Вы тут

Мінск 100 гадоў таму можна ўбачыць на малюнках Аксельрода


Мінск часоў Янкі Купалы — які ён быў? Гісторыкі і даследчыкі могуць шмат распавесці пра горад пачатку ХХ стагоддзя. Але яго вобраз, адчуванне, атмасферу ўсё ж варта шукаць у мастацкіх творах таго часу. І вось жа падарунак сталіцы Беларусі — яе адметнасць вачамі вядомага савецкага мастака Меера Аксельрода, які пачынаў свой творчы шлях менавіта ў Мінску і з задавальненнем яго маляваў. А цяпер мы можам убачыць-уявіць горад 20-х гадоў мінулага стагоддзя: выстаўка «Меер Аксельрод. Успамін пра Менск» працуе ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.


Сёлета адзначаецца 120-годдзе мастака, якога пры жыцці папракалі ў падабенстве з Мадзільяні. Ці ўсё ж параўноўвалі?! Бо за савецкім часам многае трэба было ўспрымаць наадварот. Аксельрод мог не ўпісвацца ў існуючую плынь сацрэалізму, бо для яго было важнае не толькі вонкавае падабенства прадметаў, але і ўласнае адчуванне таго, што ён маляваў. З рысамі хуткаплыннасці, імклівасці, часовасці таго, што было навокал.

З колерамі, за якімі — здзіўленне, эмоцыі, увасабленне жыцця. Экспрэсія — кажам цяпер. Як у яго ж паплечніка па таварыстве «4 мастацтвы» Кузьмы Пятрова-Водкіна, які пэўны час быў пад уплывам Маціса. Усё мяняецца ў жыцці, і тым не менш, у любых абставінах можна заставацца сабой — як Меер Аксельрод.

Яго часта згадваюць як бацьку паэткі і перакладчыцы Алены Аксельрод. Так і ёсць — проста яна бліжэй да нас у часе (нарадзілася ў 1932 годзе, прычым у Мінску!). Наогул лёсавызначальны горад для Меера Аксельрода. Дарэчы, тут ён канчаткова зрабіў свой жыццёвы выбар на карысць мастацтва. У Мінску сям'я асела пасля Першай сусветнай вайны, таму што не змагла вярнуцца з эвакуацыі ў роднае Маладзечна, дзе і нарадзіўся Меер. Малады чалавек, які да таго часу ўжо вучыўся маляванню, пачаў рабіць афішы для кінатэатраў — гэтым зарабляў. Мінск яго натхняў на ўдасканаленне ўласнай творчасці і на тое, што трэба з ёю выходзіць да людзей. Не толькі праз выкладанне малявання ў школах. Аказалася, яго ўласная творчасць вартая ўвагі. Меер бярэ ўдзел у І Мастацкай выстаўцы ў Мінску ў 1921 годзе — там былі прадстаўлены адразу 36 яго работ. Патэнцыял мастака адзначылі і накіравалі яго на факультэт графікі Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрняў. Але нават пераехаўшы ў Маскву, ён не парываў сувязі з Радзімай, супрацоўнічаў з Беларускім дзяржаўным яўрэйскім тэатрам. Горад даваеннага часу ў яго захаваўся горадам магчымасцяў не толькі ўласна для самога сябе — ён быў мультыкультурны, але з адметным гістарычным абліччам. Меер тое бачыў і разумеў, таму што яму давялося жыць каля Мінскага замчышча. І вось жа мы бачым гэтыя мясціны праз 100 гадоў!

Шчырасць, радасць, улюбёнасць — у работах, прадстаўленых на выстаўцы ў Музеі Купалы. Малюнкі, на якіх тонкія лініі алоўка схапілі абрысы будынкаў, альбо творы, дзе колер пазначае ландшафт і акцэнтуе характэрныя для Мінска аб'екты — нават цяпер мы іх пазнаём. Для Аксельрода адчуванне Мінска 1920-х гадоў, які адкрыў яму шлях у мастацтва, было вельмі дарагое. Нездарма паводле накідаў, эскізаў і замалёвак ён у 1960-я створыць серыю «Успаміны пра стары Мінск».

Малюнкі і акварэлі, што прадстаўлены на цяперашняй выстаўцы, знаходзяцца ў прыватным зборы калекцыянера Аляксандра Радаева, які, дарэчы, злучае і нашчадкаў Аксельрода з яго Радзімай. Унук Меера Аксельрода — мастак Міхаіл Яхілевіч — з задавальненнем дзеліцца ўспамінамі пра свайго дзеда, які меў шмат выставак пры жыцці як у СССР, так і за яго межамі. Але і пасля смерці Меера Аксельрода выстаўкі яго твораў ладзіліся ў Маскве, Ленінградзе, Нью-Ёрку, Лондане, Ізраілі. У юбілейны год мастака ўспамінае Мінск.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.