Вы тут

Месца сілы для прыгожага пісьменства


Навагрудчына — адна з націкавейшых старонак зямлі беларускай. Багаты на старадаўнія гістарычныя памяткі край. Прастора, якая сфарміравала грунт для вытокаў беларускай дзяржаўнасці, краіны са сваімі адметнасцямі. Наша спроба зазірнуць у гісторыка-літаратурны партрэт Навагрудчыны, паспрабаваць па меры магчымасцяў выявіць усе постаці і адрасы, так ці іначай звязаныя з навагрудскім літаратурным краязнаўствам, можа падацца бясконцым шлях… І ўсё ж давайце паспрабуем зрабіць такі адрасны экскурс да тэмы «Навагрудак і Навагрудчына літаратурныя».


Дарэчы, зазіраючы ў родныя мясціны пісьменнікаў іначай адкрываеш іх паэтычныя ці празаічныя, публіцыстычныя  радкі. З гэтай нагоды прыгадалася даўняя кароткая мініяцюра народнага пісьменніка Беларусі Янкі БРЫЛЯ, творцы, далёка не чужога і Наваградчыне. У мініяцюры «У родны дом» — і жывая прастора, і повязь яе, пераход ад яе да кніжных старонак да самога жыцця…

Паслухаем жа Янку Брыля, аўтара многіх апавяданняў, аповесцяў, рамана «Птушкі і гнёзды»: «Прыемна чытаць тут Карнея Чукоўскага — яго ўспаміны, тым больш пра Пастарнака, — іменна тут, у падмаскоўным лесе, на іх апошняй радзіме, паблізу ад іх драўлянага жылля і сціплых магіл.

Над гэтай кнігай я як быццам злавіў-такі нарэшце сваю даўнюю думку, тое, што адчувалася ў розны час у родных мясцінах іншых пісьменнікаў — меншых, большых, вялікіх.

Хто ў сваёй Яснай Паляне, хто ў Навагрудку, хто ў Веймары, хто ў Еканеве, хто ў Наднямонні ці ў Ялце… Вось я наведваў іх, тыя мясціны, а далей — ужо няма нічога, туга па далёкай, узнёслай легендзе аціхла, у пошуках найбольшай паўнаты іх, пісьменніцкіх, вобразаў трэба вяртацца ў іхнія кнігі.

Мы ўжо туды вярталіся неаднойчы, і будзем вяртацца, як з вялікага падарожжа ў родны дом, з яшчэ большай, з самай грунтоўнай упэўненасцю, што радней, чым ён, — і сапраўды няма нічога».

Як тут не пагадзіцца з класікам беларускай літаратуры, які так выразна, так ёміста і так глыбока падгледзеў сувязь роднай мясціны аўтара з яго кнігай у нашым чытацкім успрыняцці!.. Веліч мастацкага слова — гэта і працэс яго нараджэння, а значыць і нараджэння ў тых ці іншых абставінах пісьменніка як творцы. Калі хочаце, літаратурнае краязнаўства — гэта своеасаблівае люстэрка, з дапамогай якога чытач можа болей уважліва, болей пільна разгледзець кнігу, зразумець пазіцыю аўтара, асэнсаваць суладдзе мастацкіх сімвалаў і вобразаў з жыццём і з часам.

… З першых пазнак повязі Навагрудскага края з прыгожым пісьменствам, мастацкім словам  — лёс славянскага пісьменніка, культурнага і царкоўнага дзеяча Грыгорыя Цамбалка (1365 (?), Балгарыя – 1419). Ён упершыню наведаў беларускія землі ў 1406 годзе. 15 лістапада 1415 года сабор праваслаўных епіскапаў у Навагарадку (Навагрудку) абраў Грыгорыя Цамблака мітрапалітам кіеўскім і літоўскім. Вясной 1416 года ён перанёс у Вільню мітрапалітаву кафедру (Кіеў спаліў хан Эдыгей), а сваёй рэзідэнцыяй зрабіў Наваградак. Мовы, на якіх пісаў, чытаў свае пропаведзі Грыгорый Цымблак, — старабалгарская, царкоўна-славянская ўкраінска-беларускага характару. Усяго вядома 26 сачыненняў Г. Цамблака. Ужо ў XV стагоддзі некаторыя яго пропаведзі ўносіліся ў зборнікі царкоўных павучанняў побач з пропаведзеямі Іана Златавуста і другіх святароў.

Пасаду падсудака навагрудскага земскага суда займаў мемуарыст Фёдар Еўлашоўскі (1546 – 1616), які ўдзельнічаў разам з навагрудскім суддзёй А. Трызнам у выпрацоўцы тэксту «Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага». У Навагрудку нёс службу з 1592 да 1613 года. Рукапіс мемуараў Ф. Еўлашоўскага збярогся ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве. Упершыню апублікаваны (са значнымі папраўкамі) у 1886 годзе ўкраінскім гісторыкам У. Антановічам.

Да Навагрудчыны спрычыніўся і пісьменнік-палеміст, уніяцкі архіепіскап полацкі і мітрапаліт кіеўскі Анастасій Сялява (да 1593 – 1655, Тыкацін на Падляшшы; пахаваны ў Мінску). Вядома, што ён меў дачыненне да адкрыцця школ базыльян у Вільні і Навагрудку. Кнігі Анастасія Сялявы пабачылі свет у Вільні ў 1622 і 1625 гг.

Наваградчына, а дакладней вёска Рута — радзіма пісьменніка-палеміста, царкоўна-палітычнага дзеяча, уніяцкага мітрапаліта Іосіфа Вельяміна-Руцкага (1573 ці 1574 – 1637, Вільня; пахаваны ў Святатраецкім манастыры). Першапачатковую адукацыю пісьменнік і царкоўны асветнік атрымаў у Навагрудку. Пасля вучыўся ў Вільні, у Празе, затым — у Баварыі. Атрымаў ступень доктара філасофіі. Вучыўся ў Рыме. У 1603 годзе вярнуўся на радзіму. Складзены ім напрыканцы жыцця запавет быў выдадзены на лацінскай мове ў Кракаве ў 1637 годзе. Вельямін-Руцкі вядомы і як аўтар шэрагу лістоў, пасланняў, палемічных твораў, напісаных на беларускай і польскай мовах. Сярод іх — «Двайная віна» (1621), «Экзамен абароны» (1622) і іншыя.

Мемуарыст, грамадскі дзеяч Самуіл Маскевіч (1580 (?)– 1642) нарадзіўся ў вёсцы Сэрвач (цяпер Карэліцкі раён). Адукацыю, відавочна, атрымаў у Навагрудку. У 1628 годзе атрымаў пасаду навагрудскага гарадскога пісара. Пасля 1632 г. стаў намеснікам навагрудскага ваяводы. Мемуары С. Маскевіча, якія апісваюць многія цікавыя падзеі, паказваюць часавы перыяд ад 1594 да 1621 гг. Мемуарыстам быў і сын Самуіла Маскевіча — Багуслаў Маскевіч (1625 – 1683), які ў лістападзе 1668 г. ездзіў у Варшаву як пасол ад Навагрудскага ваяводства на канвекцыйны сейм, скліканы пасля адрачэння ад трона караля Яна Казіміра.

У вёсцы Ятра Навагрудскага павета (цяпер Навагрудскі раён) нарадзіўся кальвінскі грамадскі дзеяч, мемуарыст Станіслаў НезабітоўскІ (1641 – 1717). Вучыўся ў Навагрудскім езуіцкім калегіуме. Сябраваў і перапісваўся з польскім паэтам З. Морштынам. Колькі слоў пра Морштына. Нарадзіўся каля 1620 г. Памёр на пачатку  XVIII стагоддзя. Морштын, хаця і займаў пасаду каралеўскага падскарбія (міністра фінансаў), быў заўважаны ў тым, што атрымліваў грошы ад французскага караля. І ў выніку пакінуў Польшчу і дажываў свой век у Францыі. Вершы свае распаўсюджваў у рукапісах. Пераклаў на польскую мову «Сіда» Карнеля.

Станіслаў Незабітоўскі удзельнічаў у кальвінскіх сінодах Навагрудскай акругі. Што да яго мемуараў, то яны перавыдадзены ў Познані (Польшча) у 1998 годзе.

Публіцыст, паэт, перакладчык, мецэнат, вучоны-гуманіст, грамадскі, палітычны і культурны дзеяч Яўхім Храптовіч (1729 – 1812) пабачыў свет у вёсцы Ясенец Баранавіцкага раёна. Род, з якога ён паходзіў, меў маёнткі ў Шчорсах, Вішнева, Бешанковічах, Халопенічах, Зембіне. Маці Яўхіма Рэгіна Вайнянка — навагрудская падчашанка. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома у спадчынным маёнтку бацькі Шчорсы. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі і кароткага тэрміну вайсковай службы займаў пасады наваградскага стольніка, пасла ад Наваградскага і іншых паветаў на соймы Рэчы Паспалітай. Дарэчы, Яўхім Храптовіч — апошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага (1792 – 1793). У сталым веку пісаў вершы на польскай мове і латыні.

Павятовую школу дамініканцаў скончыў у Навагрудку ў 1809 годзе беларускі і польскі паэт, фалькларыст Ян Антоні Тадэвушавіч Чачот (1796 – 1847), які нарадзіўся непадалёку ад старажытнага горада — у Малюшычы (цяпер — Карэліцкі раён).

У Навагрудку жыў і працаваў пісьменнік і юрыст Ігнацій Яцкоўскі (1800, Навагрудак – 1873). Гэта ён засведчыў, што цэлы сшытак вершаў беларускага паэта-самародка Паўлюка Багрыма быў адабраны папячыцелем Віленскай навучальнай акругі М. Навасільцавым і рэктарам Віленскага ўніверсітэта В. Пеліканам. Падчас паўстання 1830 – 1831 гг. Ігнацій Яцкоўскі дзейнічаў сярод навагрудскіх паўстанцаў. Займаў пасаду падафіцэра атрада навагрудскай кавалерыі. Па заканчэнні ваенных дзеянняў хаваўся ў Кракаве. Выехаў з Трыеста ў Паўночную Амерыку. У 1834 годзе апынуўся ў Вялікабрытаніі. Быў паплечнікам А. Рыпінскага па кнігавыдавецкай справе. Кіраваў польскай друкарняй і кнігарняй у прыгарадзе Лондана Тотэнхэме. У 1857 годзе, атрымаўшы дазвол урада Расійскай імперыі, вярнуўся на радзіму, жыў пад Навагрудкам. Выступаў у перыядычным друку з публіцыстычнымі артыкуламі, вершамі, успамінамі. Аўтар публіцыстычных кніг «Палітычныя творы» (Лондан, 1853), «Трохгадовае знаходжанне на Усходзе» (Лондан, 1857), мемуараў «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды», у якіх расказвае пра сялянскія хваляванні ў мястэчку Крошын Навагрудскага павета. Мемуары з’яўляюцца крыніцай звестак пра легендарнага Паўлюка Багрыма і яго творчасць, у «Аповесці… « надрукаваны і яго верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы…»

Беларускі і польскі паэт і публіцыст Вінцэсь Аляксандравіч Каратынскі (1831 – 1891) нарадзіўся ў вёсцы Селішча на тэрыторыі сучаснага Карэліцкага раёна ў сям’і былога прыгоннага, які атрымаў вольную і пачаў насіць прозвішча Каратынскі. Будучы пісьменнік займаўся самаадукацыяй. Асновы польскай і рускай пісьменнасці асвойваў пад кіраўніцтвам мясцовага арганіста. Шмат чытаў, нават перапісваў для сябе кнігі, у тым ліку — і «Дэман» М. Ю. Лермантава. Працаваў вандроўным хатнім настаўнікам на Навагрудчыне, у ваколіцах Любчы. Пазнаёміўся з Уладзіславам Сыракомлем, паказаў яму свае вершаваныя вопыты. І стаў сакратаром пісьменніка, даследчыка беларускай гісторыі і культуры. Напісаў некалькі паэтычных і публіцыстычных кніг.

Навагрудак — і радзіма рускага ўсходазнаўца і бібліятэкара Аўраама Якаўлевіча Гаркаві (1839 – 1919). Ён нарадзіўся ў сям’і равіна Якава Гаркаві і Двойры Вейсбрэм. Закончыў Усходні факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта (1863). Атрымаў у 1868 годзе ступень магістар гісторыі Усхода за дысертацыю «Казанні мусульманскіх пісьменнікаў пра славян і рускіх». Працаваў у Імператарскай Публічнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу (1872 – 1919). Аўтар прац «Пра першапачатковае прыстанішча семітаў, індаеўрапейцаў і хамітаў» (1872), «Казанні яўрэйскіх пісьменнікаў пра хазараў і Хазарскае царства» (1874). Быў членам многіх навуковых таварыстваў у Расіі і за яе межамі — Рускага археалагаічнага таварыства (сакратар усходазнаўчага аддзялення), Таварыства ўсходазнаўства ў Санкт-Пецярбургу, Рускага геаграфічнага таварыства, Каралеўскай акадэміі гісторыі ў Мадрыдзе, Навукова-гістарычнага таварыства ў Будапешце, Саратаўскай вучонай археалагічнай камісіі… Ад расійскага ўрада атрымаў высокія ўзнагароды — ордэн Уладзіміра 4-й ступені, ордэн Анны 2 -й і 3-й ступеняў, ордэн Святога Станіслава 2-й і 3-й ступеняў.

У легендарным навагрудскім паселішчы Лаўрышава Навагрудскага павета (цяпер — Навагрудскі раён) нарадзіўся паэт-самавук, народны прапаведнік-мараліст Мікалай Марозік (каля 1852 – пасля 1913). Некаторыя яго выслоў’і  цытаваліся ў народзе з дадаткам: «Як кажа Мікола Марозік». У 1887 годзе газета «Минский листок» надрукавала яго верш «Памяти Александра Сергеевича Пушкина». У 1889 годзе там жа была змешчана паэма «з беларускага жыцця» «Сцяпан і Таццяна». Карыстаючыся кожнай нагодай (храмавыя святы і інш.) выступаў у Навагрудскім і суседніх паветах з чытаннем сваіх твораў, у якіх выкрываў агульначалавечыя заганы — п’янства, распусту, гультайства, бічаваў карчмароў. Друкаваўся Мікалай Фёдаравіч Марозік пад псеўданіма Шункевіч Аляксандр. Трэба заўважыць, што паэма — «Сцяпан и Тацяна» — была надрукавана ў газеце «Минский листок» у адзін год з паэмай «Тарас», якая вядома сёння як «Тарас на Парнасе».

У 1867 годзе ў Навагрудку нарадзіўся рускі філосаф, журналіст, публіцыст, літаратурны крытык Сямён Уладзіміравіч Лур’е, які свой жыццёвы шлях завяршыў у Францыі ў 1927 годзе. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз. Закончыў гімназію ў Варшаве, у 1890 годзе — юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Супрацоўнічаў у часопісе «Русская мысль», газеце «Русские ведомости», іншых выданнях. Пісаў пра творчасць Д. Меражкоўскага, Л. Шастакова, іншых філосафаў і пісьменнікаў.

Гарадское вучылішча ў Навагрудку ў 1904 годзе скончыў паэт, сатырык, гумарыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1934 года Анатоль Дзяркач (1887 – 1937). Нарадзіўся пісьменнік у мястэчку Турэц сённяшняга Карэліцкага раёна. Друкавацца пачаў у 1907 годзе. З 1924 года працаваў рэдактарам сатырычнага часопіса «Дубінка» (выходзіў як дадатак да рэспубліканскай газеты «Звязда»). З 1929 года Анатоль Дзяркач — у газеце «Піянер Беларусі». У 1925 – 1930 гг. выдаў кнігі «Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў», «Міколава гаспадарка», «Нашы прыяцелі», «Першы дзень у дзіцячым садзе», «Працавітая дзяўчына», «Звяры нашых лясоў», «Бог удвох», «Качаргой па абразох», «Усім патроху…» У 1936 годзе Анатоль Дзяркач незаконна арыштаваны і асуджаны да вышэйшай меры пакарання.

У пярэдадзень Першай сусветнай вайны працаваў настаўнікам у Навагрудскім павеце Язэп Мазуркевіч (1887 – 1937). Празаік, крытык, краязнавец.

У 1896 годзе ў Любчы, на Наваградчыне, нарадзіўся крытык, публіцыст, паэт Павел Каравайчык (1896 – 1937). Жыццёвы лёс якога завершыўся ў Чувашыі, Чэбаксарах. Павел Гіляравіч — з сям’і малазямельных сялян. Пасля заканчэння пачатковай школы паступіў ў Вышэйшую пачатковую школу ў Навагрудку. А ў 1910 годзе перайшоў у Навагрудскую прыватную рэальную школу. У 1911 годзе малады чалавек здаў уступныя экзамены ў Мінскую гімназію і скончыў яе з залатым медалём ужо ў Маскве ў 1916 годзе, куды гімназія была эвакуіравана ў час Першай сусветнай вайны. У 1925 годзе Павел Каравайчык скончыў медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Друкаваўся літаратар з 1917 года. Пісаў рэцэнзіі на творы, кнігі, якія станавіліся бясспрэчнай класікай беларускай літаратуры, — «Матчын дар» Алеся Гаруна, «Творы» Максіма Багдановіча, «Спадчына» Янкі Купалы. Пісаў Павел Каравайчык і вершы.

Калі мы ўжо зазірнулі ў Любчу канца XIX — пачатку XX стагоддзя, то нельга не згадаць сядзібу Войнава. Зараз яна належыць Любчанскаму філіялу ААТ «Навагрудскія дары». Захавалася сядзіба ў ранейшых межах. Абнесена бетоннай сцяной. На месцы сядзібнага дома пабудавана вытворчае памяшканне. Гаспадарамі сядзібы ў пазамінулым стагоддзі былі Дыбоўскія. У 1911 г. маёнткам валодала Мальвіна Іванаўна з Дыбоўскіх. У сядзібе ў сваёй сястры апошнія гады жыцця знаходзіўся яе брат — Уладзіслаў Іванавіч Дыбоўскі (1838 – 1910), вядомы заолаг, батанік, палеантолаг, мінеролаг, фалькларыст, удзельнік паўстання 1863 – 1864 гг. Апісваючы сядзібу, доктар біялагічных навук Анатоль Тарасавіч Федарук у сваёй кнізе «Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны» зазначае, што «…ў доме была сабрана вялікая бібліятэка, у якой Уладзіслаў да апошніх дзён жыцця няспынна працаваў. Сабраў бібліятэку (каля 20 тыс. кніг на розных мовах) Ян Наргілевіч. Бальшыню складалі кнігі па геаграфіі, этнаграфіі і на тэмы падарожжаў. Пасля смерці Яна (1886) Мальвіна ў 1903 годзе частку кніжнага збору і некалькі дзесяткаў атласаў перадала Нацыянальнай бібліятэцы імя Асалінскіх у Львове (вопіс склаў 3684 спраў). Уладзіслаў пахаваны побач з Наргілевічамі каля невялікага храма на ўскрайку сядзібнага парка». Дарэчы, добра было б ААТ «Навагрудскія дары» заняцца мемарыялізацыяй гэтай мясціны. І працаўнікі ведалі б, у якой гістарычнай, асветніцкай прасторы яны вырабляюць сваю прадукцыю — найперш сыры. Мо і экскурсіі б сюды ладзілі… Сыйшліся б разам гісторыя і сучаснасць!..

Вёска Шчорсы Навагрудскага раёна — радзіма і празаіка, публіцыста, вучонага-эканаміста, грамадскага дзеяча, акадэміка АН Беларусі (1928) Янкі Нёманскага (1890 – 1937). Аўтар кнігі апавяданняў «На зломе» (1925, 2-е выданне – 1928 г.), кнігі выбранага «Творы» (1984). У 1928 – 1930 гг. у грамадска-палітычным і літаратурна-мастацкім часопісе «Полымя» друкаваўся раман Я. Нёманскага «Драпежнікі» (раман не скончаны). Пераклаў на беларускую мову з кітайскай і выдаў у Маскве кнігі Кія «Радавая рэспубліка» і «Што такое сацыялізм» (абедзве – 1918 год). Факт ў гісторыі беларуска-кітайскіх гуманітарных, літаратурных сувязяў, лічы, невядомы і зусім не распрацаваны. У кнізе «Выпісы з беларускае літаратуры XIX і XX  ст.» (Мінск, 1926 год) была надрукавана «Аўтабіяграфія» Янкі Нёманскага. Звернемся да гэтага кароткага тэксту: «Мая бацькаўшчына — сяло Шчорсы Наваградскага павета. Радзіўся 31 сакавіка 1890 года. Бацькі — сяляне, і сам я да дваццаці гадоў меў належнае дачыненне да сялянскае гаспадаркі. Але з тае прычыны, якая робіць з беларускага селяніна або рабочага, або дробнага служачага, мне прыйшлося пакінуць нязмерныя паўзнёманскія роўнядзі і жыццярадасныя ўзвышшы Наваградчыны з іх светлымі крыніцамі і вясёлымі гаёчкамі…

Першым і, трэба сказаць, лепшым маім настаўнікам было само жыццё, сама натура. Тое навучанне, якое я атрымаў ад іх, самае дасканалае і не сатрэцца ніколі, пакуль мне выпадае жыць і працаваць. Пісьменнасць спазнаў рана — каля шасці год. Сперш вучылі дома. Настаўнікамі былі дзед, бацька і дзядзька; потым я ўцёк да дзядзькі Астапа, дзе разам з таварышамі ў курной хаце па паўгода чытаў «Взятие крепости Измаила» да рашаў «скобалы». За распуства, за непаспех дзядзька Астап ставіў на калені, падсыпаўшы гароху, або са ўсіх сіл біў па далоні вузенькаю, але тоўстаю ясянёваю лінейкаю…» Жыццё Янкі Нёманскага, вучонага і пісьменніка, абарвалася вельмі рана. І, канешне ж, хацелася б, каб яго помнілі хаця б у родных Шчорсах. Мо ў 2025 годзе да чарговага юбілею — 135-годдзя літаратара ў Шчорсаўскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячым садзе — сярэдняй школе наладзіць навукова-практычную краязнаўчую канферэнцыю «Янка Нёманскі — пясняр роднай зямлі»? Падаецца, што і Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прыме чынны ўдзел у гэтым творчым праекце. Магчыма, знойдуцца і другія партнёры ў гэтым клопаце, які, несумненна, самым дзейсным чынам ўзварушыць тэму захавання памяці пра Янку Нёманскага.

Паэт, празаік, этнограф,  мастак Уладзіслаў ПАЎЛЮКОЎСКІ (1895 – 1955), які нарадзіўся на Стаўбцоўшчыне, у вёсцы Ініца, вучыўся ў Навагрудку ў гарадской школе. Ён з’яўляецца аўтарам кніг «Сон Гаўрылы і розныя вершы» (Вільня, 1928), «Апавяданні» (Вільня, 1929), «Клім бабаю і іншыя жарты» (Вільня, 1929), «Арышты. Бяроза і воля: Успаміны арыштанта» (Вільнюс, 1940). Пры польскай уладзе быў вязнем віленскай турмы Лукішкі, а затым канцэнтрацыйнага лагера ў Картуз-Бярозе, на Берасцейшчыне. У 1940-я гг. У. Паўлюкоўскі працаваў у Вільнюсе дырэктарам Літаратурнага музея імя А. С. Пушкіна. У 1948 годзе ён быў арыштаваны савецкімі органамі дзяржаўнай бяспекі і асуджаны ў Мінску на 10 гадоў лагернага рэжыму. Вярнуўся з лагера ў 1953 годзе невылечна хворым, спаралізаваным. Пахаваны пісьменнік у Вільнюсе на могілках Роса. Імя У. Паўлюкоўскага варта згадак і ў кантэксце беларуска-расійскіх літаратурных сувязяў. Болей падрабязнага расповяду патрабуе дзейнасць Уладзіслава Паўлюкоўскага ў Пушкінскім музеі. Таксама няблага было б выдаць цалкам ці хаця б надрукаваць урыўкі з кнігі нашага земляка «Успаміны арыштанта».

У 1927 – 1930 гады настаўнікам у Навагрудскай беларускай гімназіі працаваў мастак, празаік, паэт Язэп ДРАЗДОВІЧ (1888 – 1954), ураджэнец засценка Пунькі на Глыбоччыне, у Віцебскай вобласці. У свой «наваградскі» перыяд Язэп Драздовіч друкаваўся ў заходнебеларускіх перыядычных выданнях, такіх як «Маланка», «Сялянская ніва», «Сіла працы». Вершы творца змяшчаў пад псеўданімам Язэп Народнік. У Навагрудку Язэп Драздовіч правёў і сваю персанальную мастацкую выстаўку. Тры «наваградскіх гады» ў лёсе таленавітага мастака і пісьменніка таксама яшчэ патрабуюць уважлівага даследвання.

Біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (Мінск, 1994; том 3) падказвае нам яшчэ адзін літаратурна-краязнаўчы навагрудскі штрышок. Гэтым разам — штрышок, які самым непасрэдным чынам звязаны з лёсам  заходнебеларускага паэта (першы яго вершаваны зборнік — «Песні на загонах» — пабачыў свет у Вільні ў 1939 годзе) Анатоля Іверса (1912 – 1999), які нарадзіўся на Слонімшчыне: «…Чытаць па-руску паэта навучыў бацька, потым некалькі месяцаў хлапчук вучыўся ў мясцовай беларускай школе, але яна была закрыта. Летам 1926 года паступіў у Віленскую беларускую гімназію, у 1928 годзе выключаны за актыўную падпольную дзейнасць. Працягваў вучыцца ў Клецкай і Навагрудскай гімназіях, але закончыць поўны курс навучання польскія ўлады так і не далі…» Друкавацца ў заходнебеларускім друку Анатоль Іверс пачаў у 1934 годзе. У час Вялікай Айчыннай вайны стварыў антыфашысцкую падпольную арганізацыю ў Слоніме. Калі пачаліся арышты падпольшчыкаў, пайшоў у партызаны. Быў абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта. Пазней быў прызначаны намеснікам камандзіра партызанскага атрада імя Дзяржынскага па разведцы. Пасля вайны працаваў майстрам смалакурні, тэхнолагам хімзавода. Анатоль Іверс аўтар кніг «З пройдзеных дарог» (1970), «Жыву ў бацькоўскім краі» (1982), «Я пайшоў бы ўслед за летам» (1987), а таксама шэрагу выданняў, якія пабачылі свет ужо пасля смерці паэта. Шмат для захавання творчай спадчыны Анатоля Іверса зрабіў яго зямляк — слонімскі краязнаўца, добра вядомы ў нашай краіне даследчык мінуўшчыны, пісьменнік Сяргей Чыгрын.

На Навагрудчыне, у вёсцы Заполле, нарадзілася паэтэса Ніна ТАРАС (1916 – 2006), член Саюза савецкіх пісьменнікаў з 1940 года. Выступаць у друку з вершамі яна пачала ў 1936 годзе. Першыя публікацыі Ніны Тарас  — у «Беларускім летапісе», часопісах «Шлях моладзі», «Летапіс ТБШ», газеце «Наша воля». Першы паэтычны зборнік заходнебеларускай паэтэсы Ніны Тарас — «На ўсход ідучы…» (1940).

У 1931 годзе, скончыўшы польскую сямігадовую школу ў мястэчку Турэц, у Навагрудскую гімназію паступіў Янка Брыль (1917 – 2006), але вучыцца там з-за матэрыяльных абставін не змог. Родныя мясціны народнага пісьменніка Беларусі — Карэліччына. Турэц, Загор’е, Крынічнае… Многія сюжэты, многія персанажы прозы народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля — якраз адсюль… Але ж цяжка падзяліць Навагрудскі край, колішні Навагрудскі павет, Наваградчыну на раённыя межы. Як і самі вандроўкі Янкі Брыля па родных мясцінах… Чытаем у даўняй мініяцюры пісьменніка — «Голле чапае нас лістотай», напісанай ажно ў 1951 годзе: «Адзін з нашай рыбацкай валачашчай тройкі, навічок у гэтых мясцінах, казаў, што на Свіцязі ён адчувае нейкую незвычайную лёгкасць, як ні на адной іншай вадзе, якіх ён, дарэчы, аплаваў ды «абязрыбіў» нямала. Пад яго кіраўніцтвам і Свіцязь раскрылася для мяне яшчэ адным сваім бокам. З лодкі, заякаранай каля легендарнага трыснягу, мы вылавілі за раніцу мноства бойкіх акунёў. І паплаўкі, жывыя паплаўкі на невыказна лёгкай і светлай вадзе, пойдуць за мною дзіцячымі снамі». І яшчэ — з той самай мініяцюры: «…Узгоркі Наваградчыны, калі глядзець з гары, ледзь не ў шахматным парадку ўкрытыя пералескамі. Дубы і грабы. Жытнія мэндлі. Грэчка ў пахкай красе. Жніўная песня. Рупліва махае рукамі жняярка. На гасцінцы, уздоўж бруку, над расквечаным адхонам — добрая сцежка для нашага брата-веласіпедыста. І цянёк ад прысадаў, і голле трохі зачапаецца лістотай. У цяньку каля хутара, на траве, да чорнага хлеба вельмі добра падыходзіць свежае малако.

…Пасля ўзгоркаў ды пералескаў, ад Карэліч на Любчу пачынаецца лагодная роўнядзь, з часцейшымі мэндлямі, светла-зялёнымі прасторамі слаўнага лёну, усыпанай кветкамі канюшыннай атавы, густых, зярністых аўсоў. Вёскі цягнуцца амаль неразрыўным ланцугом, дружна чапляючыся адна за адну, злучаныя звонка ўкатанымі дарогамі, абапал якіх густа стаяць то нізка каржакаватыя вербы, то велічныя красуні ліпы, з якіх яшчэ ўсё асыпаецца духмяны пыл. Рэшткі апетага Міцевічам: «ціхія грушы» на межах… Хаця — межаў няма. Навокал стаіць густое, каласістае жыта, спакойна дыхаючы смачным, гаркаватым пахам. І на ўсім гэтым фоне — сведчанне часу — працуе камбайн.

… У Любчы — ужо шырокі пасля нашых Ярэміч, падкормлены водамі некалькіх рэчак Нёман. З яго адвояў — мы бачылі — сетка вымае на сонца шыраказяпых, выпасеных шчупакоў. За ракой, на зялёнай прасторы, што канчаецца на даляглядзе цёмнай сцяною лесу, ходзіць калгасны статак. Ад саламянага будана над Нёманам, дзе збіраюцца нанач каровы і куды прыязджаюць з бітонамі даяркі, увечары чуваць дзявочыя жарты і смех, а бліжэй — дзюрчанне ў звонкія вёдры духмянага сырадою. Блізкасць пушчы адчуваецца не толькі над ракой, берагі якой завалены падрыхтаванай для сплаву драўніны, але і ў самым гарадку…»

У 1938 годзе Навагрудскі музычны інстытут імя С. Манюшкі закончыў ураджэнец карэліцкага Даўгінава паэт, празаік, публіцыст Алесь БАЖКО (1918 – 2013). Вось як аб гэтым часе напіша пісьменнік у сваёй аўтабіяграфіі «Другое акно» 20 студзеня 1965 года: «Вучыўся я ў пачатковай школе (1926 – 1929), у сямігодцы ў мястэчку Ярэмічы (1929 – 1932), у музычным інстытуце імя С. Манюшкі ў Навагрудку (1936 – 1938), у кансерваторыі ў Варшаве (1938 – 1939).

Мне і цяпер часам робіцца сумна, як успомню, колькі слёз праліла маці, выпраўляючы мяне з вёскі. Двух дзядзькоў Аляксандра і Васіля — ужо не было. Васіля паны трымалі ў Картуз-Бярозе. А бацька батрачыў.

Але свет не без добрых людзей.

У Варшаве маімі настаўнікамі былі ўдумлівыя і разумныя педагогі — віцэ-рэктар кансерваторыі вядомыя польскі кампазітар Станіслаў Казура, беларускі спявак Міхал Забэйда-Суміцкі, выкладчыкі музыкі скрыпачы Каханскі і Кляйн. Яны ўладкавалі мяне ў інтэрнат, дапамаглі атрымаць стыпендыю.

Асабліва шмат зрабіў для мяне Міхал Забэйда-Суміцкі. Ён заўважыў мяне яшчэ ў Навагрудку. За навучанне не было чым плаціць, дык я днём хадзіў на заняткі, а ноччу быў за вартаўніка. Дачуўшыся пра гэта, Забэйда-Суміцкі (ён тады выступаў з канцэртам у Навагрудку) зайшоў у інстытут, паслухаў маю ігру на скрыпцы, даў свой адрас і сказаў, каб я абавязкова перад пачаткам новага навучальнага года прыехаў да яго.

Я так і зрабіў. А потым хадзіў па Варшаве і не верыў, што я — студэнт кансерваторыі. Акрамя мяне там вучыўся толькі адзін беларус. Колькі ж трэба было Забэйду-Суміцкаму і яго польскім сябрам патраціць часу і энергіі, каб знайсці ў гэтай непрыступнай навучальнай установе месца яшчэ і для мяне!»

Нагадаем, што заслужаны работнік культуры БССР Алесь Бажко, які дэбютаваў у друку нарысамі і карэспандэнцыямі ў 1945 годзе, — аўтар аповесцяў «Перад вераснем», «Позняе ворыва», «Лясныя крушні», «Жывыя прывіды», зборніка нарысаў і памфлетаў «Татальнае банкруцтва», паэм «Карвіга пакідае хутар», «Татры». Пабачылі свет яго паэтычныя зборнікі «Блакітныя вербы», «Суладдзе», «Каласы і скалы: Выбранае».

Частым госцем на Навагрудчыне, Наваградчыне бываў беларускі мовазнавец і празаік Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі (1918 – 1989), які нарадзіўся ў Глускім раёне, на Магілёўшчыне. Партызаніў на памежжы Міншчыны і Гродзеншчыны. Доктар філалагічных навук, ён з’яўляецца аўтарам цікавых абразкоў, эсэ — напісаў і выдаў цэлую серыю кніг:  «Абразкі» (1975), «Прыпыніся на часінку» (1979), «І за гарою пакланюся» (1982), «Радасць і боль» (1984), «Само слова гаворыць» (1986), «З нялёгкіх дарог» (1988). У сваёй аўтабіяграфіі «Радкі з успамінаў і сустрэч» Фёдар Міхайлавіч запісаў і такое: «Люблю Гродна і Гродзеншчыну, дзе адна за адной ідуць усцяж пры дарозе з Гродна ціхія вёскі Грандзічы, Зарніца, Дарніца, Пальніца, Гожа… дзе светлы, чысты, як з расы, Нёман і святая Свіцязь, Мастаўляны і Астрына, Наваградак і Кушляны…»

Непадалёку ад Навагрудка — вядомае карэліцкае паселішча Сіняўская Слабада. Тут і нарадзіўся крытык, літаратуразнавец, празаік Уладзімір Андрэевіч КАЛЕСНІК (1922 – 1994). Скончыўшы сем класаў польскай школы, малады чалавек паступіў у 1936 годзе ў польскую Навагрудскую гімназію імя А. Міцкевіча. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР працягваў вучобу ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы. Калі вучыўся на трэцім курсе, пачалася Вялікай Айчынная вайна. З першым дзён акупацыі Уладзімір Калеснік увайшоў у адну з камсамольскіх падпольных арганізацый Мірскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1942 годзе стаў партызанам. Быў кулямётчыкам, падрыўніком, камандзірам узвода ў атрадзе «Камсамольскі». З лета 1943 года — начальнік штаба партызанскага атрада. У 1945 – 1949 гг. вучыўся ў Мінскім педінстытуце. Пасля — у аспірантуры гэтай ВНУ. Працаваў загадчыкам кафедры літаратуры Бабруйскага педінстытута (1952 – 1954). З 1954 года — у Брэсцкім педадагічным інстытуце. У 1956 – 1988 гг. — загадчык кафедры беларускай літаратуры. Кандыдат філалагічных навук. Прафесар. Член СП Беларусі з 1960 года. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь за ўдзел у двухтомным даследванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры». Заслужаны работнік вышэйшай школы Беларусі. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I-й ступені, Дружбы народаў, «Знак Пашаны», медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Аўтар кніг «Вусная мова і выразнае чытанне» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея» (1977), «Максім Танк» (1981), «Пасланец Праметэя» (1984), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990)… Асобная старонка ў творчым лёсе Уладзіміра Калесніка — сумесная з Алесем Адамовічам  і Янкам Брылём праца над кнігай «Я з вогненнай вёскі…»

Праз многія гады Уладзімір Калеснік напіша яркую, адметную «Кнігу памяці» (асобным выданнем успаміны пабачаць свет ужо пасля смерці літаратуразнаўца, крытыка — у 2005 годзе; выдавец і адначасова друкарня кнігі — ААТ «Брэсцкая друкарня»). Галоўны рэдактар гэтага праекта і аўтар прадмовы — народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль.

У напісанай 23 лістапада 1964 года аўтабіяграфіі «Сваім следам» Уладзімір Калеснік зазначыць свой «навагрудскі след»: «Пасля сямігодкі я шыбануў у іншы свет. У паднябессе, дзе матэрыяльныя турботы, фізічная праца і хлеб лічыліся чымсьці нікчэмным, нават непрыстойным і нізкім. Вартасць мелі толькі духоўныя валёры: веды, утончаныя пачуцці, культурнасць… Навагрудская гімназія… Пазней, праўда, я заўважыў, што за фанатычным усхваленнем інтэлекту тут часта скрываўся звычайны снабізм. Гэта не была школа інтэлігентаў і рыцараў, хутчэй — школа гульні ў інтэлігентнасць і шляхетнасць…

… Дома забеленая пшанічная зацірка ды макароны лічыліся прысмакамі, тут іх давалі толькі ў канцы месяца, калі кіраўнік інтэрната наводзіў «эканомію». Вучні-»арыстакраты», што абзывалі нас, вяскоўцаў, «гнойкамі», бунтаваліся і ў знак пратэсту шпурлялі талеркі з макаронамі ў ліфт, праз які іх падавалі з кухні на другі паверх у сталовую.

Я спярша адчуваў сябе ў гэтым асяроддзі «збянтэжаным Саўкам». А потым… Потым прыйшоў прафесар Крук, выкладчык рысунку і ручной працы.

— Валодзю, — гаварыў ён, — бяры ключ ад майстэрні і пасля заняткаў рабі сабе, што захочаш. Набівай руку…»

І далей: «Бічом вучняў-беларусаў была польская мова. Мне яна давалася нязгорш. Аднойчы настаўніца прынесла ўсім па паштоўцы з рэпрадукцыямі і загадала апісаць. Маё сачыненне яна зачытала пры ўсіх, аднак не прамінула падпусціць пару шпілек, бо сустракаліся беларусізмы. У заключэнне велікадушна выцадзіла: «Увогуле гэты хлопчык умее глядзець на хараство», нібыта яе адкрыццё было вялікім непаразуменнем. Яна прытрымлівалася прынцыпу, што беларусы ніколі не могуць знаць польскую мову больш як на «тройку». Ну і хараство адчуваць — мабыць, таксама.

З упартасці я рашыў, што стану крытыкам жывапісу на зло ёй і буду пісаць пра карціны па-польску так, як піша славуты Віткевіч або Герсан-Дамброўская. Гэтых аўтараў я прачытаў ад коркі ў першым і другім класе гімназіі. Нягледзячы на поспехі ў вучобе я ўсё ж адчуваў сябе белаю варонай. Неяк у спальні адзін увогуле ніштаваты хлопец пачаў кепікі: «Што гэта за нацыя беларусы, у яе ж няма ніякай культуры, нават пісьменнікаў сваіх няма…»

— Як няма, — умяшаўся я. — Ёсць у нас пісьменнікі не горшыя за польскіх: Колас, Купала!..

— Ха-ха-ха, Купала! Яго — за спіну драла, — агідна рыфмаваў нягоднік.

Я ўсхапіўся з ложка і кінуўся біцца. Ускочылі на ногі ўсе і нас развялі. «Не гадзіцца так! Справа ганаровая — на бокс!» Ад выпускнікоў прымчалі дзве пары баксёрскіх пальчатак, выбралі секундантаў. Тыя напомнілі правілы: «Біць толькі да пояса, біцца — да крыві». Потым, абцёршы расквашаныя насы мокрым ручніком, аб’явілі, што канфлікт уладжан ганарова, абодва аказаліся дастойнымі праціўнікамі.

У сямігодцы ў нас былі ўрокі беларускай літаратуры раз у тыдзень. Я вывучыў на памяць нейкі дзесятак вершаў па выбару настаўніцы. Дома куплялі беларуксія календары, там я сустрэў прозвішча Максіма Танка з прыпіскай: «Таленавіты малады паэт». Вершы дужа баявітыя, але і дужа складаныя. Цяпер старэйшыя вучні далі мне пад сакрэтам творы Коласа, і я трапіў у нейкі стан гіпнозу . Нічога падобнага дагэтуль я не чытаў…»

    …Напрыканцы 1960-х на Навагрудчыне кінарэжысёр Віктар Тураў здымаў мастацкі кінафільм па дылогіі Алеся Адамовіча «Партызаны» («Война под крышами» і «Сыновья уходят в бой»). Віктар Тураў запрасіў да ўдзелу са сваімі песнямі надзвычай папулярнага на той час акцёра і барда Уладзіміра Высоцкага. Шмат пазней Алесь Адамовіч пакіне свае ўспаміны пра У. Высоцкага ў звязку з Навагрудчынай… Цытуем па арыгіналу: «На фотоснимке: Володя и Марина приехали к нам в киногруппу «Сыновья уходят в бой» (1969). Снимали мы фильм на Новогрудчине.

Песни для фильмов Виктора Турова Высоцкий писать начал давно — «Я родом из детства», «Война под крышами». Помню, как года за два-три до новогрудских встреч приезжал Высоцкий в Минске, даже снимался в нашем первом фильме «Война под крышами», но потом его «вырезали» (те, кто и все кино «резали без ножа», ибо лучше, чем художники и чем сам народ, знали, «что нужно народу»). Песни же были озвучены «профессиональным» голосом.

И вот теперь он приехал в нашу киногруппу с Мариной Влади, для которой Новогрудчина — таинственная родина ее отца. Через неделю она нас с Виктором упрашивала:

       — Ну, уговорите Володю, чтобы он не торопился отсюда!

Мы поселили их не в районной гостинице, где жили сами, а в деревне: ночлег на сене, под крышей крестьянского хлева, внизу всю ночь по-доброму вздыхает корова, задумчиво жуя жвачку…

Парижаночка была в восторге:

 — Ну, уговорите Володю!..

Время от времени они приезжали, приходили к нам в «партизанский лагерь», молодые, счастливые друг другом и каждый — талантом другого.

Сохранились и кадры узкопленочного любительского фильма. Да только немые. А в это время «партизанский лес» гремел песнями Высоцкого. Их не только слышишь, а как бы видишь: с набухшими, — вот-вот порвутся, — венами на шее, покрасневшими от напряжения глазами… А сам Высоцкий стоит тут же, разговаривает, усмехается — по-юношески светлый, дружелюбный. Голос неожиданно тихий. Больше слушает, чем говорит.

Привозил ли он их готовыми, песни к первому и ко второму фильмам — «Аисты», «У нас вчера с позавчера шла спокойная игра», «В темноте», «Он не вернулся из боя», «Песня о Земле», «Сыновья уходят в бой», — или, может, сочинял тут же, на месте? Я так и не могу сказать точно…»

Наваградчына-Навагрудчына літаратурная — гэта і лёсы Адама Міцкевіча, Яна Чачота. Але пра гэта, пэўна, трэба гаварыць асобна. З Навагрудскім краем звязаны імёны рускіх пісьменнікаў Андрэя Вазнясенскага, Мікалая Чаркашына. У Навагрудку, між іншым, пахаваны ўнук Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. У розныя гады навагрудскімі сцежкамі вандравалі Вячаслаў Стома, Леў Мірачыцкі, Леанід Дранько-Майсюк, Юрка Голуб, Алесь Кажадуб, Анатоль Бутэвіч… Імёнаў можна згадаць безліч. І за іх судакрананнямі з прыгожым краем — раманы, аповесці, паэмы і вершы…

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.