Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


Прозвішчы рэктараў Віцебскага медыцынскага інстытута я ўпершыню пачуў ад свайго малодшага брата Міхаіла. Ён паступіў у гэты інстытут у 1971 годзе, рэктарам тады быў кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Яўген Мікалаевіч Мядзведскі. А з 1979 па 1996 год гэтую ВНУ узначальваў вядомы ў краіне хірург, доктар медыцынскіх навук, прафесар Міхаіл Рыгоравіч Сачак. Брат ганарыўся сваім інстытутам і яго рэктарамі. Віцебскі медыцынскі інстытут да 1989 года падначальваўся Міністэрству аховы здароўя СССР, гэта значыць, быў, як тады казалі, саюзнага значэння, і яго выпускнікі размяркоўваліся на працу па ўсяму Савецкаму Саюзу, у тым ліку і ўрачамі ва Узброеныя сілы. Пры яго заснаванні ў 1934 годзе на выкладчыцкую працу ў Віцебск былі накіраваны вучоныя-медыкі з першакласных навуковых школ Масквы і Ленінграда, яны і сфарміравалі першасны прафесарска-выкладчыцкі склад інстытута. У гады Вялікай Айчыннай вайны інстытут быў эвакуіраваны спярша ў Чалябінск, затым у Яраслаўль. У 1946 годзе ён вярнуўся у Віцебск і прадаўжаў падрыхтоўку ўрачоў ізноў для ўсяго Савецкага Саюза. У 1959 годзе інстытут засяліўся ў новы галоўны вучэбны корпус, для студэнтаў быў пабудаваны інтэрнат. Да гэтага часу ў ВНУ сфарміраваліся і набралі сваю сілу свае навуковыя школы, і ўжо яны пачалі рыхтаваць для інстытута навукова-педагагічныя кадры. У такой школе шпітальнай хірургіі і прайшло станаўленне вучонага-хірурга, доктара медыцынскіх навук, прафесара Аляксандра Мікалаевіча Косінца.


Аляксандр Мікалаевіч узначальваў Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт з 1997 па 2005 год. Мы з ім і пазнаёміліся як рэктары. Пасля майго прызначэння міністрам адукацыі сталі бачыцца часцей, хаця яго ўніверсітэт уваходзіў у сферу дзейнасці Міністэрства аховы здароўя. Аляксандр Мікалаевіч чалавек энергічны, дзейсны, у працы арганізаваны. У Віцебскі медыцынскі інстытут ён паступаў пасля заканчэння Мінскага сувораўскага вучылішча, выдатную вучобу і навуковую працу сумяшчаў з актыўнай грамадскай дзейнасцю — узначальваў камітэт камсамола інстытута. На рэктарскай пасадзе таксама разгарнуўся, заклаў будаўніцтва новага вучэбнага корпуса, адрамантаваў і добраўпарадкаваў старыя вучэбныя карпусы, разумна задзейнічаў у вучэбным працэсе нават іх падвалы. Я гэта бачыў, мы з Аляксандрам Мікалаевічам прайшлі па ўсіх памяшканнях, і ён з энтузіязмам расказваў пра будучыя планы развіцця ўніверсітэта. Але мне, мяркую, ды і другім таксама, было ўжо зразумела, што для магчымых маштабаў яго дзейнасці межы ВНУ Аляксандру Мікалаевічу станавіліся цеснымі. Тым болей, што рэктара Косінца і грамадскасць, і кіраўніцтва краіны заўважылі на першым Усебеларускім сходзе ў кастрычніку 1996 года, дзе ў сваім выступленні ён прапаноўваў новыя падыходы для ўладкавання грамадзянскай супольнасці суверэннай Беларусі. У 2005 годзе Аляксандр Рыгоравіч прызначыў рэктара Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта віцэ-прэм’ерам і даручыў яму курыраваць ўсю сацыяльную сферу краіны, у 2008 годзе — губернатарам Віцебскай вобласці, у 2014-м — Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта.

Мы з Аляксандрам Мікалаевічам і розных характараў, і рознага прафесійнага выхавання. Я — матэматык, якому ўласцівы часта лішнія сумненні, скрупулёзныя развагі, асцярожнасць. Ён — хірург, навучаны дзейнічаць хутка — калі ён будзе сумнявацца, прымаць рашэнне па ампутацыі аднаго пальца ці не, то пацыент можа пазбавіцца рукі, а то і жыцця. Таму ў нас былі часам розныя падыходы да вырашэння праблем, якія ўзнікалі, адсюль — спрэчкі і напружаныя адносіны. Але рэктарскае мінулае абодвух дазваляла заўсёды знайсці прымальнае рашэнне, дамовіцца і застацца ў сяброўскіх адносінах.

Рэктарскі корпус — безумоўны рэзерв кадраў і для болей высокіх пасад. Прыкладаў таму шмат, але, як правіла, рэктары станавіліся міністрамі — адукацыі, культуры. У наш час толькі рэктар БНТУ прафесар М. І. Дзямчук і рэктар Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта прафесар А. М. Косінец сталі віцэ-прэм’ерамі. І толькі Аляксандр Мікалаевіч яшчэ і губернатарам, і Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта.

Пасля прафесара Косінца дзесяць гадоў універсітэтам кіраваў доктар медыцынскіх навук, прафесар Валерый Пятровіч Дзейкала, цяпер там працуе рэктарам доктар медыцынскіх навук Анатоль Тадэвушавіч Шчасны. Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт працягвае рыхтаваць высакакласных дактароў і фармацэўтаў.

Рэктарам Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны з 1998 па 2016 гады быў доктар ветэрынарных навук, прафесар Іван Антонавіч Ятусевіч. Вось з ім як з кіраўніком ВНУ я і працаваў. Хаця акадэмія і належала Міністэрству сельскай гаспадаркі, за якасць вучэбнага працэсу там, як і ва ўсіх ВНУ краіны, адказвала Міністэрства адукацыі, таму я бываў у гэтай ВНУ, добра ведаў рэктара. Іван Антонавіч — высокі, спакойны, нешматслоўны чалавек — і ў справе, і ў стасунках быў уважлівы і дзелавіты. Праблем нам не ствараў, да яго акадэміі прэтэнзій не ў нас, не ў калег з Мінсельгасхарчу не ўзнікала. Болей таго, калі Горацкай сельгасакадэміі патрабаваўся новы рэктар, Іван Антонавіч прапаноўваў туды свайго прарэктара, і не адзін раз. У яго была добрая кадравая школа. А яго прарэктар па навуковай рабоце, доктар біялагічных навук, прафесар Аляксандр Міхайлавіч Субоцін быў запрошаны на працу ў эканамічнае ўпраўленне Адміністрацыі Прэзідэнта, пасля працаваў намеснікам міністра сельскай гаспадаркі, памочнікам Прэзідэнта па Віцебскай вобласці, быў членам калегіі (міністрам) Еўразійскай эканамічнай камісіі, віцэ-прэм’ерам, а ў снежні 2021 года Прэзідэнт яго прызначыў губернатарам Віцебскай вобласці. З прарэктараў — у губернатары, яшчэ адзін прыклад рэктарскага рэзерву, і ізноў з Віцебскай вобласці!

Мяркую, выбар ордэна езуітаў горада Полацка ў Віцебскай вобласці для заснавання свайго каледжа быў не выпадковым. Ён даў пачатак магутнай сістэме адукацыі ў гэтым рэгіёне, яе фарміравалі разумныя і дзейсныя асобы, такія, напрыклад, як рэктары, пра якіх я расказваў.

Рэктарамі Гомельскага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны ў свой час былі знакамітыя беларускія вучоныя, акадэмікі Уладзімір Аляксеевіч Белы і Барыс Васільевіч Бокуць. Начуты я пра іх быў шмат, але асабіста пазнаёміцца, на вялікі жаль, не давялося. Традыцыю, калі ўніверсітэт узначальваюць буйныя, масцітыя вучоныя, у Гомелі прадоўжыў член-карэспандэнт АН БССР, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Леанід Аляксандравіч Шэмяткоў, і з ім лёс мяне ўжо звёў.

Леанід Аляксандравіч годны прадаўжальнік навуковай школы акадэміка Сяргея Антонавіча Чуніхіна. У савецкі час у Беларусі сфарміраваліся дзве вядомыя ва ўсім свеце алгебраічныя навуковыя школы — акадэміка Чуніхіна канчатковых груп і акадэміка Платонава лінейных груп. Яны супернічалі, што было нядзіўным але не заўсёды спрыяла справе. Прафесар Шэмяткоў стаў годным прадаўжальнікам свайго настаўніка, яго тэорыя фармацый (вызначаных класаў) канчатковых груп атрымала прызнанне спецыялістаў ва ўсім свеце, у гэтай тэме Гомель стаў у некаторым родзе матэматычнай Меккай, да Леаніда Аляксандравіча паехалі вучыцца маладыя вучоныя з далёкага і блізкага замежжа. У члены-карэспандэнты Акадэміі навук яго выбралі ў 1980 годзе, а ў акадэмікі калегі не прапускалі. Ужо міністрам я адкрыта звяртаўся да сапраўдных членаў Нацыянальнай акадэміі навук, сцвярджаючы, што выбранне рэактара Шэмяткова акадэмікам будзе не толькі дастойнай адзнакай яго ўклада ў развіццё матэматыкі, але мае нават палітычнае адценне — такой Гомельскай навуковай школай сусветнага ўзроўню Беларусь можа ганарыцца! Не пераканаў, не змог пераадолець карпаратыўны дух у акадэмічным асяроддзі.

Леанід Аляксандравіч знешне выглядаў вельмі сціплым чалавекам, але пра развіццё свайго ўніверсітэта турбаваўся настойліва. Памятаю, як ён сам прыехаў да нас у Магілёўскі ўніверсітэт — многія нашы выкладчыкі былі ўключаны ў атэстацыйную камісію па Гомельскаму ўніверсітэту, і ён хацеў папярэдне іх пазнаёміць са станам спраў у сваёй ВНУ. А пасля праходзілі атэстацыю мы, і ён падзяліўся з намі сваім вопытам ў праходжанні такой маштабнай рэвізіі ўніверсітэтам. Тады ўжо мы паехалі ў Гомель цэлай дэлегацыяй, і рэктар цалкам адкрыў для нас «усе карты».

У 1999 годзе рэктар камандзіраваў мяне на 70-годдзе Гомельскага ўніверсітэта. Мне запомнілася гэтая паездка. На рэктараце мы доўга разважалі над падарункам. Прапанова з карцінай не прайшла — загадчыца бібліятэкі абурылася:

— Ну колькі мы ўжо будзем дарыць гэтыя «хмызнякі»?

Спынілі свой выбар на вялікай прыгожай вазе. Вось яе я і павёз у Гомель. Ля ўвахода ва ўніверсітэт мяне сустрэў, як і павінна было па майму тагачаснаму рангу, першы прарэктар прафесар Міхаіл Васільевіч Селькін. Гэта вучань Шэмяткова, таму я ўжо ведаў яго і па навуковых публікацыях, і асабіста. Запытаўся ў яго:

— Якая праграма юбілейных урачыстасцяў?

— Агульны сход, святочны канцэрт і прыём ганаровых гасцей у рэктара.

— Я на сходзе з прывітальным словам ад свайго ўніверсітэта выступаю?

— Не! Толькі рэктары, і то не ўсе. Гасцей прыехала шмат, але сход мы не жадаем зацягваць па часе.

— Дзе я сяджу?

— У зале, побач са мною.

—  А як тады мне быць з падарункам?

— Давай аднясём тваю вазу ў мой кабінет, а пасля я перадам яе рэктару.

Мы так і зрабілі. Размясціўшыся ў зале, мне можна было спакойна паслухаць даклад рэктара Шэмяткова, выступленні кіраўнікоў міністэрства і вобласці, прывітанні калег-рэктараў. І паназіраць за тым, што адбываецца. Я, напрыклад, заўважыў, што рэктар Гродзенскага ўніверсітэта прафесар С. А. Маскевіч прыйшоў на сваё месца ў прэзідыум з вялікай, запакаванай у абгортачную паперу, карцінай. А слова для прывітання яму не далі. Так і панёс ён яе пасля за кулісы. Я для сябе адразу вырашыў, што і надалей буду раіцца з Селькіным.

Даклад рэктара быў змястоўным і па-матэматычнаму элегантным. Але асаблівае ўражанне Леанід Аляксандравіч зрабіў на канцэрце, калі заняў месца за раялем. Ён быў цудоўным піяністам, музыцыраваў з вядомымі выканаўцамі і нават запісаў з імі два дыскі.

І на рэктарскай пасадзе прафесар Шэмяткоў заставаўся лідарам навуковай школы. Адкрыў ва ўніверсітэце спецыялізаваны савет па абароне доктарскіх дысертацый па тэматыцы сваіх даследаванняў, падрыхтаваў цэлую плеяду матэматыкаў, якія паспяхова прадоўжылі яго справу. Стырно кіравання ўніверсітэтам у 1999 годзе перадаў прафесару М. В. Селькіну.

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Працяг будзе 12 лістапада

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.