Вы тут

Пра пачуцці — з іроніяй. Глядзім самы навагодні фільм з псіхолагам


Камедыя «Іронія лёсу, або З лёгкай парай!» упершыню была прадстаўлена публіцы 1 студзеня 1976 года. На працягу жыцця некалькіх пакаленняў гэтая карціна — абавязковы, неад'емны атрыбут Новага года. Фільм, які не старэе, даўно разабралі на цытаты: гледачы прамаўляюць іх за акцёраў, апярэджваючы рэплікі з экрана. Яго памятаюць пакадрава і тыя, хто нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, і тыя, хто з'явіўся на свет значна пазней. Гэта ўжо не кіно — гэта традыцыя, частка нашага жыцця.


Але аб чым жа насамрэч гэтая гісторыя? І чаму яна запала ў душу многім пакаленням гледачоў? Пра гэта мы пацікавіліся ў практыкуючага сямейнага псіхолага, гештальт-тэрапеўта Кацярыны Алёхінай.

Падарожжа з Масквы ў Ленінград

«Господи, как скучно мы живем!

В нас пропадает дух авантюризма!

Мы перестали лазить в окна к любимым женщинам...»

(цытата з фільма)

Самым навагоднім фільмам гэтая карціна Эльдара Разанава стала не адразу, а толькі праз дзесяць гадоў пасля прэм'еры. Да гэтага традыцыйным навагоднім фільмам лічылася «Карнавальная ноч» — калі памятаеце, аб арганізацыі «карпаратыву» ў Доме культуры. Але паступова перыпетыі грамадскіх і вытворчых адносін, у якія ўплецены асабістыя матывы, перасталі знаходзіць ранейшы водгук у душах тэлегледачоў, а Новы год стаў пераважна сямейным святам. І пошукі асабістага шчасця для многіх сталі важнейшымі за прызнанне ў калектыве.

Сцэнарый фільма «Іронія лёсу, або З лёгкай парай!» быў напісаны яшчэ ў 1969 годзе. Але героі фільма па-ранейшаму вельмі сучасныя.

— Яны нічым (ну, можа, акрамя адсутнасці смартфонаў) не адрозніваюцца ад сучасных гараджан, — кажа Кацярына Алёхіна. — У іх і цяпер гледачу лёгка пазнаць сябе. Яны баяцца камусьці адкрыцца, імкнуцца выглядаць у чужых вачах лепшымі, разумнейшымі, больш паспяховымі, чым ёсць на самай справе, не любяць гатаваць (і пры гэтым любяць смачна паесці), баяцца адзіноты і імкнуцца быць шчаслівымі, не ведаючы, чаго хочуць на самай справе і як гэта «асабістае шчасце» знайсці.

Стваральнікі фільма, хутчэй за ўсё, напачатку проста задумалі расказаць гледачу добрую гісторыю пра навагодні цуд. Уласна кажучы, такіх фільмаў — пра каханне, якое па волі выпадку людзі знайшлі ў чароўную навагоднюю ноч, ва ўсім свеце знятая не адна сотня, і яны працягваюць здымацца штогод. Але, верагодна, па прычыне выключнага таленту каманды, якая працавала над «Іроніяй лёсу», фільм атрымаўся вельмі жыццёвым. І, калі разабрацца, вельмі сумным. Хоць і смешным.

— Пра «Іронію лёсу» напісана нямала — і забаўляльных артыкулаў, і нават сур'ёзных псіхалагічных работ, — кажа суразмоўніца. — Таму што гэты фільм — ужо не проста кінакарціна, а паўнапраўная жыццёвая з'ява, частка нашага жыцця. У прыватнасці, цікавы разбор персанажаў прапануе вядомы псіхолаг Міхаіл Лабкоўскі ў сваёй кнізе «Хачу і буду». І асабіста мне яго погляд здаецца найбольш глыбокім і аргументаваным.

Такім чынам, разбіраемся з персанажамі: чаму яны могуць навучыць гледача, які жыве амаль праз паўстагоддзя пасля выхаду фільма.

Лукашын: у ціхім віры...

— Я не проходимец, как будто вы этого не видите. Я несчастный человек.

— Как будто несчастный человек не может быть проходимцем!

(цытата з фільма)

І пачнём з галоўнага героя — Жэні Лукашына. Можна сказаць, што сюжэт фільма — гісторыя пра тое, як дзве прыгожыя жанчыны (нявеста Галя (эпізадычная роля) і галоўная гераіня Надзя) змагаюцца за гэтага досыць пасрэднага, не надта прывабнага мужчыну. Дарэчы, на ролю Лукашына, аказваецца, спрабаваўся Андрэй Міронаў. Але ён не здолеў быць у кадры досыць пасрэдным, непрывабным і не харызматычным.

— Што мы ведаем пра Жэню Лукашына? Ён жыве з мамай, і яго гэта цалкам задавальняе. Пры гэтым ён збіраецца ажаніцца, — заўважае гештальт-тэрапеўт. — Мы разумеем, што, у прынцыпе, яму не важна, на кім — проста абзавесціся сям'ёй яму «пара», завесці сям'ю «прыйшоў час». І ініцыятыва тут відавочна належыць нявесце — гэта Галя жэніць яго на сабе. Самога ж Лукашына цалкам задавальняе жыццё з мамай. Хутчэй за ўсё, шлюб Жэні з Галяй, калі б ён адбыўся, быў бы прыгавораны з самага пачатку: Жэня, відавочна, нават пасля вяселля збіраўся будаваць сваё жыццё не з жонкай, а з мамай. Памятаеце, як нявеста кажа яму ў пачатку фільма: «Я хачу сустракаць Новы год з табой! І толькі з табой!», а ён ёй адказвае: «А мама? Мама з намі будзе?».

Такім чынам, «мамчын сынок» жыве сумным размераным жыццём. Ідэальны муж для жанчыны, якой таксама «ўжо пара замуж», таму што «біялагічны гадзіннік цікае». І Галя бярэ, што называецца, быка за рогі і пракладае грудзьмі дарогу да шчасця. Гэта значыць, вырашае зрабіць тое, што не ўдалося яе папярэдніцы, ад якой Лукашын збег («Я уже делал предложение одной женщине и, к моему великому удивлению, она согласилась. Но потом, когда я представил, что она будет (...) каждый день мелькать у меня перед глазами...»). Таму што ў тыя часы лічылася (ды і ў наш час часам яшчэ лічыцца), што да пэўнага ўзросту жанчына павінна «прыдбаць» мужа. Яго варта мець хоць бы ў якасці аб'екта нянавісці...

— Вонкава Лукашын цалкам паспяховы, ён урач-хірург. Зорак з неба не хапае, проста працуе ў паліклініцы. Але ў цэлым станоўчы, адукаваны, не п'е... Акрамя тых рэдкіх выпадкаў, калі ён вырашае «адарвацца». Адарвацца ад мамы, нявесты, звыклага мернага жыцця. І тады ён становіцца іншым. У яго з'яўляецца смеласць (некалькі істэрычная), драйв, ён становіцца дзёрзкім і дзейным. «Я ўпершыню адчуваю, што на ўсё здольны!» — кажа ён Надзі. Але, можна з упэўненасцю сказаць, не ўпершыню. Проста такія моцныя эмоцыі з'яўляюцца ў Жэні рэдка, і ў пэўныя моманты жыцця, калі ён, кажучы сучаснай мовай, «адрываецца». Гэта досыць распаўсюджаны сцэнарый паводзін у тым ліку і многіх сучасных мужчын, — заўважае Кацярына Алёхіна. — Калі эмацыянальны ўсплёск сябе вычарпае, такія людзі вяртаюцца да свайго звычайнага жыцця як ні ў чым не бывала, каб праз нейкі час, часта запланавана (як, дарэчы, і герой фільма), зноў сысці «ў адрыў».

Надзя пазнаёмілася з Жэняй менавіта ў такі момант яго жыцця, і «паўсядзённага» Лукашына яна не ведае. Ці могуць яны тэарэтычна быць разам, калі ў думках працягнуць гэтую гісторыю за тую рысу, якую праводзяць цітры (пакінем «за дужкамі» зняты ў наш час працяг гэтай гісторыі, аб ім мы не гаворым)?

— Мабыць, могуць — у госцевым, як цяпер сказалі б, шлюбе, — адзначае спецыяліст. — Які, цалкам магчыма, у іх і склаўся б згодна з логікай развіцця персанажаў.

Надзя: і дома, і замужам

— Вы замужем?

— Ну, какое это имеет значение?

— Значит, не замужем.

(цытата з фільма)

34-гадовая прыгожая, адукаваная жанчына. Настаўніца рускай мовы і літаратуры. Іграе на гітары і спявае пачуццёвыя рамансы. Жыве з мамай.

— Пакінем убаку кватэрнае пытанне, актуальнае і сёння і часам практычна невырашальнае ў савецкіх рэаліях. Гэта ж кіно, а значыць, мастацкую рэальнасць можна было выбудаваць любую, — кажа Кацярына Алёхіна. — Але Надзя жыве з мамай таму, што гэта — таксама штрых да яе партрэта. Жанчына адчувае сябе няшчаснай («Прыходжу дадому, саджуся ў крэсла і пачынаю сябе шкадаваць...», расказвае яна), ёй самотна, але па факце яна не гатова будаваць дарослыя, сур'ёзныя адносіны.

Чаму мы робім такую выснову? Таму што Надзя распавядае аб сваёй працяглай сувязі з жанатым мужчынам — сустракаліся два разы ў тыдзень на працягу 10 гадоў.

— На такую працяглую сувязь з жанатым мужчынам звычайна ідуць жанчыны з псіхалогіяй ахвяры, — тлумачыць спецыяліст.

Ці хоча Надзя замуж? Не, яна хоча быць шчаслівай, хоча вялікага і чыстага кахання «з кніг». І пры гэтым жыць з мамай, таму што так ёй зручна і бяспечна. А Іпаліт — станоўчы, «дарослы», надзейны, з «сур'ёзнымі намерамі». Гэта кампраміс ціску асяроддзя: гэтак жа, як і Лукашын, як і яго нявеста Галя, Надзя лічыць, што да вызначанага ўзросту «трэба стварыць сям'ю» (і сяброўкі ўхваляюць Іпаліта, раяць: глядзі не выпусці...). Такі шлюб псіхолагі называюць «функцыянальным», гэта значыць, зручным абодвум партнёрам (дзе пра каханне, увогуле, гаворкі не ідзе). Зразумела, Іпаліта гераіня не любіць, інакш Лукашын не змог бы збіць яе з панталыку. Але чым жа прыцягнуў прыгажуню Надзю п'яны хам, які ўвальваецца ў яе кватэру (і, паступова цверазеючы, аказваецца не такім ужо хамам)?

— Жэня для Надзі на падсвядомым узроўні — цалкам прыдатны мужчына. Ён з іншага горада, акрамя таго, усяляк пазбягае шлюбу. Па логіцы развіцця персанажаў, Лукашын, я сказала б, стане жыць «на два гарады». І кожны з закаханых па факце застанецца са сваёй мамай і са сваім жыццём, — адзначае суразмоўца. — Што Надзю (на падсвядомым узроўні) цалкам задавальняе (хоць і робіць яе няшчаснай): і мужчына ў яе жыцці будзе, і жыццё мяняць не трэба.

Іпаліт: яшчэ адзін самотны чалавек

«Какая же гадость эта ваша заливная рыба!»

(цытата з фільма)

Такім чынам, Надзя не любіць Іпаліта. Але ці любіць Іпаліт сваю нявесту?

— Думаю, таксама не, — лічыць псіхолаг. — Для яго Надзя — тое, што называецца «выдатны варыянт». Прыгожая, адукаваная, паслухмяная, маладая, але не юная... Яна — стабільны і спакойны «варыянт» для ціхага, небагатага на падзеі сямейнага жыцця, да якога Іпаліт імкнецца. Імкнецца, бо таксама лічыць, што яму «надышла пара стварыць сям'ю».

Упэўнены ў сабе, прадстаўнічы і «дамінантны» з выгляду Іпаліт у прыстойнай бабровай шапцы на самай справе — вельмі няўпэўнены ў сабе чалавек. Адсюль — яго рэўнасць, яго бурная рэакцыя пры сустрэчы з Лукашыным у кватэры нявесты. У выніку ён разбурае сваё шчасце сваімі ж рукамі. Павядзі ён сябе інакш — і выпадак са з'яўленнем Жэні ў Надзінай кватэры так і застаўся б нязначным эпізодам у жыцці Надзі. Але Іпаліт пагаршае сітуацыю і тым самым штурхае галоўных герояў у абдымкі адно аднаго. Для яго жыццё, усе падзеі і пачуцці дзеляцца толькі на чорнае і белае, на «правільна» і «няправільна». Калі нешта ідзе не па наезджанай каляіне, ён губляецца і ўпадае ў істэрыку. Ён не бачыць, не хоча бачыць паўтонаў, і гэта — прычына таго, што ён таксама нешчаслівы.

Дык у чым іронія?

«Разве может быть запрограммированное, ожидаемое, запланированное счастье?»

(цытата з фільма)

Іроніі ў фільме сапраўды з лішкам. Над тыпавымі дамамі і кватэрамі, сярод якіх жывуць людзі з «тыпавымі» перакананнямі і памкненнямі (за рамкі якіх вырываюцца ў навагоднюю ноч практычна ўсе асноўныя героі карціны). Над нізкімі заробкамі ўрачоў і настаўнікаў. Але чаму гэтае шоу неўрастэнікаў, гэтая гісторыя, дзе ніхто нікога на самай справе не любіць, так запала ў душу пакаленням гледачоў? Таму што гэта — пра жыццё, пра жывых людзей. Няўпэўненых у сабе, адзінокіх, але якія мараць пра шчасце. Няхай і ненадоўга, толькі на адну навагоднюю ноч, але паміж галоўнымі героямі, Жэняй і Надзяй, праскоквае іскра: узнікае сапраўднае пачуццё, душэўная сувязь. Гэта і ёсць навагодні цуд.

— І яшчэ адзін аспект. «Іронія лёсу» нібы дазваляе нам быць такімі, якія мы ёсць, — часам інфантыльнымі, часам няўдалымі, часам смешнымі. Фільм дапамагае гледачу прыняць сябе з усімі сваімі памылкамі, страхам адзіноты, няўпэўненасцю. З усімі камічнымі або непрывабнымі сітуацыямі, у якія часам трапляе кожны. Прыняць сябе, пасмяяцца з сябе і дараваць. Бо ніхто не ідэальны. Але шчасце і каханне з неідэальнымі намі часам таксама могуць здарыцца, — упэўнена Кацярына Алёхіна.

Дыяна РОНІНА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.