Вы тут

Эксперты расказалі пра асноўныя кірункі развіцця галіны ЖКГ


Перадавыя тэхналогіі і напрацоўкі ў сферы ЖКГ паказалі работнікі галіны на І Міжнароднай спецыялізаванай выставе жыллёва-камунальнай гаспадаркі «Наш дом», якая прайшла на гэтым тыдні ў сталіцы. А падчас васьмі круглых сталоў у яе межах абмяркоўваліся пытанні эксплуатацыі і тэхнічнага рэгулявання жылля, працэсы лічбавізацыі кіравання маёмасцю, падрыхтоўкі кадраў, водазабеспячэння, удасканалення смеццевай галіны, добраўпарадкавання. Падчас выставы прайшла таксама калегія Міністэрства ЖКГ, на якой эксперты агучылі гатоўнасць краіны да зімы і абмеркавалі шляхі будучага развіцця. Эксперты падзяліліся з журналістамі меркаваннямі па стане і развіцці асноўных напрамкаў сферы.


Пра ацяпленне і яго кошт

Рашэнне аб пачатку ацяпляльнага сезона ў краіне прымаюць мясцовыя ўлады зыходзячы з існуючых умоў надвор'я: сярэднесутачная тэмпература павінна быць ніжэйшай за 8 градусаў на працягу пяці сутак, нагадаў міністр ЖКГ Андрэй ХМЕЛЬ.

— Сёння жыллёвы фонд і кацельнае абсталяванне да пачатку сезона гатовыя. У найбліжэйшыя дні рашэнне будзе прынята, і ў нашы дамы паступіць цяпло.

Палітыка кіраўніцтва нашай краіны дазваляе мець даволі даступны кошт на энергарэсурсы, таму рэзкага росту тарыфаў, у тым ліку на ацяпленне, не прадбачыцца. Тым больш што урадам у чэрвені гэтага года было прынята рашэнне не падымаць тарыфы на цеплавую энергію, што за працяглы час адбылося ўпершыню, удакладніў міністр:

— Налета, як звычайна, кошт усіх жыллёва-камунальных паслуг будзе расці два разы, як звычайна: 1 студзеня і 1 чэрвеня. Аднак, паводле склаўшайся практыкі, рост тарыфаў залежыць ад даходаў насельніцтва і не перавышае пяці долараў. Такая палітыка і застанецца.

Пра аплату жыллёва-камунальных паслуг

У краіне цяпер субсідзіруюцца толькі дзве паслугі: цеплазабеспячэнне і падагрэў вады. Гэта самыя важкія па кошце камунальныя паслугі, якія дзяржавай пакрываюцца амаль на 80 %. Пры гэтым паслуга цеплазабеспячэння таксама аплачваецца насельніцтвам па-рознаму. Па эканамічна-абгрунтаваных тарыфах плацяць уласнікі, у кватэрах якіх ніхто не прапісаны, а таксама тыя, хто не заняты ў эканоміцы. Іншыя паслугі ў асноўным аплачваюцца ў поўным аб'ёме, расказаў Андрэй Хмель:

— Сёння кошт гігакалорыі ў выглядзе тарыфаў для насельніцтва — крыху больш за 20 рубёў, хаця сабекошт у сярэднім па краіне складае каля 100 рублёў.

Пра лічбавізацыю і службу 115

Лічбавізацыя — трэнд, які ў краіне трэба актыўна развіваць і ўдасканальваць, лічыць міністр ЖКГ:

— Мы рухаемся да дыстанцыйнага з'ёму паказчыкаў ужытай энергіі, бім-тэхналогій, праграм па кіраванні жылым фондам. Служба 115 знаходзіцца на пачатку свайго шляху і з кожным годам будзе ўдасканальвацца, бо гэта эвалюцыйны працэс, і негатыў, звязаны з яе работай, будзе зніжацца.

Перад галіной ЖКГ стаіць задача штогод памяншаць колькасць зваротаў насельніцтва са скаргамі і заяўкамі ў службу 115 на 1,5 %, што прадугледжана праграмай «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе». Аднак сёлета гэтая колькасць зменшылася на 9,2 %, што з'яўляецца вельмі высокім паказчыкам, паведаміў Віталь СМІРНОЎ, намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

— З пачатку года да 31 жніўня ў службу 115 паступіў 1 мільён 650 тысяч заявак, 1 мільён 120 тысяч з якіх — не скаргі, а кансультацыі па пэўных пытаннях: тэматыка іх самая розная. Добраўпарадкаванне тэрыторый, электразабеспячэнне, эксплуатацыя жылля, якасць аказання паслуг па водазабеспячэнні... Зімой гэта, як правіла, ацяпленне, летам — пакос травы, прыборка тэрыторыі. Аднак у большасці сваёй пытанні датычацца ўсё ж эксплуатацыі жыллёвага фонду, бягучага і капітальнага рамонту.

Паслугі павінны аказвацца людзям якасна і аператыўна. Прычым гэта павінна адбывацца ненавязліва і так, каб іх хацелася спажываць, лічыць Канстанцін ШУЛЬГАН, міністр сувязі і інфарматызацыі:

— Усё, што выкарыстаў чалавек, павінна паступаць у інфармацыйную сістэму пастаўшчыка паслуг без яго ўдзелу, аўтаматычна. Я б дадаў, што гэтыя налічэнні павінны аўтаматычна спісвацца з рахунку банкаўскай карткі, калі чалавек сам не захоча пракантраляваць, як вядзецца працэс.

Пра кіраванне жыллём

У Беларусі існуе дзве асноўныя формы кіравання жыллём: таварыствы ўласнікаў (ТУ) і ўпаўнаважаная асоба — жыллёва-эксплуатацыйныя ўчасткі (ЖЭУ). Стаўленне да людзей, якія жывуць у дамах, знаходзяцца яны пад кіраўніцвам ТУ ці ЖЭУ, аднолькавае. Што датычыцца кантролю за работай дзяржаўных жыллёвых службаў, то ён сёння больш празрысты, абазначыў Андрэй Хмель:

— Дзейнасць ТУ так не прасочваецца, аднак існуюць пытанні па дадатковых налічэннях у жыроўках, законнасці прынятых рашэнняў, правядзенні сходаў. Сёння распрацоўваецца заканадаўчы акт, які зробіць больш жорсткім падыход да дзейнасці ТУ. Каб жыхары былі ўпэўнены, у прыватнасці, што іх грошы ідуць на тыя мэты, на якія яны былі выдаткаваны. Мяркуецца, што да канца года дакумент будзе дапрацаваны.

Пра адходы

Дзяржаўная палітыка ў сферы выкарыстання адходаў ставіць мэту да 2025 года забяспечыць выкарыстанне не менш як 64 % ад агульнай колькасці створаных у Беларусі цвёрдых камунальных адходаў, агучыў міністр ЖКГ:

— У краіне працуе сістэма раздзельнага збору адходаў, нарыхтоўчыя пункты. Аднак аб'ём другасных матэрыяльных рэсурсаў, якія вымаюцца з цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА), сёння не перавышае 20 %, а ў ЦКА застаецца яшчэ шмат карыснай сыравіны. Таму мы рухаемся ў бок будаўніцтва смеццесартавальных заводаў, каб максімальна выкарыстоўваць карысную сыравіну са створаных аб'ёмаў адходаў. Мы скіраваны на тое, каб выкарыстоўваць тую частку адходаў, што не падлягае другаснай перапрацоўцы, у выглядзе РДФ-паліва, а гэта яшчэ 30 % ад камунальных адходаў, а таксама арганічную частку адходаў — гэта яшчэ 40 %.

Часам даводзіцца чуць шмат негатыву ў бок ЖКГ, аднак гэта не азначае, што галіна кепска працуе. Проста камунальнікі мала паказваюць свае дасягненні. Насамрэч рэалізоўваецца вельмі шмат праграм і мерапрыемстваў, каб грамадзянам жылося лепш. А яшчэ вельмі важна чуць ад насельніцтва аб'ектыўную крытыку — гэта дапамагае галіне рухацца наперад, рэзюмаваў міністр.

Спецыялісты спадзяюцца, што ўсе пачутыя і ўбачаныя на выставе прапановы з часам будуць укараняцца.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.