакрануцца да арыгіналаў, убачаць, наколькі маладымі былі тыя, хто загінуў падчас баёў. Якія жахлівыя і крывавыя тыя бітвы! Гэта вельмі моцны выхаваўчы момант.

Асобная размова пра генацыд, знішчэнне мірнага насельніцтва. Мы ўсе добра ведаем такія помнікі, ускладаем да іх кветкі, але мала дзе ёсць імёны загінулых жыхароў. Тыя імёны таксама можна знайсці. Не ўсе, але нават калі адно або два будуць вернуты з небыцця, гэта ўжо перамога.

— Існуюць розныя сайты, дзе дадзеная інфармацыя ёсць, — кажа суразмоўніца. — Напрыклад, вельмі добры памочнік у гэтым — ізраільскі сайт «Яд ва-Шэм», раённыя кнігі «Памяць», матэрыялы Нацыянальнага архіва. Расіяне перадалі ў наш Нацыянальны архіў спісы расстраляных, спаленых, сагнаных на прымусовыя работы ў Германію. Задачы дзяцей — скласці поўныя, наколькі магчыма, спісы чалавечых страт. І падрыхтаваць звесткі для інфармацыйных стэндаў. Спадзяюся, што дэпутаты дапамогуць у гэтым дзецям, мы да іх таксама звярталіся. Сродкі на стэнды знайсці прасцей, чым на помнікі. Помнікі мы таксама зробім, але з часам. І каб інфармацыя не страцілася, яе трэба захаваць хоць бы у выглядзе стэндаў.

На пэўным этапе юныя пошукавікі будуць устанаўліваць інфармацыю пра сваіх землякоў, якія загінулі на франтах або ў партызанах. Потым — вывучаць імёны байцоў, што загінулі пры абароне і вызваленні раёнаў. Пасля — паспрабуюць устанавіць невядомыя імёны. Для гэтага давядзецца прайсціся па мясцовасці, апытаць жыхароў, пазначыць няўлічаныя пахаванні, калі такія знойдуцца.

— Самастойна школьнікі такую работу не выканаюць, — кажа Святлана. — Павінны падключыцца педагогі, раённыя ідэолагі. За 4 гады мы парадак адразу не навядзём, дзеці зробяць, колькі змогуць. Але акцыя будзе працягвацца, магчыма, у іншым выглядзе, і вынік абавязкова будзе. Першыя вынікі ёсць, і яны абнадзейваюць. У той жа акцыі «Дарога да абеліска» пераможцам стаў магілёўскі ліцэй № 9 імя А. Старавойтава. Дзеці правялі грунтоўнае добраўпарадкаванне сельскага мемарыяла ў вёсцы Гараны Магілёўскага раёна — знялі плітку, зрабілі якасную падсыпку, дарожку. І справаздачу зрабілі фундаментальную — з фотаздымкамі да рэканструкцыі і пасля, апісаннем гісторыі, расповедамі відавочцаў. Не проста кветкі кінулі і сфатаграфаваліся каля помніка. На жаль, сёння фармалізм у адносінах да памяці прысутнічае. Так быць не павінна. Наш праект рэалізоўваем сумесна з Магілёўскім абласным цэнтрам творчасці. На першым этапе ў ім узяло ўдзел каля 550 чалавек. Сёння стаіць пытанне перавыдання раённых кніг «Памяць». І гэтыя дзіцячыя работы будуць там улічаны.

Гэта трэба не мёртвым...

Нягледзячы на тое, што Вялікая Айчынная вайна закончылася без малога восем дзесяцігоддзяў таму, боль страты ў сем'ях, у якіх загінулі сын, бацька, маці, дачка, не сціхае. На жаль, сёння ўсё менш беражліва ставяцца да той памяці. Некаторыя лічаць, што з той вайной ужо ўсё зразумела і не трэба варушыць мінулае.

— Гэта цалкам памылковае меркаванне, — рэзюмуе Мікалай Барысенка. — Мы павінны памятаць пра тую вайну, каб грамадства правільна тлумачыла для сябе праблемы ў сучасным свеце. Яны не з'яўляюцца на голым месцы. У Магілёўскай вобласці сёння 1734 брацкія і адзіночныя магілы , у якіх пахаваны 334 тысячы нашых воінаў і ахвяр вайны. З іх нам вядомы імёны толькі 62 тысяч. Трэба пастарацца, каб скараціць спісы невядомых, загінулых у 1941—1944 гадах на тэрыторыі Магілёўшчыны. Пошукавы клуб «Віккру» за 29 гадоў свайго існавання па архівах, расійскіх і беларускіх базах даных устанавіў імёны 27 тысяч чырвонаармейцаў. Работу пагаршае тое, што практычна сышлі ветэраны вайны, старажылы, відавочцы тых крывавых падзей. Гэта падштурхоўвае нас шукаць новыя спосабы і метады пошуку імёнаў. І наш праект — адзін з найбольш дзейсных.

Летась пры ўдзеле «віккруўцаў», сумесна з 52-м пошукавым батальёнам і абласной пракуратурай былі выяўлены новыя пахаванні воінаў Чырвонай Арміі і мірных жыхароў у Асіповіцкім, Слаўгарадскім, Клічаўскім, Шклоўскім, Магілёўскім раёнах. Пошукавікі сведчаць пра новыя, самаробна абазначаныя месцы пахаванняў, якія пакінулі так званыя чорныя капальнікі або мясцовыя жыхары. За апошні час пяць такіх вось пахаванняў у Магілёўскім, Чавускім і Быхаўскім раёнах былі перанесены на найбліжэйшыя ўлічаныя воінскія брацкія магілы.

Яшчэ адна праблема ў тым, што шмат абязлічаных воінскіх пахаванняў, а таксама магіл расстраляных мірных жыхароў знаходзіцца на грамадзянскіх могілках. Па інфармацыі пошукавікаў, пры садзейнічанні мясцовых улад у Магілёўскім, Шклоўскім і Чавускім раёнах праведзена добраўпарадкаванне з устаноўкай памятных знакаў на 7 такіх пахаваннях.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.