Вы тут

90% беларусаў адчуваюць пачуццё прыхільнасці да краіны


Пачуццё прыхільнасці да сваёй краіны адчуваюць каля 90% беларусаў, паведамляе БелТА са спасылкай на дырэктара Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук кандыдата сацыялагічных навук, дацэнта Мікалая Мысліўца.


Інстытут сацыялогіі ў жніўні — верасні напярэдадні Дня народнага адзінства правёў сацыялагічнае даследаванне. Папярэднія вынікі названыя сёння. Так, 89,8% рэспандэнтаў адчуваюць пачуццё прыхільнасці да Беларусі.

«На працягу ўсёй сваёй гісторыі Беларусь дэманструе прыклад паспяховага паступальнага развіцця, гарантуе грамадзянам усе неабходныя сацыяльныя выгоды, адсутнасць канфліктаў, магчымасць самарэалізацыі ў розных сферах. І такі працэнт прыхільнасці ўяўляе сабой ацэнку грамадзянамі ўсіх тых дасягненняў, якія ёсць у суверэннай Беларусі», — сказаў Мікалай Мыслівец.

Сярод жыццёвых прыярытэтаў сям’ю і пераемнасць пакаленняў выбралі 92,9% беларусаў. На важнасць дзяржаўнага суверэнітэту паказваюць 83,9% рэспандэнтаў. Амаль у роўнай ступені імі адзначана важнасць народных сімвалаў, рэлігійных святынь і дзяржаўных сімвалаў (81,6%, 80,1%, 78,7% адпаведна). На важнасць беларускай мовы і літаратуры паказваюць 75,1% апытаных.

«Найважнейшыя прыярытэты абумоўлены імкненнем беларусаў захаваць стабільнасць у грамадстве, незалежнасць і суверэнітэт сваёй краіны і зберагчы гістарычную памяць. Нашы суайчыннікі падкрэсліваюць максімальную прыхільнасць і да месца свайго нараджэння, і да месца свайго цяперашняга пражывання, і Беларусі ў цэлым. Гэты факт можна разглядаць і ў якасці яшчэ аднаго пацверджання паспяховай і паўнавартаснай інтэграцыі ў беларускае грамадства прадстаўнікоў розных нацый і этнічных супольнасцяў. У краіне створаны максімальна камфортныя ўмовы для тых грамадзян іншых краін, якія знаходзяць тут месца для прымянення сваіх здольнасцяў і сіл, працуючы на карысць нашай краіны», — падкрэсліў дырэктар інстытута.

Беларусы таксама вылучылі асноўныя фактары, якія у найбольшай ступені спрыяюць згуртаванню беларускага народа. Гэта жаданне жыць у стабільнасці і дастатку, што ў цэлым сведчыць аб адпаведнасці запытам насельніцтва курсу, які праводзіцца ў Рэспубліцы Беларусь, на паступальнае развіццё ўсіх сфер жыцця грамадства, забеспячэнне міру і эканамічнай бяспекі, а таксама жаданне жыць у незалежнай краіне.

Такія вынікі даюць падставы сцвярджаць, што суверэнітэт і незалежнасць — аснова адзінства беларускага грамадства. Таксама кансалідуючую функцыю выконвае гістарычнае мінулае. Менавіта таму важная праца па захаванні грамадскага кансенсусу па асноватворных падзеях у гісторыі беларускага народа.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.