Вы тут

Асаблівасці пераходнага ўзросту


Штогод у свеце сярод дзяўчынак ва ўзросце 15—19 гадоў рэгіструецца 12 мільёнаў выпадкаў родаў (у краінах, якія развіваюцца), 10 мільёнаў выпадкаў непажаданай цяжарнасці, 5,6 мільёна абортаў, прычым 3,9 мільёна з іх носяць небяспечны характар, што спрыяе росту мацярынскай смяротнасці. Трэба сказаць, што ў Беларусі зніжэнне мацярынскай смяротнасці адбываецца хутчэй, чым у іншых краінах, і яна складае ўсяго два выпадкі на 100 тысяч родаў. Пры гэтым праўдзівая і правераная інфармацыя пра рэпрадуктыўнае здароўе, у прыватнасці прафілактыку інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, падлеткавую цяжарнасць і аборты, мусіць быць даступнай для маладых людзей і дзяўчат. Але як правільна падаваць яе моладзі?


Ініцыятары размоў — бацькі

У 2020 годзе ў Беларусі было праведзена даследаванне, якое складалася з выбарачнага апытання бацькоў школьнікаў ад 6 да 18 гадоў. Апыталі каля 1000 рэспандэнтаў, з якіх 53,7 % — жанчыны.

Больш за 60 % бацькоў выступалі ініцыятарамі размоў з дзецьмі на інтымныя тэмы. Але палове з іх было складана падабраць словы, якія адпавядаюць узросту дзіцяці, 37 % зведвалі пачуццё няёмкасці пры размове, 23 % не змаглі зразумела растлумачыць тое, што хацелі данесці, у 21 % узніклі сумненні ў дакладнасці ўласных ведаў.

Дарэчы, амаль палова рэспандэнтаў мяркуе, што пытаннямі палавога выхавання павінны займацца ў роўнай ступені школа і бацькі. Больш за 60 % адносіцца да адукацыйных праграм у галіне палавога развіцця і здароўя станоўча, 15,2 % — нейтральна. І толькі зусім невялікі працэнт бацькоў баіцца, што адукацыйныя праграмы такога кшталту могуць нанесці шкоду дзіцяці.

Інфармацыя мусіць адпавядаць узросту

Многія бацькі, асабліва тыя, у якіх дзеці яшчэ не дасягнулі школьнага ўзросту, задаюцца пытаннем: а ці не малое маё дзіця для падобнай інфармацыі? Адказ на яго дае дзіцячы і падлеткавы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт Вольга Дрыла:

— Любая інфармацыя можа падавацца ў адпаведнасці з узростам дзіцяці. Напрыклад, дашкольнік не маленькі для інфармацыі аб тым, як называюцца яго палавыя органы. І наогул, палавое выхаванне — гэта не толькі тое «страшнае» слова з чатырох літар. Гэта вельмі шырокая інфармацыя для розных узростаў. Яна датычыцца як фізіялагічных, так і псіхалагічных аспектаў сталення дзіцяці. Сюды ўваходзіць інфармацыя, напрыклад, аб асабістых межах, аб зменах, якія адбываюцца з целам пры палавым саспяванні, аб супрацьзачаткавых сродках і многае іншае.

Калі бацькі перажываюць, ці змогуць правільна і проста растлумачыць дзіцяці нейкія рэчы, Вольга Дрыла раіць не спрабаваць вынайсці веласіпед, а звярнуцца да чужога вопыту — псіхолагаў, спецыяльнай літаратуры.

Як не абудзіць лішні інтарэс?

Гэта яшчэ адно з пытанняў, якое хвалюе бацькоў.

— Калі даваць інфармацыю ў адпаведнасці з узростам дзіцяці і заставацца ў рамках яго пытання, то дадатковай цікавасці гэта не выкліча. Наогул, цікавасць часцей за ўсё дзеці праяўляюць да таго, што дарослыя не тлумачаць, але забараняюць, — супакойвае Вольга Дрыла.

Але ці законнае палавое выхаванне?

— Так. Паводле дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, да псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў непаўналетнія могуць звяртацца па ананімную дапамогу, — тлумачыць эксперт.

Канфідэнцыяльна і праўдзіва

Крыніцай надзейнай і праўдзівай інфармацыі могуць быць не толькі бацькі ці школьны псіхолаг. Не сакрэт, што сёння падлеткі шмат часу праводзяць у сусветным павуцінні і гэта адна з самых папулярных крыніц ведаў для іх. Таму вельмі важная якасць той інфармацыі, якую яны атрымліваюць. Напрыклад, фонд ААН у галіне народанасельніцтва ў Беларусі падпісаў Мемарандум аб узаемаразуменні з праектам Іntіmatіca, які дапамагае падлеткам, моладзі і іх бацькам проста і даступна атрымліваць дакладныя звесткі ў пытаннях рэпрадуктыўнага здароўя.

— Такія мабільныя дадаткі, як Іntіmatіca App, дапамогуць і бацькам, і маладым людзям атрымаць веды на ўмовах канфідэнцыяльнасці, — тлумачыць кіраўнік фонду Вольга Атрошчанка. — У любога з нас ёсць рэчы, пра якія мы не гатовыя казаць адкрыта. Кансультацыі праз дадатак — гэта адзін з тых шляхоў, які дазволіць атрымліваць правераную і праўдзівую інфармацыю, заснаваную на фактах. І дасць магчымасць выкарыстоўваць яе так, каб не нашкодзіць ні сабе, ні блізкім.

Беларусь — лідар па зніжэнні мацярынскай смяротнасці

Вольга Атрошчанка дадала, што сёння Беларусь — лідар па тэмпах зніжэння ўзроўню мацярынскай смяротнасці:

— Зніжэнне адбываецца хутчэй, чым ў іншых краінах. Смяротнасць складае ўсяго два выпадкі на 100 тысяч жыванароджаных. У нас добрыя колькасныя паказчыкі.

А вось работа з падлеткамі і моладдзю застаецца адным з важных напрамкаў. На жаль, пакуль вельмі многія аспекты, звязаныя з палавым выхаваннем і рэпрадуктыўным здароўем, або табуіраваны, або знаходзяцца пад уплывам стэрэатыпаў, паводле якіх маладыя людзі не маюць магчымасці казаць пра гэта адкрыта.

У 2019 годзе ў Беларусі правялі «Шматіндыкатарнае кластарнае абследаванне для ацэнкі становішча дзяцей і жанчын». Яно паказала, што толькі 53 % маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў дакладна ведаюць, якім чынам забяспечваць прафілактыку ВІЧ і СНІД, а таксама іншых захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам.

На жаль, гэта не такі добры паказчык. Мабільны дадатак і сайт, прысвечаныя палавому выхаванню, дапамогуць і маладым людзям, і іх бацькам павысіць узровень ведаў.

— Мы не можам не закрануць тыя праблемы, якія існуюць і ў нас, і ў іншых краінах: ВІЧ-інфекцыя, захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам, падлеткавая цяжарнасць, аборты. Што, як не доступ да інфармацыі, да дапамогі, да кансультацыі, можа дапамагчы ўсяго гэтага пазбегнуць? — кажа Вольга Атрошчанка.

Іntіmatіca з'яўляецца ўнікальным праектам на рынку ўсходняй Еўропы, таму што падае інфармацыю праз звыклыя падлеткам формы: відэа, мультфільмы. Праз мультыплікацыю можна проста тлумачыць складаныя рэчы.

Давер і цеплыня

Асноўная мэта супрацоўніцтва фонду ААН у галіне народанасельніцтва і праекта Іntіmatіca — даць просты доступ да інфармацыі. Пры гэтым навучаць мэтавую аўдыторыю, менавіта зацікавіўшы яе.

Спецыялісты праекта спадзяюцца не толькі ўмацаваць веды падлеткаў і іх бацькоў у сферы палавога выхавання, але і зрабіць іх адносіны больш даверлівымі і цёплымі. А самім падлеткам дапамагчы прыняць сябе і сваё цела ў такі няпросты перыяд жыцця, як сталенне.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.