Вы тут

Хто каго? «Бедны Янка: у дом цягае усё, што жонка загадае...»


Цар Саламон насіў пярсцёнак з суцяшальным: «Усё праходзіць...» І сапраўды: усё — апроч жыцця, бо жыццё пралятае.

Такім чынам з яго, нашага мінулага: трыццатыя гады, ліквідацыя непісьменнасці. Маладому прыезджаму настаўніку даручаюць выступіць перад вяскоўцамі.

Ён, вядома ж, рыхтуецца і для знаёмства заяўляе: «Я — чалавек гуманны. Прагрэс — мая ідэя!».

Шэпт у першым радзе, паміж дзвюх бабуль: «Мань, а Мань, што ён сказаў?» — «Сказаў, што сядзеў у гумне, прагрыз страху і пытаецца: «Дзе я?».


...Што яшчэ гаварыў той настаўнік сялянам, а сяляне, слухаючы яго, — адзін аднаму, ніхто не запісаў — на жаль, бо цікава ж было б пачытаць, як і нашу рэдакцыйную пошту.

«Чарговы конкурсны здымак, — піша спадар Цімошка з Валожыншчыны, — напомніў мне стары анекдот. Адзін паляўнічы зайшоў у хату да другога, уважліва агледзеў усе рогі на сценах і кажа: «Файныя!... Не прыдзярэшся! Але ў мяне большыя!» Гаспадар яму (памяркоўна): «Дык і жонка ў цябе старэйшая».

Трэба разумець, болей часу мела для таго, каб мужу рогі наставіць.

Што гэта значыць і чаму так людзі гавораць, — ёсць пытанне, як той казаў. А значыць, павінен быць і адказ? «Паводле адной версіі, выраз паходзіць са старажытнай Германіі, — піша спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў. — Там, збіраючы, выпраўляючы мужоў на вайну, жонкі на галовы ім надзявалі шлемы з характэрнымі рагамі, што азначала адправіць чалавека ў паход, а самой застацца свабоднай... Паводле другой — паляўнічы Актэон пасмеў убачыць купанне багіні Дыяны, за што яна ператварыла хлопца ў аленя з вялізнымі рагамі. Паводле трэцяй...»

А хай сабе чацвёртай і... любой — анічога іншага там няма, бо раганосец і ёсць раганосец — падмануты муж. Трэба разумець, няшчасны? Ды як сказаць? Сужэнцы Клімовічы з Мядзела да аднаго такога ў госці схадзілі. Што ўбачылі? Чытайце:

На верандзе ў Сярогі

Ўсюды рогі, рогі, рогі...

Распыталі, дзе ж ты ўзяў?

Гэтак многа!.. Як і ўлезла?

Той ды з форсам адказаў:

Жонка з горада прывезла!

Трэба разумець, купіла? А зрэшты (паводле спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавіч),

Вабных многа маладзіц —

Нельга не заўважыць...

Рогі носяць іх мужы,

Дзе ўзялі, — не кажуць.

Ёсць меркаванне, што многія — самі не ведаюць (ні таго, што носяць, ні таго, дзе ўзялі), але ж пра іх — пазней, цяпер — пра мужчын-бурчуноў ды зануд, якія заўсёды і ўсім незадаволеныя, якія...

Навошта прозай, калі ёсць верш (пра сябе, не пра сябе?) — ад спадара Мікалая Камароўскага з Оршы:

Чалавек я досыць строгі:

Навучаю ўсіх, як жыць...

Жонка лічыць, што бязрогі?

Значыць, трэба два купіць.

Паўстае пытанне, дзе? Каб добрыя, каб танна? Падказка ад спадарыні Міхайлоўскай з Узды:

Даць аб'яву у «раёнку»? —

Трэба грошы заплаціць...

Лепш на нейкую кардонку

Пару слоўцаў прыляпіць.

Ці ў інтэрнэт абвестку закінуць.

Днямі там яшчэ адна цікавая мільганула — і таксама са здымкам. На ім — нехта падаконнік зняў — з вазонамі. У адным — шыкоўны дзьмухавец: жоўценькі, распушчаны... І подпіс пад ім: прадам рэдкую хрызантэму. Тых, хто ў іх не разбіраецца, прашу не званіць, не замінаць майму бізнесу.

Вось і тому «бязрогаму», што аб'яву даў, можна было б не перашкаджаць: хай купляе, што хоча, што яму трэба. Але ж як утрымацца, калі бачыш відавочнае (на думку спадара Аляксандра Матошкі з Расоншчыны):

Ясь — да бізнесу не здатны:

Абы грошы марнаваць!

Рогі ж можна мець бясплатна,

Калі жонцы волю даць!

Пра тое ж, але куды карацей, у спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны:

Купляеш рогі? Ну й дзвак —

Бо ж нехта мае іх за так.

Спадарыня Таццяна Шпакава з Магілёва лічыць, што і гэтая купля, і абвесткі не па добрай волі, а якраз наадварот:

Бедны Янка: у дом цягае

Ўсё, што жонка загадае —

Аж па хвосцік збіў быў ногі!..

Захацела Яня рогі.

Да таго ж, на думку спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска, бясплатна, дарма (не блытаць з «дарэмна», як адна з чытачак: «Спадзяюся, што і надалей у нашай краіне будуць дарэмна вучыць, дарэмна лячыць». Што ў выніку? Раніца. Бальніца. У палату заходзіць доктар са словамі: «Ёсць тут хто жывы?»

Зрэшты, мы крыху адхіліліся — ад рагоў, задарма. Паводле спадарыні Чыгрынавай:

Жонка ў хаце галава:

Захацела рогі... Два.

Янка ў пушчы іх шукаў,

Цэлы водпуск змарнаваў:

Не губляў свае сахаты!

Муж цяпер і сам рагаты.

Трэба разумець, пастаралася яго палавіна — купіла... Альбо сам, прычым — не падумаўшы... А зрабіць тое, як лічыць спадар Мікалай Камароўскі, не лішне было б:

Што галава, то нейкі ж розум?

Дурному цяжка сёння жыць.

Вось, скажам, вы прыдбалі рогі,

А як жа з імі ў лес хадзіць?

Без іх — хоць куды, згадзіцеся — і зручней, і болей толку. А ўжо ў лесе, у грыбах ды на паляванні... Пра яго — цэлая гісторыя (заўважце — у васьмі радках!) — ад спадарыні Соф'і Кусянковай:

На адстрэл лясных жывёл

Патрабуецца дазвол. Ясь сказаў:

«А мне пляваць,

Буду гэтак паляваць!»

І хадзіў... Маскіраваўся!..

На рагах — такі папаўся!

І цяпер больш не палюе:

Недзе ў Комі лес пілуе.

Незайздросныя заняткі: і адзін (браканьерствам займацца), і другі...

Байка пра абодва (чорны, але ж гумар).

Двое так званых новых ці крутых за сталом сышліся, перапілі ды сталі выхваляцца. Першы — пальцы веерам: я, маўляў, са сваімі хлопцамі, з аховай, падаўся на рыбалку. Шашлычок там, каньячок, потым закідваю вудачку і... Ёсць! Ледзь не адразу! Я давай цягнуць: і так, і вось так — вялізнае нешта: рады не дам! Клікнуў сваіх, семярых... Не паверыш: ледзьве дасталі! Асетр... Восем метраў!.. «Брэшаш, — не паверыў слухач. — Асятроў такіх не бывае». — «Я злавіў! Зуб даю!» — «Ну не восем жа метраў... Урэж!» — «Не магу: сам памераў!» — «Тады слухай сюды: «Паехаў я на паляванне — адзін. Вылез з машыны, па ўзлеску іду. Бачу — сахаты наперадзе. А зброя ж у мяне — ты ведаеш?! — як на падбор: калі б'е, то ўжо насмерць. Я ружжо да пляча, прыцэліўся — ба-бах! Лось з капытоў, што называецца... Я да яго: наблізіўся, аж бачу — з іншага боку... егер ідзе, а ў мяне дазволу няма на адстрэл жывёлы... Ну дык што было рабіць: яшчэ раз ба-бах!.. Яшчэ раз наблізіўся: стаю, гляджу — мазгі выкручваю, што ж далей? Ажно чую — з боку машыны дымком пацягнула. Трохі прайшоў — палатка, турысты... Здадуць — як піць даць, першымі сведкамі будуць... Я зноў ба-бах, ба-бах... Аддыхаўся, паглядзеў уверх — на ўзгорку «Ікарус». З пасажырамі... Слухай, браток, богам прашу: урэж свайго асятра! А то ўсіх палажу!»

Рыбаловы ды паляўнічыя, мусіць, і сапраўды самыя вялікія фантазёры?!

З нябёсаў — на зямлю, з лесу — у... аўтобус (не з узгорка).

Там, аднойчы, — як піша спадар Мікалай Старых з Гомеля, — ехалі трое: мужчына з жонкай і насупраць іх — мужчына без жонкі, адзін.

Кіроўца раптоўна затармазіў... Першы пасажыр не ўтрымаўся і другому ў жывот, галавой... Сказаў: «Выбачайце!», а пацярпелы хіба ўсміхнуўся ды... падзякаваў яго жонцы, што муж без рагоў — іначай мог бы параніць....

Сам я, — піша спадар Мікалай, — гэтага не бачыў-не чуў, а вось прыклад, калі муж аддаў сваю жонку саперніку, успомніў:

Мой знаёмец барадаты

Нейкі час хадзіў рагаты,

А затым за паўлітроўку

Уступіў суседу жонку,

Сам завёў яму дахаты:

Хай пабудзе й той сахатым.

Што, дарэчы, і паводле спадара Цімошкі з Валожыншчыны, зусім не факт:

Ў жонкі спраў — заўжды па вочы!

Падмагчы сужэнец хоча:

Каб ёй клопат меншы быў,

Рогі сам сабе купіў.

Анекдот: муж, з'язджаючы ў санаторый, шкадуе жонку, просіць: «Ну ты ж не сумуй»... Пра нейкі час вяртаецца, каля пад'езда бабулькі сядзяць, кажуць: «А твая тут не сумавала...»

Адкуль цалкам лагічнае (ад сужэнцаў Астроўскіх з Мінска):

Павялося так вякамі,

З чым мы цалкам згодныя:

Калі ходзіць муж з рагамі, —

Гэта, людцы – не сям’я.

...Тады пра іншае: тэатр, як вядома, пачынаецца з вешалкі, — нагадвае спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў. І лічыць, што аўтара гэтай аб'явы

Ужо данялі мінакі!

Таму ўсім тлумачу:

Рогі мне — на вешакі:

Ў доме прысабачу!

Што будзе далей, ведае спадарыня Валянціна Гудачкова:

Зручна рогі мець у хаце!

Не адстань ад іншых, браце:

Шык — пры людзях, для парадку

На вяшак ускінуць шапку.

Хоць яно і рызыкоўна, бо, па-першае, можна прамахнуцца, а па-другое, на думку спадарыні Чыгрынавай, праславіцца рэтраградам, бо і сапраўды ж

Капрызуля цётка-мода:

Куфры, сценкі ды камоды,

Кажухі, валёнкі, футры,

Шапкі з пыжыка і нутрый...

А «Мадонны», а крышталь...

Не ў пашане больш, на жаль.

Вось і рогі ўжо не ў модзе

Не купляйце болей, годзе!

З дыялогаў. «Сусед, ты, кажуць, да маёй жонкі ходзіш. Нядобра гэта». — «А вас, Івановых, хіба разбярэш: жонка кажа, што добра, ты — што нядобра...»

Вось і ў поглядах на рогі згоды няма: спадарыня Чыгрынава піша, што яны без патрэбы ўжо, спадар Эльяш Банель з Мінска — якраз наадварот:

Алкаголь здароўю шкодзіць?

Ды як вып'еш, — весялей.

Рогі, кажаце, не ў модзе,

Але ж з імі — нейк смялей!

Ну сапраўды, можна ж калі-нікалі рогам уперціся і...

Надвое бабка варажыла: ці памрэ, ці будзе жыва, бо...

Ёсць такія... Хай нямнога,

Што згубілі недзе страх:

Калі нейкі ўпрэцца рогам,

Біць патрэбна па рагах.

З тога ж канверта, ад сужэнцаў Астроўскіх з Мінска, яшчэ адна слушная заўвага:

Гэту мудрасць чуў ад многіх,

Неаднойчы на вяку:

Не дай, божа, свінні рогі,

Не дай панства мужыку!

Бо

Трэ да лепшага імкнуцца,

Ды напышлівым не будзь,

Бо калегі разбяруцца,

Рогі хутка адаб'юць.

Як гэта было, ведае спадар Валерый Гаўрыш:

Янка — быў начальнік строгі,

Нос кручком задраўся...

Абламалі з часам рогі —-

У ІП падаўся.

Ну чаму б і не, калі (паводле спадарыні Валянціны Гудачковай)

Зноўку Бендэры з дарогі

Хочуць бізнес мець круты:

Тут, у нас, скупляйма рогі,

Потым — пойдуць капыты.

Пра гэты ж, адзін з... чатырохсот параўнальна сумленных спосабаў адымання грошай, і спадар Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка:

Тэма тут — ні даць ні ўзяць:

Фірмы «Рогі з капытамі»

Падбіваюць, каб мы самі

Штось маглі купіць-прадаць.

Хто — кватэру з пераездам,

Хтосьці — два мяхі крупы...

І абляпваюць пад'езды

І абклейваюць слупы.

Што ёсць, тое ёсць, на жаль. Як і безліч самых розных абвестак у інтэрнэце, па радыё, тэлебачанні, у грамадскім транспарце, у крамах, на вуліцах, у паштовых скрынках...

Што датычыцца кароткай і, як выглядае, базарнай, з апошняга конкурснага здымка, дык, відаць, мае рацыю спадарыня Гудачкова:

Кажуць, з рога ўсяго многа...

Ну й скупляе іх Сярога,

Каб пажыць хоць трохі з шыкам...

Каб не выйшла тое пшыкам.

Пра адзін такі — спадарыня Любоў Чыгрынава:

У сяле ці гарадку

Грэх без працы мужыку.

Справу ён сваю адкрыў,

Сувеніраў нарабіў...

Падлічыў выдаткі Глеб

Зарабіў хіба на хлеб.

Як кажуць нашы суседзі, знаў бы прыкуп, жыў бы ў Сочы.

Аб тым, чаго не знаюць-не ведаюць, нашы чытачы, здаецца, не пішуць. Значыць, мы таксама не будзем. Тады — аб тым, што ведаем.

На папярэднім конкурсным здымку (гл. нумар «Звязды» за 15 сакавіка) быў трактар на заснежаным беразе, коламі ў вадзе.

Як ён трапіў у яе, здагадак было шмат. Найцікавейшыя, паводле вялікага чытацкага журы, даслалі спадары Аляксандр Матошка з Расоншчыны і Валерый Гаўрыш з Чавусаў, спадарыні Валянціна Гудачкова з Жыткавіч і Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны, сужэнцы Астроўскія з Мінска.

З гэтым вось, апошнім, меркаваннем пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае, а значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на трэці квартал бягучага года застаецца ў сталіцы.

Хочаце, каб родная газета на роднай мове пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: альбо афармляць падпіску (на месяц, на два, на квартал), альбо ўважліва паглядзець на чарговы конкурсны здымак (унізе), прыдумаць подпіс (можна некалькі, але дасціпных, кароткіх (не больш за восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю. Шанц на выйгрыш мае кожны.

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».