Вы тут

Бізнес-дэлегацыя Башкартастана наведвае прадпрыемствы Гомельшчыны


Паўднёва-усходні рэгіён Беларусі прымае з працоўным візітам прадстаўнікоў буйнога, сярэдняга і малога бізнесу Рэспублікі Башкартастан. У мінулым годзе супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі было адзначана шэрагам двухбаковых сустрэч, арганізавана некалькі бізнес-місій Башкартастана ў Гомельскую вобласць. Тры месяцы таму дэлегацыя беларускага рэгіёна на чале са старшынёй Гомельскага аблвыканкама Іванам Крупко пабывала з візітам ва Уфе. У бягучым годзе бізнес-дэлегацыя Башкартастана міжрэгіянальныя сустрэчы распачала менавіта з наведвання Беларусі.


Візіт прадстаўнікоў бізнес-кола Башкартастана на Гомельшчыну пачаўся з сустрэчы ў абласным цэнтры з намеснікам старшыні аблвыканкама Андрэем Конюшкам. Устанаўленне прамых бізнес-кантактаў, узаемавыгаднае супрацоўніцтва прадпрыемстваў, сумесная работа па забеспячэнні тэхналагічнай незалежнасці і выхад на новыя рынкі — гэтыя і іншыя накірункі ўмацавання міжрэгіянальных сувязей Гомельскай вобласці і Рэспублікі Башкартастан падчас сустрэчы абазначыў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Конюшка.

— Расія — асноўны партнёр вобласці ва ўсіх сферах — эканамічнай, гуманітарнай. Цяпер прадпрыемствы рэгіёна сумесна з расійскімі кампаніямі вядуць актыўную работу па дадатковых узаемных пастаўках прадукцыі, сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых. Завязваюцца імпартазамяшчальныя ланцужкі, — падкрэсліў Андрэй Конюшка.

Як было адзначана, у мінулым годзе Гомельская вобласць значна актывізавала супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі-партнёрамі, у тым ліку і з Башкартастанам. Вынік двухбаковага ўзаемадзеяння — пазітыўная дынаміка ў эканамічнай сферы. Знешнегандлёвы абарот Гомельскай вобласці і Рэспублікі Башкартастан за студзень — лістапад мінулага года склаў звыш 39 мільёнаў долараў, у тым ліку вобласць экспартавала ў Башкартастан прадукцыі на 20 мільёнаў долараў. 

Машынабудаванне, перапрацоўчая і харчовая прамысловасць, спорт і турызм — адны з перспектыўных кірункаў узаемадзеяння паміж беларускім і расійскім рэгіёнамі. Такое меркаванне выказаў падчас сустрэчы ў Гомельскім аблвыканкаме прадстаўнік Рэспублікі Башкартастан пры гандлёвым прадстаўніцтве Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Канстанцін Клімін. 

— Сёння абмяркоўваецца план па арганізацыі магазінаў беларускіх прадуктаў харчавання ва Уфе, у Рэспубліцы Башкартастан, і гэта ўсё магчыма рэалізаваць, — падзяліўся з журналістамі прадстаўнік Рэспублікі Башкартастан. — Сёння ў складзе нашай дэлегацыі — у тым ліку і прадстаўнікі малога бізнесу. Гатовы прапанаваць розныя вытворчыя магчымасці для прадпрыемстваў Беларусі, — падкрэсліў Канстанцін Клімін.

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі бізнес-дэлегацыі Башкартастана была закранута і тэма падрыхтоўкі да X Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, сталіцай якога ў чэрвені стане Уфа. Да гэтай знакавай падзеі напрацаваць і ўмацаваць сувязі, якія потым аформяцца ў рэальныя дагаворы і кантракты, — гэта, па меркаванні ўдзельнікаў сустрэчы, важны складнік падобных міжрэгіянальных бізнес-місій. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.