Вы тут

У госці да Зюзі. Брэнд Пастаўскага краю вярнуўся на малую радзіму


Праз восем гадоў перапынку брэнд Пастаўскага краю Зюзя Паазёрскі зноў вярнуўся на малую радзіму. Ён запрашае дзяцей і дарослых у навагоднюю казку.


Зюзя — бог зімы ў беларусаў — увайшоў у масавую свядомасць жыхароў Віцебскай вобласці як аналаг рускаму Дзеду Марозу з лёгкай рукі дырэктара турысцкага цэнтра паслуг Ягора Шушкевіча. Каларытны беларускі дзед з доўгай белай барадой і адметным касцюмам з элементамі арнамента з'явіўся на Пастаўшчыне ў 2005 годзе і стаў культурным брэндам не толькі раёна, але і ўсёй краіны.

Нашы продкі ўяўлялі бога зімы ў вобразе дзядулі з чырвоным носам, які ў самыя лютыя маразы хадзіў басанож у белым кажушку з жалезнай булавой. Перад Раством у кожнай хаце гатавалі куццю, каб задобрыць суровага дзеда, на асобны стол ставілі талерачку і для яго: каб моцна не ўладарыў, не марозіў азімыя і хатнюю жывёліну. Казалі: «Зюзя на дварэ — куцця на стале». Ад мянушкі героя міфалогіі з'явіліся вытворчыя словы: «зюзець» — мёрзнуць, «назюзюкацца» — перабраць моцных напояў. Ва ўсведамленні беларусаў Зюзя не быў адзінокім, побач з дзедам заўсёды былі сябры і памочнікі.

У вобразе Зюзі гасцей у Паставах сустракаў сам Ягор Шушкевіч. Мужчына ўзгадвае, што ідэя адрадзіць і трансфармаваць героя беларускай міфалогіі нарадзілася пасля таго, як з дыпломам інстытута культуры Ягор пэўны час працаваў дырэктарам мясцовага Дома культуры, а пасля вырашыў перакваліфікавацца, каб працаваць у сферы турыстычных паслуг. Такім чынам, Зюзя Паазёрскі стаў сімбіёзам культуры і турызму. Паглядзець на беларускае дзіва прыязджалі з усёй краіны, а таксама з Расіі, былі ў гасцях і прадстаўнікі Кітая, сонечнай Венесуэлы.

Арганізатары «прапісалі» беларускага Дзеда Мароза ў сядзібе на беразе возера Белае. Спачатку хацелі зацікавіць мясцовых дзяцей і іх бацькоў, аднак мясцовы міфалагічны герой, які літаральна ажыў у Паставах, набіраў папулярнасць у небывалых маштабах. У госці да белабародага чараўніка пачалі прыязджаць наведвальнікі з усёй Беларусі, бо дабрацца да галоўнага Дзеда Мароза, што ў Белавежскай пушчы, — справа з нялёгкіх. Апошнія восем гадоў казачны персанаж «жыў» у Наваполацку, вандраваў па розных кутках Беларусі, дадаючы нацыянальнага каларыту кожнаму навагодняму мерапрыемству. Трэба падкрэсліць, што для Шушкевіча гэта не проста справа душы, але і запатэнтаваная гандлёвая марка. Доўгі васьмігадовы адпачынак Зюзі, з якім звыкліся не толькі беларусы, але і госці з бліжняга замежжа, быў абумоўлены пошукам новага месца дыслакацыі чараўніка, аднак гэтай зімой культурны брэнд вярнуўся на Пастаўшчыну.

Да вяртання персанажа дадому пачалі рыхтавацца ў 2021 годзе, мясцовыя ўлады падтрымалі праект, які знайшоў пазітыўны водгук на буйных турыстычных выставах у Беларусі і Расіі. Яшчэ адна адметнасць і без таго захапляльнага дзеда — не звыклы посах, а марозная булава, а яшчэ — пашыраная галерэя славянскіх духаў, у якой зараз 14 «жыхароў»: вадзянікі, русалкі, лесуны...

Прымаць ахвотных пазнаёміцца бліжэй з персанажамі міфалогіі ў Азёрках (на базе спартыўна-турыстычнага комплексу) пачалі 16 снежня. У праграме «Бай і Зюзя карагодзяць у акрузе» — не толькі мноства гульняў, песень і танцаў, але і знаёмства з новымі героямі: Карачуном, Напасцю, Тэкляй, Бадзюлям. Дзед Бай — герой казак пісьменніка Уладзіміра Дубоўкі, карані якога таксама на Пастаўшчыне. Пасля захапляльнага тэатральнага шоу добры Зюзя частуе гасцей духмянай гарбатай і пернікамі, вянчае вечар у рэзідэнцыі яркі феерверк. Работа ў Азёрках не спыняецца: сустракаць гасцей плануюць да старога Новага года, таму кожны ахвочы можа паспець трапіць у казку.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота газеты «Пастаўскі край»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.