Вы тут

Фестываль да 210-годзя вызвалення Полацка ад напалеонаўскіх войскаў пройдзе ў кастрычніку


У кастрычніку 2022 года спаўняецца 210 год са дня вызвалення Полацка ад напалеонаўскіх войскаў, Менавіта да гэтай даты будзе прымеркаваны фестываль, які адбудзецца 8 кастрычніка ў Полацку. У праграме — рэканструкцыя эпізоду бою з удзелам клубаў з Беларусі і Расіі. Мы пагутарылі з кіраўніком клуба гістарычнай рэканструкцыі Дзмітрыем Ракавым і даведаліся таямніцы аднаўлення гісторыі. 


Падрыхтоўка амуніцыі перад паходам

— Раскажыце, калі ласка, у рэканструкцыі якіх бітваў ўжо паўдзельнічаў ваш клуб? 

— За час свайго існавання, а ў гэтым годзе нашаму клубу спаўняецца 5 гадоў, мы прынялі удзел у многіх рэканструкцыях бітваў, ваенна-гістарычных фестывалях і паходах, а таксама манеўрах. Гэта мерапрыемствы ў Беларусі, напрыклад, на Брылеўскім полі (бітва на Бярэзіне ў Барысаўскім раёне) і на «Батарэях» у самім Барысаве («Батарэі» — рэшткі перадмоставага ўмацавання на правым беразе Бярэзіны, дзе восенню 1812 года разгарнулася бітва паміж авангардам Дунайскай арміі адмірала Чычагава і часткамі арміі Напалеона). 

Памятны паход па гістарычных мясцінах Бярэзінскай пераправы

Таксама бралі ўдзел у фестывалі ў Міры, дзе адбылася бітва летам 1812 года. Таксама мы ладзім (у тым ліку з іншымі клубамі) трэніровачныя палявыя зборы і манеўры, памятныя паходы па месцах, звязанымі з падзеямі вайны 1812 года. 

Кожная паездка, кожны фестываль — гэта не толькі падарожжа, але і буйная падзея, да якой мы старанна рыхтуемся, паколькі трэба будзе некалькі дзён жыць ва ўмовах гістарычнага лагера разам з аднадумцамі з іншых краін. Дзень запоўнены трэніроўкамі, вартай, падрыхтоўкай ежы, прывядзеннем у парадак уніформы і рыштунку — жыццём салдата той эпохі.

Страявыя заняткі - неабходны элемент падрыхтоўкі рэканструктараў для ўдзелу ў мерапрыемствах

— Наколькі баі рэальныя? Ці атрымліваеце вы траўмы, або ўсе рухі адточаныя, бо з боку глядзіцца як сапраўдны бой? 

— Абстаноўка на поле рэканструюемай бітвы, асабліва маштабнай, досыць рэалістычная: вядзецца масавая стральба са стрэльбаў і гармат, скачуць коннікі і сякуцца на шаблях або палашах, паўсюль раздаюцца выбухі піратэхнікі. Усе гэта патэнцыйна небяспечна. Збоку, сапраўды, усё нагадвае рэальную бітву, якая вядзецца з прымяненнем тактычных прыёмаў, перамяшчэнняў падраздзяленняў, атакамі ды адыходамі.

Траўмы бываюць, але рэдка і, як правіла, назначныя, у асноўным сярод кавалерыстаў. Усе ўдзельнікі імкнуцца выконваць пэўныя правілы бяспекі пры правядзенні такіх мерапрыемстваў. 

Пастраенне перад пачаткам рэканструкцыі Барадзінскай бітвы, 4 верасня 2022 г.

Падчас рэканструкцыі Барадзінскай бітвы

— Аматараў рэканструкцый, упэўнена, цікавіць пытанне амуніцыі. Якім чынам вы набываеце гістарычныя ваенныя касцюмы?

— Аднаўленне гістарычнага ваеннага касцюма любой эпохі — гэта нятанна, паколькі рэканструюецца мноства рэчаў, з натуральных матэрыялаў і якія ўяўляюць сабой не бутафорыю, а функцыянальна паўнацэнныя копіі прадметаў, што існавалі ў пэўную эпоху. Часцей за ўсё мы заказваем прадметы ў майстроў, якія вырабляюць дакладныя копіі старадаўніх сапраўдных рэчаў, выкарыстоўваючы пры аднаўленні арыгіналы з музеяў, архіўныя дакументы і іншыя гістарычныя крыніцы. Часам мы нават самастойна спрабуем зрабіць дробныя дэталі касцюма або амуніцыі. Зразумела, нейкія дэталі рыштунку або касцюма каштуюць танней, а нейкія — даражэй, усё залежыць ад матэрыялаў, аб’ёму замовы і складанасці вырабу. Але ўсё гэта акупляецца глыбокім далучэннем да ваеннай гісторыі, эмоцыямі ад удзелу ў «жывой гісторыі».Але рэканструююцца ж не толькі рэчы. Мы на практыцы вывучаем страявую падрыхтоўку, аднаўляем лагер і побыт у ім, стараемся абысціся без выкарыстання сучасных рэчаў. Усё гэта дазваляе яшчэ лепш акунуцца ў эпоху і адчуць яе на сабе.

Ваенная музыка - важны напрамак у гістарычнай рэканструкцыі

Акрамя ваеннай рэканструкцыі, мы яшчэ займаемся і мірнай тэматыкай — гістарычнымі бальнымі танцамі, папулярнымі ў тую эпоху: паланэзы, вальсы, мазуркі, кадрылі і кантрдансы. Сумесна з іншымі аб’яднаннямі праводзім балі і пікнікі ў сядзібах і замках. Актыўна ўдзельнічаем у паказальных мерапрыемствах, праводзім лекцыі па ваеннай гісторыі, медыцыне, гісторыі касцюма, мастацтву ў музеях і бібліятэках.

Баль у Пецярбургу

— Удзельнічаючы ў рэканструкцыях, што вы адчуваеце? Ці адкрыліся вам нейкія «таямніцы», калі вы сталі ўдзельнікам рэканструкцыі і пабывалі ў ролі воінаў напалеонаўскай арміі?

— У дакладна створаных камплектах ваеннага касцюма ўдзельнікі гістарычных клубаў з розных краін, асвоіўшы страявую падрыхтоўку і мудрасці жыцця ў лагеры, узнаўляюць эпізоды вядомых бітваў, пра якія іншыя толькі чыталі ў кнігах або бачылі на карцінах. Ідуць у паход, з наборам правіянту і бытавых рэчаў, якія выкарыстоўваліся ў той, напалеонаўскі, час. Дзякуючы такому пагружэнню, якое нагадвае гістарычны эксперымент, прыходзіць адчуванне духу эпохі, становіцца зразумелай штодзённасць простага салдата. 

Кухня - важны складнік армейскага побыту

Успаміны аб праведзеных паходах і ўдзелу ў рэканструкцыі бітваў застаюцца надоўга. Падчас мерапрыемстваў нярэдка губляецца адчуванне рэальнага, нашага часу, асабліва калі мерапрыемствы праходзяць у месцах, дзе кожны кавалак зямлі звязаны з вялікімі бітвамі, гістарычнымі асобамі. Усё вакол максімальна падобна на тое, як яно было ў тую эпоху, адноўлена захопленымі людзьмі дакладна, дэталёва. Гэты эфект ствараецца тады, калі рэканструкцыя (касцюма, лагера, бітвы) выканана на высокім узроўні, да чаго імкнуцца ўсе ўдзельнікі. 

— Раскажыце, дзе вы знаходзіце аднадумцаў для рэканструкцыі? 

— Наш клуб ужо досыць вялікі, нас ужо каля 20 чалавек, у асноўным ва ўзросце 20-35 гадоў. Мы добра вядомыЯ сярод іншых клубаў і іншых аб’яднанняў, якія займаюцца рэканструкцыяй. Бывае, што працуе механізм «сарафаннага радыё». Частка пачаткоўцаў прыходзіць у клуб пасля таго, як убачылі нас на нейкім мерапрыемстве і захацелі даведацца падрабязнасці таго, хто мы і чым займаемся. Часам да нас звяртаюцца мэтанакіравана — людзі, якія даўно цікавяцца гэтай эпохай і жадаюць хутчэй заняцца рэканструкцыяй. Таксама людзі даведваюцца пра нас з навін або пасля знаёмства з матэрыяламі па гісторыі і фотасправаздачамі аб паездках і мерапрыемствах, якія мы публікуем у сацыяльных сетках. 

Рэканструктары ўзводзяць рэдут - земляное ўмацаванне для абароны

— Як вы лічыце, чаму людзям падабаецца акунацца ў мінулае і арганізоўваць разнастайныя мерапрыемствы ў стылі розных эпох? 

— Мне здаецца, што гэта жаданне глыбей спазнаць мінулае і імкненне на практыцы паспрабаваць яго на смак. Для кагосьці мінулае — гэта прыгожы свет, рэканструюючы які можна ўцячы ад паўсядзённых клопатаў. Хтосьці бачыць у гэтым эксперыменце магчымасць атрымаць адказы на пэўныя пытанні па гісторыі. Для некаторых — гэта проста хобі, захапленне выхаднога дня, зносіны з аднадумцамі і займальныя падарожжЫ. А для кагосьці гэта стала ўжо часткай стылю жыцця, асабліва сярод даследчыкаў і арганізатараў мерапрыемстваў. Але ўсіх іх аб’ядноўвае адно — вялікая цікавасць да гісторыі. 

Алеся ЧАЧУРА

Фота: асабісты архіў Дзмітрыя Ракава

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.