Вы тут

Марыя Міцкевіч — жонка, муза, паплечніца Песняра


Кніга «Табой я жыў, табой жыву...», якая выйшла сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда», прымеркавана да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа і прысвечана яго жонцы — Марыі Дзмітрыеўне Каменскай, у замужжы — Міцкевіч. 


Укладальніцы выдання — унучка паэта Вера Міцкевіч і праўнучка песняра Васіліна Міцкевіч. 

Кніга складаецца з некалькіх раздзелаў, у якіх змешчаны гісторыка-літаратурныя артыкулы, сямейнае ліставанне, выбранае з ліставання Марыі Міцкевіч і яе адрасатаў, успаміны пра спадарожніцу жыцця Якуба Коласа, дакументы і спачуванні на яе смерць. Апошнім раздзелам друкуюцца вершы, прысвечаныя Марыі Дзмітрыеўне. 

З усяго таго багатага і разнастайнага матэрыялу паўстае вобраз жанчыны разумнай, далікатнай, сардэчнай, клапатлівай маці і жонкі. «Яна была чалавекам, поўным любові да людзей, вельмі сціплай, нават самаахвярнай. Мама з вялікай любоўю і пяшчотай ставілася да нас, сваіх дзяцей, вучыла нас быць добрымі, сумленнымі, працавітымі... У нашай сям’і заўсёды панавала атмасфера любові і дабрыні», — пісаў Даніла Міцкевіч. 

Нарадзілася Марыя Каменская ў сям’і святара, вучылася ў духоўным вучылішчы, працавала настаўніцай. З Якубам Коласам пазнаёмілася ў Пінску ў 1912 годзе. Дасканала ведала беларускую мову, народныя беларускія песні. Да яе сардэчна ставіліся Янка Купала, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля і іншыя вядомыя сучаснікі.

Жыццё сям’і было нялёгкім. Давялося спазнаць голад, бежанства, эвакуацыю; у 1941 годзе на фронце прапаў без вестак Юрый — сярэдні сын Якуба Коласа і Марыі Міцкевіч. Праз выпрабаванні і горкія страты Марыя Дзмітрыеўна гадавала дзяцей, несла на сваіх плячах цяжкасці тагачаснага быту, стварала ўтульнасць у доме. Яна была першым чытачом і крытыкам твораў свайго мужа. Мноства цудоўных вершаў беларускі нацыянальны геній прысвяціў «сваёй Марусі» — жонцы, музе, каханай. 

Менавіта родную бабулю нагадаў Веры Міцкевіч вобраз Сымонкавай Ганны з паэмы «Сымон-музыка». У лісце да жонкі Якуб Колас пісаў: «Такія людзі, як ты, у жыцці вельмі патрэбныя, як жыватворчыя сокі гэтага жыцця, бо жывеш ты не для сябе...» 

Марыя Дзмітрыеўна была побач са сваім знакамітым мужам, але не навідавоку, а як бы за яго плячыма. У тым, што Якуб Колас рэалізаваў сябе напоўніцу, стаў тым, кім ён ёсць для беларускай літаратуры, вялікая заслуга яго спадарожніцы жыцця. Дзякуючы ўкладальнікам кнігі, яе аўтарам і выдавецтву дэталізаваны партрэт Марыі Міцкевіч цяпер даступны шырокаму колу чытачоў.

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.