Вы тут

Тэхналогіі з прыстаўкай «пера»


Пытанне раздзельнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў даўно ўзнімаюць эколагі ўсяго свету, імкнучыся данесці да людзей важнасць перапрацоўкі выкарыстанай тары. Мы даведаліся, дзе ў Віцебску атрымліваюць другое жыццё пластыкавыя бутэлькі і ў якім выглядзе яны вяртаюцца да спажыўцоў.


У маі мінулага года ў горадзе на Дзвіне пачаў работу самы сучасны ў краіне смеццесартавальны завод камунальнага аўтатранспартнага ўнітарнага прадпрыемства «Спецаўтабаза горада Віцебска». Дарэчы, паўночны рэгіён дагэтуль быў адзіным абласным цэнтрам, дзе не было падобнай сартавальна-перапрацоўчай установы. На будаўніцтва найноўшага смеццесартавальнага комплексу было накіравана звыш 38 мільёнаў рублёў. У чым жа «фішка» завода, якая дае яму права называцца самым сучасным? Пра ўсё — па парадку.

Установа абслугоўвае горад і Віцебскі раён, у перспектыве — пашырэнне тэрытарыяльнага ахопу насельніцтва: Гарадоцкі, Шумілінскі і Лёзненскі раёны вобласці. Вытворчыя магутнасці прадпрыемства дазваляюць сартаваць каля 100 тысяч тон адходаў за год, дзённая норма — каля 200 тон. Адна за адной машыны прыбываюць на тэрыторыю завода, праходзяць праз вагі і выгружаюць смецце ў бункер.

Сярод галоўных другасных матэрыяльных рэсурсаў — шкло, метал і папера, іх сарціроўка да сёння застаецца праблемай. Рэч у тым, што культура раздзельнага збору смецця дагэтуль у нас не прыжылася, нягледзячы на спецыяльныя каляровыя кантэйнеры, рознага кшталту сацыяльную рэкламу і грунтоўныя разважанні эколагаў. На спецаўтабазе былі і спецыяльныя машыны, прыстасаваныя да раздзельнага збору, але ўсё часцей у паперы з'яўлялася шкло і наадварот. Калі б кожны чалавек ставіўся сумленна да такога пытання сусветнай важнасці, працэс сарціроўкі на заводзе адбываўся б хутчэй, што дазволіла б перапрацоўваць больш.

Пасля бункера смецце адпраўляецца на стужку, дзе работнікі завода ўручную выбіраюць буйнагабарытныя прадметы, якія могуць пашкодзіць абсталяванне. Наступны тэхнічны працэс называецца арганічным адсевам, яго ажыццяўляе вялікі барабан з дзіркамі, праз якія адсейваюцца харчовыя адходы, яны спрасоўваюцца і накіроўваюцца на кампоставую пляцоўку, дзе перагніваюць. Арганічнаму кампаненту таксама знайшлі прымяненне: каля завода знаходзіцца палігон бытавых адходаў, дзе рэгулярна праводзяцца захаванні, кожны слой смецця павінен перасыпацца кампостам, ім пасыпаюць і схілы смеццевых гор.

Ужо пасля арганічнага адсеву надыходзіць час аўтаматызаванай сістэмы: магнітныя сепаратары прыцягваюць металічныя рэчы, магутнасць абсталявання дазваляе з агульнага рада «вычапіць» найдрабнейшыя металічныя часткі, але і тут без чалавечых рук не абысціся. Напрыклад, сепаратар прыцягвае балоны ад дэзадарантаў і асвяжальнікаў, у якіх ёсць пластыкавыя і гумавыя часткі, што затым аддзяляюць уручную, або старыя цвікі ў пакеце, які таксама трэба адсартаваць ад металаў. Аптычная ўстаноўка выдзімае лёгкія адходы.

Шрэдар — прыстасаванне для драбнення драўніны, якое пераўтварае яе ў шчэпкі. Прычым да працэсу дапускаецца толькі чыстае дрэва: астаткі ад лесанарыхтоўкі, пні, тоўстыя галіны, а вось, напрыклад, часткі мэблі, якая зроблена з прасаванага пілавіння з дабаўленнем клею і лакафарбавых вадкасцяў, не падыходзяць. Шчэпкі, якія з'яўляюцца гатовым прадуктам перапрацоўкі, рэалізоўваюць і выкарыстоўваюць для ацяплення завода.

Завод адсартоўвае металы, ПЭТ-бутэлькі, пластыкавыя ўпакоўкі ад мыйны сродкаў, поліпрапіленавыя мяшкі, кардон, тэтрапакі, каляровыя металы (напрыклад, алюмініевыя бляшанкі), жалеза. У перспектыве — асваенне сарціроўкі і перапрацоўкі латкоў з-пад яек, але тут галоўнай праблемай з'яўляецца паступленне адходаў такога тыпу ў брудным стане, што значна ўплывае на працэс перапрацоўкі. Цікавы момант з тканінамі розных відаў: яны паступаюць на завод, але знайсці ім далейшае прымяненне нельга — вяртаемся да пытання неразумення грамадзянамі важнасці раздзельнага збору. Адзенне, якое выкідваюць людзі, змешваецца з харчовымі адходамі ды іншымі бруднымі матэрыяламі і прыходзіць на завод у нікчэмным стане, а перапрацоўваць брудную тканіну, каб гэта давала эканамічны вынік, пакуль не навучыліся.

Нягледзячы на тое, што аўтаматызаваная сістэма вылучае пластыкавыя або, як любяць казаць на заводзе, ПЭТ-бутэлькі, усе яны розныя, і каб атрымаць пэўную прадукцыю пасля перапрацоўкі, іх трэба адсартаваць па чатырох відах: празрыстая і каляровая, з тонкага або цвёрдага пластыку. Пасля адбору яны паступаюць на склад, потым праходзяць дэзапрацоўку і адпраўляюцца на лінію, з якой выходзяць у выглядзе «флексы» празрыстай або каляровай. «Флекса» — гэта кавалачкі пластмасы дробнай фракцыі, якія потым вяртаюцца да спажыўцоў... у куртках-пухавіках. Другасная сыравіна пад уздзеяннем высокіх тэмператур пераплаўляецца ў масу, з якой атрымліваюць нітку, а яна ўжо становіцца асновай сінтэпону, якім набіваюць пухавікі, мяккія цацкі і не толькі.

Цяпер вядуцца пусканаладачныя работы па вытворчасці гранул з поліэтыленавай плёнкі, першыя вынікі атрымання прадукцыі з другаснай сыравіны ўбачыла і я. Маленькія выпуклыя круглячкі атрымліваюць шляхам расплаўлення поліэтылену, які праходзіць праз своеасаблівае сіта, дзе гарачыя кроплі механічна абразаюцца і ахалоджваюцца. Потым гранула выкарыстоўваецца пры вырабе пластыкавых вядзёр, гаршчкоў для кветак і іншай палімернай тары. Вытворчыя магутнасці завода разлічаны толькі на два працэсы: сарціроўку, якая ідзе няспынна, і выраб «флексы», шчэпак або гранул.

Што застаецца пасля паглыбленай сарціроўкі? Каля 50 працэнтаў астаткаў павінна выкарыстоўвацца на цэментных заводах як RDF-паліва, аднак не ўсе прадпрыемствы маюць спецыяльныя катлы для спальвання такіх прасаваных брыкетаў. Пакуль адходы, якія не падлягаюць далейшай перапрацоўцы, паступаюць на гарадскі палігон.

І, вядома, адказ на галоўнае пытанне, якое турбуе кожнага, хто не быў на тэрыторыі смеццесартавальнага завода, я знайшла таксама! Жудасных пахаў, ад якіх становіцца млосна, няма, некалькі хвілін — і нос звыкаецца з асяроддзем. Толькі, расказваюць работнікі, калі ідзе дождж або снег і смецце намакае, пахі становяцца ярчэйшымі. «Мясцовых жыхароў» завода, якія апынаюцца ў кучах з кантэйнераў, хапае таксама, да іх работнікі ўжо прывыклі. А пацукі, відаць, з-за добрага жыцця, уражваюць сваімі памерамі. Але турбавацца і ўяўляць іх у выглядзе спрасаваных брыкетаў не трэба — грызуны жвава разбягаюцца са смеццевай кучы, калі набліжаецца пагрузчык. Бывалі выпадкі, калі на заводскай стужцы з адходамі «ехалі» і хатнія маленькія пацукі, аднак гэта былі гісторыі з добрым канцом: работнікі забіралі жывёлін у новую сям'ю. Нярэдка людзі прыязджаюць на завод шукаць у безлічы адходаў выпадкова выкінутыя рэчы: грошы, ювелірныя ўпрыгажэнні, але мала каму шанцуе — аб'ёмы паступленняў занадта вялікія.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Віцебскія весткі»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.