Вы тут

Канфесійны савет ў Баранавічах расказаў, як дапамагчы асобам з залежнасцю


У Баранавічах прайшло выязное пасяджэнне Кансультатыўнага міжканфесійнага савета пад старшынствам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака, на якім разглядаліся пытанні, звязаныя з аказаннем дапамогі асобам, якія патрапілі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі.


У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, члены Кансультатыўнага міжканфесійнага савета — кіраўнікі рэспубліканскіх рэлігійных арганізацый, работнікі галіны аховы здароўя, прадстаўнікі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама.

Галоўнае пытанне, якое абмярковывалася падчас пасяджэння, — выпрацоўка алгарытму ўзаемадзеяння органаў улады з рэлігійнымі арганізацыямі па рэабілітацыі людзей, якія патрапілі ў алкагольную і наркатычную залежнасць.

Удзельнікі выязнога мерапрыемства пазнаёміліся з дзейнасцю рэабілітацыйных цэнтраў, якія дзейнічаюць пры рэлігійных арганізацыях. У прыватнасці, наведалі вёску Сасноўка Слонімскага раёна Гродненскай вобласці, дзе працуе праваслаўны Цэнтр рэабілітацыі залежных ад алкаголю і наркотыкаў «Анастасіс», які належыць Жыровіцкаму Свята-Успенскаму манастыру. За адзіннацаць гадоў, што працуе ўстанова, тут паспелі атрымаць дапамогу сотні людзей, якія самастойна не маглі справіцца з сацыяльнымі хваробамі. Сюды прыязджаюць мужчыны і жанчыны ва ўзросце 18–50 гадоў, якія хочуць пазбавіцца ад залежнасці. Ва ўстанове сабралася каманда неабыякавых супрацоўнікаў: псіхатэрапеўт-нарколаг, псіхолаг, праваслаўны святар і валанцёры, якія самі прайшлі рэабілітацыю. Як заўважыў дырэктар Цэнтра «Анастасіс Сасноўка» Сцяпан Турбал, тут не працуюць, а менавіта служаць, бо кожны рэабілітант патрабуе індывідуальнай увагі. Часта людзі прыбываюць з паніжанай самаадзнакай, і шмат часу надаецца таму, каб яны змаглі разабрацца са сваімі эмоцыямі, паверылі ў сябе, зразумелі, як наладзіць узаемаадносіны з блізкімі, упісацца ў соцыўм. А гэта цяжкая, штодзённая праца, якая не скончыцца нават, калі чалавек пакіне рэабілітацыйны цэнтр. У цэнтры дапамагаюць разабрацца з прычынамі, якія прывялі да хваробы, і падказваюць, як з ёй змагацца. Кожны дзень прыбывання на рэабілітацыі распісаны па гадзінах, у вучэбных класах ідуць групавыя і індывідуальныя заняткі са спецыялістамі. Нягледзячы, што сярод «часовых жыхароў» цэнтра трапляюцца людзі з рознымі лёсамі і прафесіямі (сярод іх бываюць нават медыкі і прафесары), ім даводзіцца садзіцца за парты і... пісаць сачыненні. Гэта таксама праца над сабой: у пісьмовых работах яны аналізуюць сябе, свае думкі і ўчынкі. Сацыяльныя, псіхалагічныя, працоўныя мерапрыемствы (пры цэнтры ёсць свая гаспадарка) накіраваны на аднаўленне фізічнага і духоўнага здароўя. Немалую ролю ў рэабілітацыі адыгрывае і дапамога царквы, падапечныя цэнтра ўдзельнічаюць у богаслужэннях і царкоўных таінствах.

Другі цэнтр, які наведалі ўдзельнікі выязнога мерапрыемства, дзейнічае ў Баранавічах пры рэлігійнай місіі «Вяртанне» Аб’яднанай Царквы хрысціян веры евангельскай. Тут таксама накоплены багаты вопыт па рабоце з людзьмі, якія патрапілі ў залежнасць. Праз рэабілітацыйныя цэнтры, якія дзейнічаюць пры царкве, ужо прайшло больш за тры тысячы чалавек. Цэнтр супрацоўнічае з гарадскімі службамі. Так, рэабілітанты ў Баранавічах замацаваныя за канкрэтнай паліклінікай. Пасля прахаджэння курсу людзям дапамагаюць знайсці працу. У многіх з тых, хто прайшоў рэабілітацыю, наладжваецца жыццё, людзі набываюць прафесіі, уладкоўваюцца на працу, заводзяць сям’ю. Некаторыя рэабілітанты становяцца валанцёрамі, стараюцца дапамагчы іншым людзям, якія патрапілі ў складаную сітуацыю.

Людзі, якія знаходзяцца ў рэабілітацыйным цэнтры ўжо на працягу некалькіх месяцаў, прызнаюцца, што ўдзячны ўсім, хто ім дапамагае і што менавіта тут яны змаглі нарэшце адчуць сябе свабоднымі.

Падчас пасяджэння прадстаўнікі органаў аховы здароўя, МУС, сацыяльных службаў расказалі аб праграмах, якія скіраваны на працу з дадзенай катэгорыяй грамадзян і магчымасці, якія маюцца ў дзяржавы для вырашэння пытанняў. Удзельнікі падзяліліся думкамі аб далейшай працы ў аказанні дапамогі асобам з залежнасцю і прафілактыцы шкодных звычак.

Ганна ПЯТРОВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.