Вы тут

«Быў дурным я — што палена, Бо сям'і (!) шукаў замену...»


Мусіць, яшчэ раз: калі б конкурсу «Хто каго?» на старонках «Звязды» не было, яго, далібог, варта было б прыдумаць! Для таго, каб надрукаваць у газеце сотні (?!) такіх нечаканых здымкаў, каб атрымаць ад чытачоў тысячы лістоў з варыянтамі подпісаў, каб ім жа, сваім чытачам, падарыць мільёны ўсмешак, каб з дапамогай газеты ў розных кутках краіны адкрыць мноства талентаў, каб пакінуць у мове цэлы россып перлаў-залацінак...

З чаго ўсё пачыналася?

З таго, што аднойчы, гадоў з 20 (!) таму Звязда» надрукавала першы здымак з просьбай прыдумаць подпіс (не больш за восем радкоў), трохі пазней — аб'явіла конкурс на найлепшы, стварыла журы, стала ўзнагароджваць пераможцаў...

Недахоп, як выглядала, заставаўся адзін: здымкі і найбольш удалыя подпісы друкаваліся раней, аўтары найлепшых (у тым ліку прозвішчы пераможцаў) называліся пазней... І толькі ў апошнім нумары года, як той казаў, «пазлы» сыходзяцца!

Такім чынам — чарговы конкурс «Хто каго?», найлепшае: разглядаем здымак — чытаем подпісы — усміхаемся...


«Яшчэ пару год назад Быў у Мар'і заасад...»

Шчасце — козачку даіць!

Шчасце — з ёй пагаманіць:

Пра бяду,

як ёсць, раскажаш, —

Ад душы, глядзіш, адляжа...

Вельмі слаўная каза:

Супраць? Не!

Заўсёды «за».

Таццяна НОВІК

г. Клецк


Не было раней такога:

Вёска —

вымерла ці спіць?..

Застаецца хоць з казою

Цераз плот пагаманіць:

— Як жывеш,

суседка Аза?

— Ды пра што тут

гаварыць?

Мой казліна спіць, зараза...

— Мой гультай

таксама спіць.

Мікалай КАМАРОЎСКІ

г. Орша


Яшчэ пару год назад

Быў у Мар'і заасад (!),

Паглядзець таго звяр'я

Людзі ехалі здаля.

Забяспечвалі прыбытак,

Пагашаліся крэдыты...

Ад кавіду ўсё гора:

У «заасадзе»

толькі Бора.

Любоў ЧЫГРЫНАВА

г. Мінск


Козліка бабця вельмі любіла,

Козліка бражкаю

часта паіла...

Вырас казёл...

з казою здружыўся:

Хутка мутант

у яе нарадзіўся.

Да бабкі прыйшоў

і глядзіць-дакарае:

Ну што ж ты зрабіла,

Дурніца старая?

...Падобнае нешта

здараецца й з намі,

Як добрую справу

ды зробім «па п'яні».

Мікалай СТАРЫХ

г. Гомель


Як не ўсе ў хлопцаў дома, не пужаюць пераломы»

«Колю можна не карміць —

Дай хоць нешта палічыць:

Не дакладна,

хоць бы груба,

Дрэвы, зоркі,

грошы, «зубы»...

Ён паўсюль падлік вядзе,

Можа, і тут не ўпадзе?

Іна АЛІСЕВІЧ

Уздзенскі раён


На пляцоўку,

дзе «БелАЗ»,

Заявіўся пяты клас

І пачуў: усё, што бачыць,

Можна мацаць,

тузаць, кратаць!..

Дзеткі тут жа,

як мурашкі,

Урассыпную...

згледзець цяжка...

Выдаваў хіба што гук...

Ледзь сабраў пасля фізрук!

Валерый ГАЎРЫШ

г. Чавусы


У коле круціцца вавёрка,

А на коле — наш Ягорка.

Паспрачаўся небарака:

Уверх залез...

А злезе — ракам?

Валянціна ГУДАЧКОВА

г. Жыткавічы


Вася — знатны бульбавод —

Зімкай не лайдачыць:

Кожны дзень і кожны год

Гной адвозіць тачкай...

На «БелАЗе» пабываў, —

Ходзіць невясёлы:

Усё з «панчохі» бы аддаў

За такія «колы»!

Віктар САБАЛЕЎСКІ

г. Узда


Трэба, трэба пастарацца

І ў кабіну як прабрацца —

Руль абняць, націснуць газ...

Адказаў яму БелАЗ:

— Шмат ахвотнікаў такіх

Толькі я — не для дурных.

Мікалай КАСМАЧЭЎСКІ

г. Наваполацк


«Хлопцы едуць не гуляць, Едуць пашаньку пахаць...»

Тут спрадвеку

люд меў шанцы

Адарваць падэшвы ў танцы:

Выдаваў —

парой да ранку —

Польку, танга, сербіянку,

Вальс, гапак ці кракавяк...

Ну і празвалі месца так.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск.

Зноў кіруюць Пеця з Янкам

У мястэчка Пагулянка!

Бо вясёлыя там дзеўкі,

Любяць танцы і прыпеўкі,

А пасля бутэлькі піва,

Яшчэ і мілыя на дзіва!

Софья КУСЯНКОВА

Рагачоўскі раён


Кажуць, сёння ў Пагулянцы

Будуць спевы,

танцы-шманцы...

І пітво ракою там,

Закусь —

свята жыватам...

Калі ж прыйдзе час вяртацца,

Трэба, хлопцы, пастарацца —

Не пакінуць недзе ровар,

Не прыйсці дамоў на бровах.

Мікалай КАМАРОЎСКІ

г. Орша


У мястэчку Пагулянка

Казіно адкрыў Іванка:

Той, хто куш сарваць мяркуе...

З самай раніцы шыбуе.

Ды азарт — хвароба злая,

Слабы з ёй —

не выжывае:

І тады ўжо — вось дзівосы:

Ў гулі — франтам,

З гуляў — босы.

Валерый ГАЎРЫШ

г. Чавусы


У дальняй вёсцы

Пагулянка

Самагонку цісне Ганка.

Першы слоік —

паўлітровы —

Дэгустуе ўчастковы.

(Калі ўстаў не з той нагі,

Забірае і другі)...

Па астатні —

хлопцы едуць —

Найчасцей — веласіпедам.

Іван ЯНКАЎ

г. Мінск


«Траву скасілі трактары, А ты бяры... Ці не бяры...»

Накасіў Ясь канюшыны,

Ды бяда —

няма Яніны,

Каб вазок, як трэба скласці...

Няма жонкі —

няма шчасця.

Сужэнцы АСТРОЎСКІЯ

г. Мінск


Усёй Грушаўцы вядома —

Працаголік гэты Рома!

Гаспадар —

на ўсю акругу:

І з касою, і за плугм!

Гумарыст, не выпівоха...

Чаму ж дзеўкі

бокам, бокам?

— З ім жа

будзеш пеклаваць:

Ні паспаць, ні пагуляць...

Любоў ЧЫГРЫНАВА

г. Мінск


У суботу грамадой —

Дзела маладоё —

На касьбу ішлі з расой:

Сенажаць...

Раздолле...

Адышліся на спачын —

Скралі сена тое...

Прапіў бацька,

прапіў сын,

Прапівалі двое.

Віктар САБАЛЕЎСКІ

г. Узда


...Касіў бацька, касіў я,

Мы касілі разам,

А прыйшла адна каза —

З'ела ўсё адразу.

Алена ВОЙЦІК

г. Гродна


Быў дурным я —

што палена,

Бо сям'і (!)

шукаў замену:

Працаваў,

не знаў спачыну,

Не для дзетак,

а для псінаў...

Ці прабачыш тое, Лена?

Ці захочаш зноў

на сена?

Як раней было...

Дык вось —

Я вязу дадому воз!

Мікалай КАМАРОЎСКІ

г. Орша


«Абяцаў Іванка Раі: Будзеш жыць са мной у раі!..»

Як убачыў шыльду Косця,

Ажно сэрцайка зайшлося:

Пабудую тут даміну,

Прывяду ў яе дзяўчыну...

Рот, браток, не разявай:

Не паедзе краля ў Рай.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск

Угаворваў Дзіма Фроську:

— Пераедзем жыць у вёску!

Дзеўка

ўсё вагалася —

Доўга не згаджалася...

А сказаў:

— Махнём у рай!

Фрося тут жа:

— А давай!

Валянціна ГУДАЧКОВА

г. Жыткавічы


Абяцаў Іванка Раі:

Будзеш жыць са мной у раі!..

Што для гэтага зрабіў?

Шыльду ля двара прыбіў.

Соф'я Кусянкова,

Рагачоўскі раён.

Са сталіцы ў... адрыну

Ясь прывёз сваю Яніну.

Цалаваў — аж да світання,

Аж да

шчырага прызнання:

— Больш я ў горад —

ні нагой:

Застаюся тут, з табой!

...Вось такая перамена!

Вось што робіць водар сена!

Валерый ГАЎРЫШ

г. Чавусы


Хлопец шыльду прыбівае:

Вось ён, тут,

пачатак Раю!

Я, дурны, раней не знаў,

Куляй міма пралятаў.

Але ж выпісаў «Звязду»

І цяпер ужо знайду!

Эльяш БАНЕЛЬ

г. Мінск


...Апошні (ці, дакладней, чарговы...) конкурсны здымак быў надрукаваны 9 лістапада. Не дзіва, што многія з чытачоў ужо даслалі свае варыянты подпісаў. Нехта, магчыма, яшчэ дашле. І тым самым далучыцца да кампаніі пастаянных аўтараў, цікавай яшчэ і тым, што ў Навагоддзе многія з іх абавязкова дасылаюць віншавальныя паштоўкі (рэдакцыі і адно аднаму), дзякуюць за цікавыя матэрыялы (і за магчымасць самім «паварушыць мазгамі»), за «адзіна вядомую раскошу — раскошу чалавечых зносінаў, без якой...»

Мудра заўважана: чалавек можа абыходзіцца без многага, без чалавека — не. А таму — будзьма разам! І тады мы будзем.

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.