Вы тут

Сенатар Алена Зяблікава наведала гандлёвы пункт «Веста-Барысаў»


У Барысаўскім раёне працягваецца маніторынг цэн. Днямі член Савета Рэспублікі Алена Зяблікава разам з прадстаўнікамі Мінскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў наведала гандлёвы дом адкрытага акцыянернага таварыства «Веста-Барысаў». У дадзенае аб'яднанне ўваходзіць звыш сарака гандлёвых аб'ектаў, якія знаходзяцца ў крокавай даступнасці і карыстаюцца папулярнасцю ў жыхароў горада. Сапраўды, сюды можна заскочыць па дарозе з работы і набыць неабходныя прадукты, паколькі тут заўсёды шырокі выбар прадукцыі — як харчовай, так і прамысловай.


Фота: sb.by

«Кантралёры» звярталі ўвагу не толькі на асартымент, але і звяралі цэннікі на тавары з коштам, які выбіваецца па штрых-кодзе. Калі цэннік быў устаноўлены пасля 5 кастрычніка, даныя звяралі з накладнымі.

Камісія наведала практычна ўсе прадуктовыя секцыі, пагутарыла з пакупнікамі. Так, Алена Зяблікава пацікавілася ў адной з пакупніц думкамі наконт асартыменту малочных прадуктаў.

— Мне падабаецца прадукцыя пад нашай барысаўскай гандлёвай маркай, выбар «малочкі» дастатковы, не прыкмеціла, што цэны павысіліся. Мне здаецца, яны засталіся ранейшымі, — такі быў адказ.

Іншая жанчына заклапочаная, што раней было малако малой тлустасці. А цяпер прапаноўваюць 3,2, 3,4, 3,6-працэнтнай тлустасці. У той жа час асартымент стаў больш разнастайны. Кожны можа выбраць малако па сваім кашальку.

— Вы заўважаеце, што з 5 кастрычніка цэны не павышаюцца. Яны павінны быць замарожаны, каб у далейшым выпрацаваць цанавую палітыку, — канстатавала сенатар.

— Сапраўды так. Не бачу, каб яны рушылі ўверх. Я практычна кожны дзень хаджу ў «Весту» і бачу гэта на свае вочы. Акрамя таго, тут вельмі ўважлівы персанал. Заўсёды параяць, што выбраць. Падабаецца і тое, як выкладзены тавары — прыгожа, акуратна.

Шырока прадстаўлена і лінейка барысаўскай прадукцыі — мукі, хлебабулачных, мясных вырабаў. Стаіць задача, каб паліцы магазінаў напаўняліся прадукцыяй буйных мясцовых прадпрыемстваў. Гэта будзе ўплываць на цэны, бо ў цэнаўтварэнні не апошняе месца займае лагістыка.

— У «Весце» добрая раскладка тавараў, вырабы айчыннай вытворчасці займаюць самыя прыметныя месцы. Мы за гэтым сочым, — дадала Алена Алегаўна. — Радуе і тое, што ў крамах згаданай сеткі не назіраецца пратэрмінаванай прадукцыі.

Помніцца, яшчэ нядаўна пакупнікі змяталі з паліц цукар. У «Весце» гэты салодкі прадукт прадстаўлены рознымі прадпрыемствамі, ёсць рафінад, трысняговы цукар. На паліцах шмат і солі, якую не так даўно куплялі мяшкамі. Соль рознай цанавой катэгорыі, самая танная — па 28 капеек за ўпакоўку.

На паліцах — шырокі асартымент круп, у тым ліку рысу, грэчкі ад розных вытворцаў. Людзі спакойна падыходзяць, бяруць па кілаграму, ажыятажу няма.

— Радуе, што беларускія вытворцы сталі рабіць добрую расфасоўку. Мне, як спажыўцу, падабаецца, што сталі выпускаць разнастайныя крупяныя шматкі — аўсяныя, грачаныя, кукурузныя для правільнага і рацыянальнага харчавання занятых людзей, — дзеліцца сенатар.

Алей таксама на розны густ і кашалёк, у тым ліку і айчынны, рапсавы. Апошні, дарэчы, вельмі карысны для спажывання.

Карыстаецца попытам і дзіцячае харчаванне. Маці разумеюць, што вытворца робіць прадукт высокай якасці. Вядома, што ў некаторых малых алергія, а ў Беларусі самая пільная ўвага да гэтага віду харчавання, высокія стандарты. Таму бацькі ахвотна бяруць кашы, фруктовыя, мясныя кансервы, сокі. І цана на іх даволі прымальная. Дзеці — наша будучыня, на іх нельга нажывацца.

Яшчэ нядаўна кошт курыных яек набліжаўся да 4 рублёў за дзясятак. Цяпер гэты каштоўны прадукт стаў у раёне 3 рублёў. Няма дэфіцыту і з курыным мясам — цэлыя тушкі, кумпяк, крылы, грудзінка, філе.

У кулінарыі можна набыць паўфабрыкаты — галубцы, катлеты, адбіўныя, піханую пальцам каўбасу, шашлыкі, мяса ў марынадзе ўласнай вытворчасці. Вельмі зручна для гаспадынь — не трэба стаяць пасля рабочага дня за плітой. Кінула на патэльню далікатэс — і хутка вячэра гатовая.

Загадчыца харчовага комплексу гандлёвага дома ААТ «Веста-Барысаў» Святлана Мароз расказала, што гандлёвы аб'ект працуе з беларускімі пастаўшчыкамі, тавар паступае без перабояў.

Дадам, што праводзіцца таксама і маніторынг прамысловых тавараў, мыйных сродкаў, лекаў у аптэчнай сетцы, паслуг медыцынскіх устаноў — МРТ, КТ, УГД.

— Спажыўцы павінны разумець, што цэны пад строгім кантролем. Гэта яшчэ раз даказвае, што наша дзяржава клапоціцца пра чалавека, у нас няма месца карупцыйным схемам, усё адкрыта, празрыста для людзей з захаваннем айчыннага заканадаўства. У нас сфарміравана таксама група з 13 чалавек прафсаюзных актывістаў. Гэта людзі розных прафесій, узростаў. Штодзень яны наведваюць па два магазіны, адсочваюць цэны. Вынікі маніторынгу акумулююцца ў райвыканкаме, аддзеле гандлю, — падкрэсліла Алена Зяблікава.

— Мы маніторым аб'екты ў кожным рэгіёне Мінскай вобласці, нашы прадстаўнікі ўваходзяць у рабочыя групы, якія створаны ў кожным раёне, падключаны да работы прафсаюзны актыў. Праманіторана больш як паўтары тысячы гандлёвых аб'ектаў, — падкрэсліў намеснік старшыні Мінскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Дзмітрый Бачкоў. — У гэтай справе ўзаемадзейнічаем з райвыканкамамі, Камітэтам дзяржкантролю.

— Дзмітрый Уладзіміравіч, а ці шмат парушэнняў выяўляеце? — пацікавілася ў свайго суразмоўніка.

— Сістэмных парушэнняў няма. Яны адзінкавыя, не ўплываюць на агульную сістэму. Калі выяўляюцца такія выпадкі, то ім даецца ацэнка, ставіцца задача па выпраўленні становішча. Наша мэта — справядлівасць, паказаць вытворцу, як фарміруецца цана, каб ён разумеў, як узаемадзейнічаць з гандлёвымі сеткамі і наадварот.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.