Вы тут

Арбуз для Беларусі паступова становіцца звыклай культурай


У Гродзенскай вобласці вырошчваннем арбузаў займаюцца пяць гаспадарак. Адным з першых пачаў уборку Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства НАН Беларусі, што ў Шчучынскім раёне. Рэалізуюць іх як ва ўласнай краме, так і ў гандлёвых кропках прадпрыемства «Гроднааблспажыўтаварыства». Кілаграм салодкай ягады каштуе ў сярэднім 1 рубель 20 капеек. За першы дзень тут сабралі больш за 300 кілаграм.


Сярэдняя вага сёлетніх арбузаў складае 11-12 кілаграм. Бывае, што ёсць і па 16 кіло.

– Арбузы салодкія, сакавітыя, хоць надвор’е сёлета не самае спрыяльнае для іх росту  – назіраліся  вельмі рэзкія перапады тэмпературы, – расказала спецыяліст інстытута Інна Сенкевіч. – Але ўраджай павінен быць не горшы за леташні. Арбузы раслі, згодна з усімі тэхналагічнымі патрабаваннямі – пад плёнкай, з капельным палівам, з адпаведнымі апрацоўкамі падчас вегетацыйнага перыяду.

Плошчы пад гэтую далікатную культуру ў інстытуце сёлета значна павялічылі – ад 40 сотак да гектара. Сарты  замежныя, у асноўным галандскія. Беларускіх сартоў пакуль няма. Па словах спецыялістаў,  арбузы добра адчуваюць сябе і ў нашых прыродна-кліматычных умовах, а для лепшага прыстасавання некаторым сартам зроблены прышчэпкі дзікіх гарбузоў.

– Вядома, ягада далікатная, пакуль не вельмі ў нашых шыротах распаўсюджаная, – распавядае Інна Сенкевіч. – Хутчэй гэта эксперыментальныя ўчасткі. Тым не менш першы вопыт вырошчавання даў нядрэнны вынік. У мінулым годзе сабралі 11 тон, сёлета мяркуем атрымаць да 15. Рэалізуем у сваім фірменным гандлі і адпраўляем у крамы па вобласці.

Дарэчы, інстытут займаецца і вырошчваннем расады. Сёлета ёй займаецца  фермер з Мастоўскага раёна. У гаспадарцы «Джэр Агра» участак пад арбузы складае ўжо 5 гектар. А вырошчваць гэтую культуру  пачалі з 10 сотак некалькі гадоў таму. Зараз тут збіраюць даволі нядрэнны ўраджай – да 200 тон. Рэалізуе яго фермер у гандлёвых кропках Гродзенскага і Мастоўскага раёнаў, а таксама ў сталічных крамах.

Увогуле, арбузным кірункам цікавяцца многія гаспадаркі, паведамілі  ў Гродзенскім абласным камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Колькасць аматараў вырошчвання цеплалюбівай ягады ў рэгіёне расце. Пакуль у прамысловых аб’ёмах яе культывуюць пяць гаспадарак – тры фермерскія гаспадаркі, Гродзенскага гароднінная фабрыка і занальны інстытут у Шчучынскім раёне. Усё часцей з’яўляецца цеплалюбівая ягада і на прыватных участках. Па ўсёй бачнасці, гэта культура мае права на  прапіску і ў Беларусі, лічаць спецыялісты аграпрама.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота grodnonews

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.