Вы тут

У Віцебску падвялі вынікі Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ІFMC


Пасля двухгадовага перапынку ў Віцебску зноў запаліліся агні Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ІFMC. Гран-пры XXXІІІ фестывалю прысуджаны тэатру танца «Праспект» з Цюмені за пастаноўку «Усякае дзеянне нараджае супрацьдзеянне».


Тэатр танца «Праспект» з Цюмені.

Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (ІFMC — Іnternatіonal Festіval Modern Choreography) стаў першым і да 1997 года заставаўся адзіным форумам сучаснага танца на тэрыторыі былога СССР. Праграма ІFMC уключае балетныя спектаклі, выступленні тэатраў танца, арыгінальныя выставы фота і жывапісу, прысвечаныя танцу, практычныя майстар-класы, лекцыі аб сучасным мастацтве, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі, адкрытыя дыскусіі, кінапаказы. Галоўнай падзеяй свята танца з'яўляецца міжнародны конкурс, які праводзіцца раз на два гады і чаргуецца з беларускім конкурсам сучаснай харэаграфіі.

Два гады запар фестываль, які, як і «Славянскі базар», з'яўляецца візітнай карткай горада на Дзвіне, пераносілі з-за пандэміі, а сёлета ў канцы лістапада Віцебск ізноў на пяць дзён закружыўся ў харэаграфічнай віхуры. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада зачытаў прывітальны адрас міністра Анатоля Маркевіча і адзначыў, што конкурс брэйк-данса, які шмат гадоў таму зарадзіўся ў культурнай сталіцы Беларусі, сёння з'яўляецца яркай міжнароднай падзеяй. «Імя гэтага фэсту напрацоўвалі вельмі знакавыя і выдатныя асобы: і Раду Паклітару, і Уладзімір Васільеў, і Валерый Елізар'еў, наш выдатны балетмайстар. Асобныя словы падзякі я хацеў выказаць Віцебскаму рэгіёну за арганізацыю і правядзенне гэтага фестывалю», — адзначыў Валерый Іванавіч.

«Пасля двухгадовага перапынку гэты фестываль-феерыя зноў у нас. Ён ператварыўся ў падзею міжнароднай велічыні, якая выяўляе самых выдатных людзей у сферы сучаснай харэаграфіі з усяго свету», — падкрэсліў у віншавальным слове старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Асаблівымі апладысментамі падчас святочнага адкрыцця на віцебскай сцэне сустракалі народнага артыста СССР Уладзіміра Васільева. Легенда балета падкрэсліў, што для яго вялікі гонар прысутнічаць на фестывалі. Артыст нагадаў, што 10 гадоў таму ён прыязджаў у Віцебск, і падзяліўся ўспамінамі пра свае работы. Дарэчы, у межах фестывалю сучаснай харэаграфіі адкрылася выстава яго акварэльных карцін, на двух з 30 палотнаў — віцебскія пейзажы, якімі мастак захапіўся ў 2012 годзе, калі ўзначальваў журы ІFMC.

Эмацыйны, яркі, пранікнёны — усё гэта аб першым спектаклі, які пачаў адлік XXXІІІ фестывалю. Ім стаў «Рахманінаў», прывезены ў танцавальны Віцебск дзяржаўным маладзёжным ансамблем песні і танца «Алтай» імя Ф. Бярэзікава з Барнаула. На сцэне драматычнага тэатра імя Якуба Коласа незалежная кампанія сучаснага танца Lіbertatem прапанавана спектакль «Гаўдзі», а госці з Казані — тэатр танца «Дарога з горада» — спектакль «Не будзіце спячага сабаку». У межах пяці фестывальных дзён прайшлі майстар-класы выкладчыкаў са Швецыі, Арменіі, Паўночнай Македоніі, Расіі, а таксама фотавыстава «Грузчыкі ветру».

У даніну памяці харэографу Яўгену Панфілаву, знакавай для віцебскага форуму фігуры, які пайшоў з жыцця 20 гадоў таму, пермскі тэатр «Балет Яўгена Панфілава» аднавіў яго па-ранейшаму актуальны спектакль 20-гадовай даўніны «Капітуляцыя».

Гран-пры XXXІІІ Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі атрымаў тэатр танца «Праспект» з Цюмені за пастаноўку «Усякае дзеянне нараджае супрацьдзеянне». Харэограф і мастацкі кіраўнік калектыву Аксана Бакланава прызналася, што не чакала такой высокай ацэнкі журы, хоць гэта праца была адзначана на фестывалі ў Цюмені. Але прызнанне на ІFMC — дарагога варта. Харэограф звязана з Віцебшчынай: яе бацькі родам з Ушацкага раёна, а вось у горад на Дзвіне Аксана прыехала ўпершыню і была прыемна ўражаная.

Спектакль-пераможца, паводле слоў пастаноўшчыка, нараджаўся больш за два гады з розных мініяцюр. Суцэльная канцэпцыя склалася некалькі месяцаў таму, прэм'ера адбылася ў кастрычніку. Гэта аповед пра чалавека і навакольны свет, танцоры расказваюць пра памылкі, сумневы, барацьбу, пошук адказу на пытанне — хто ёсць чалавек.

Міжнародны конкурс быў і застаецца галоўнай падзеяй фестывалю. Па словах старшыні журы, галоўнага балетмайстра Вялікага тэатра оперы і балета Ігара Колба, яму было цікава глядзець работы маладых харэографаў, Ігар Паўлавіч адзначыў, што імкнуўся асабіста перажыць кожную гісторыю, якую танцоры распавядалі са сцэны.

Усяго за тры дні членамі журы было прагледжана 25 калектываў, 39 твораў, у фінал выйшлі ўсяго 15. Праект Яўгеніі Нікалайчук з Мінска і магілёўскі народны харэаграфічны ансамбль «Алеся» падзялілі першую прэмію. Уладальнікамі ІІ прэміі сталі тульскі калектыў -танцавальная «НІКА dance company» і праект Дзяніса Чарнышова з Чэлябінска. Мінскаму тэатру танца «Альтана» прысудзілі ІІІ прэмію Міжнароднага конкурсу сучаснай харэаграфіі ІFMC.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.