Вы тут

Рака з... малака


Аднойчы пайшла я разам з сябрамі забіраць хрэсніцу з садка. Якраз у гэты час дзеткі завяршалі вячэру. Праз адчыненыя дзверы хлопчык прыкмеціў сваю маму. І так узрадаваўся, што кінуўся да дзвярэй з кубкам, у якім было недапітае малако. На падлозе ўтварылася сапраўдная малочная рака. Пакуль малы плакаў (ніхто на яго не крычаў, відаць, на яго сварацца за правіннасці дома?), а выхавальніца пабегла па анучу, каб выцерці падлогу... Дзве дзяўчынкі, па якіх яшчэ не прыйшлі бацькі, не гублялі дарэмна час: яны пачалі пераскокваць праз белы ручаёк і радасна смяяцца. У той момант я чарговы раз падумала, што нам, дарослым, ёсць чаму павучыцца ў дзяцей. Напрыклад, лёгкасці, экспромту і здольнасці адкрыта праяўляць свае эмоцыі. А яшчэ любы мінус імгненна ператвараць у плюс.


Вось і мой Сымон днямі прыемна здзівіў сваімі развагамі. Па дарозе ў садок запытаўся: «Мама, а калі я вярнуся, бабуля яшчэ будзе?» — «Не, — кажу са спачуваннем у голасе, — паедзе дахаты, ёй жа на працу трэба». Ну, думаю, зараз, пачне румзаць. Аж не: без месяца чатырохгадовы філосаф уважліва паглядзеў мне ў вочы і рэзюмаваў: «Ведаеш, мама, я радуюся, калі бабуля ў нас у гасцях. І калі яе няма — таксама радуюся. І вось зараз іду ў садок і радуюся. А калі ўдаруся, дык паплачу крыху і зноў буду радавацца».

Пасля гэтых слоў я згадала сваю любімую кнігу пра «Паліяну». Гераіня Элінар Портэр засталася без бацькоў. Яе жыццё ў маленькім пакойчыку на гарышчы ў строгай цёткі-апякункі нельга назваць радасным. Але дзяўчынка валодае сапраўдным чараўніцтвам — яна ўмее гуляць у «радасць». Правілы гэтай гульні вельмі простыя. Трэба проста старацца знаходзіць штосьці радаснае нават у самых сумных рэчах. Вось крыху падрасце Сымонка — абавязкова дам яму пачытаць гэтую аповесць. Думаю, яму спадабаецца.

Сын маёй сяброўкі таксама той яшчэ філосаф. Штораз раніцай, пакідаючы Даню ў садку, Таня ляцела хутчэй на вуліцу, каб памахаць яму ў акно і паслаць паветраны пацалунак, інакш слёзы-істэрыка. А тут на днях малы выдаў: «Мама, я табе махаць не буду. Ты не смуткуй, галоўнае — што ты ў мяне ў сэрцы». Ці вось яшчэ: неяк прыйшоў Даніла з садка і кажа: «Мама, а чаму Кузьмінічна (выхавальніца) так засмучаецца, калі мы робім памылкі?! Мы ж проста вучымся!» Ну праўда ж міла?

«Дзіця можа навучыць дарослага тром рэчам: радавацца без прычыны, заўсёды знаходзіць сабе занятак і настойваць на сваім», — пісаў Паўла Каэльа. Акрамя таго, побач з імі мы, мамы і таты, можам без машыны часу адчуць сябе дзецьмі.

Улетку я адправіла сяброў на сустрэчу, а сама тым часам засталася нянчыць іх трохгадовую дачку. За тыя паўтары гадзінкі мы паспелі наляпіць марозіва з пяску, намаляваць крэйдачкамі на асфальце казачную краіну, а яшчэ я паказала Івонцы, як гуляць у класікі. Менавіта за гэтым заняткам мяне і застаў незнаёмец, які праходзіў міма. Ён спыніўся і з добразычлівай усмешкай сказаў: «Як я вас разумею! Толькі з дзецьмі можна без аглядкі выйсці ў двор і паскакаць на адной ножцы. Мне таксама ўзімку так захацелася пакатацца з горкі. Узяў з сабой сына ды дачку і адарваўся па поўнай. Апошні раз я так пішчаў ад захаплення, яшчэ калі сам вучыўся ў школе. Калі б паехаў катацца адзін — людзі падумалі б, што ў мяне з галавой не ўсё ў парадку. А так яны ўсміхаліся і думалі, як дзецям пашанцавала з татам. А адзін хлопчык, якога на горку прывяла бабуля (і чакала яго на лавачцы), падышоў і сказаў: «Якая ў вас класная сям'я!».»

Здаецца, нічога асаблівага той мужчына не сказаў. А на душы ад яго слоў — і дагэтуль прыемны паслясмак. Дарэчы, менавіта пасля той сустрэчы на маёй лядоўні з'явіўся новы надпіс: «Калі хочаце вырасціць добрых дзяцей, выдаткоўвайце на іх у два разы менш грошай і ў два разы больш часу». Веру, што калі хоць на выхадных так весела бавіць час усёй сям'ёй, то свет будзе дабрэйшы і больш радасны.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.