Вы тут

Катаракта і глаўкома здаюцца ўрачам


Найбольш частымі прычынамі зніжэння вастрыні зроку з'яўляюцца глаўкома, катаракта, захворванні сятчаткі, прыроджаныя паталогіі і траўмы. Самае небяспечнае захворванне, якое часта вядзе да інваліднасці, — глаўкома, а самая распаўсюджаная аперацыя — хірургія катаракты. У нашай краіне выконваюцца абсалютна ўсе сучасныя аперацыі, якія ёсць у свеце.


Высокаспецыялізаваная афтальмалагічная дапамога аказваецца ў Рэспубліканскім афтальмалагічным цэнтры на базе 10-й клінічнай бальніцы, у 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы, РНПЦ «Маці і дзіця», РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі.

— Афтальмалогія ў нашай краіне адрозніваецца сацыяльнай арыентаванасцю і дзяржаўнай падтрымкай у медыкаментозным, хірургічным, лазерным лячэнні і выкарыстанні донарскіх тканак. Беларусь з'яўляецца ўнікальнай краінай не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў Еўропе і свеце, дзе медыкаментознае лячэнне глаўкомы ажыццяўляецца цалкам бясплатна, — кажа галоўны пазаштатны афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя загадчык кафедры афтальмалогіі БелМАПА Таццяна ІМШАНЕЦКАЯ.

Паводле яе слоў, цяпер актыўна прымяняюцца айчынныя імпартазамяшчальныя лекі. Прычым гэта датычыцца не толькі монапрэпаратаў, але і фіксаваных камбінацый, якія ў шэрагу выпадкаў зручныя для пацыентаў.

У лячэнні глаўкомы часта прымяняюцца лазерныя метады. З іх дапамогай лечаць і самую складаную форму — рэфрактарную глаўкому, устойлівую да іншых метадаў. Прымяняюцца лазерныя аперацыі і ў пацыентаў з высокімі зрокавымі функцыямі на пачатковых стадыях захворвання. У такіх выпадках выкарыстоўваецца новы метад, які нядаўна з'явіўся ў дзяржаўнай клініцы, — мікраімпульсная трансклеральная цыклафотакаагуляцыя.

— Лячэнне асабліва ўскладненых форм глаўкомы, раней неаднаразова аперыраваных, устойлівых да медыкаментозных і лазерных метадаў, ажыццяўляецца ў нашай краіне на бясплатнай аснове, — падкрэсліла Таццяна Імшанецкая.

Самая распаўсюджаная аперацыя на органах зроку ў беларусаў — хірургія катаракты. Гэта сучасная мікраінвазіўная методыка, з мінімальнымі разрэзамі, якая дазваляе хутка рэабілітавацца, скараціць час знаходжання ў стацыянары і знізіць рызыку пасляаперацыйных ускладненняў.

У Рэспубліканскім афтальмалагічным цэнтры функцыянуе сучасны аперацыйны блок з шасцю аперацыйнымі, з іх тры з ламінарнымі плынямі, з асабліва чыстым паветрам, з устаноўкамі для хірургіі катаракты, камбінаванай вітрэальнай хірургіі, фемтасекундным лазерам для хірургіі рагавіцы і апаратам для крослінкінгу (метад сшывання рагавіцы).

Гэта дазваляе праводзіць усе віды камбінаваных аперацый на шклопадобным целе і сятчатцы з аднамомантным выдаленнем хрусталіка пры траўмах і захворваннях, а таксама крослінкінг рагавіцы і пластычныя аперацыі.

— У Беларусі актыўна праводзіцца трансплантацыя тканак у афтальмалогіі. Актыўна выкарыстоўваецца трансплантацыя амніятычнай мембраны, рагавіцы і склеры. Гэта лячэнне асабліва цяжкіх форм глаўкомы, рэканструктыўныя аперацыі, лячэнне дэфектаў кан'юктывы і склеры. Кератапластыка праводзіцца з выкарыстаннем фемтасекунднага лазера. Ён функцыянуе ў нас ужо больш за 10 гадоў, — расказвае галоўны афтальмолаг.

Што датычыцца злаякасных пухлін вока, то ў апошнія гады ўкараняюцца органазахавальныя метады лячэння, таму адбылося зніжэнне колькасці такіх інвалідызуючых аперацый, як выдаленне вочнага яблыка. Пры меланоме выкарыстоўваюцца сучасныя метады: камбінаванае лячэнне, гама-нож. З дапамогай апошняга пралечана ўжо 80 пацыентаў. Гэта амаль удвая больш, чым у Расіі.

Як адзначыла Таццяна Імшанецкая, за апошнія гады назапашаны ўнікальны вопыт аказання неадкладнай афтальмалагічнай дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй. Для гэтага быў арганізаваны аперацыйны блок, аснашчаны ўсім неабходным абсталяваннем для выканання як складаных, так і высокатэхналагічных аперацый па неадкладных паказаннях: траўма, нездаровая катаракта, адслойка сятчаткі. Запатрабаванымі ў гэты перыяд аказаліся лазерныя метады лячэння, калі пацыент з закрытавугольнай глаўкомай, разрывамі сятчаткі мог атрымліваць лячэнне, знаходзячыся ў інфекцыйным аддзяленні.


У тэму

Як выратаваць дзіця ад блізарукасці?

На праблему пагаршэння зроку ў дзяцей з-за выкарыстання гаджэтаў звярнуў увагу загадчык аддзялення лазернай мікрахірургіі вока 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Ігар ЗАБАРОЎСКІ:

— Вока чалавека задумана такім чынам, каб бачыць удалечыню. З дзіцячага ўзросту зрокавая нагрузка зблізку ўзрастае з кожным годам. Адаптуючыся пад яе, вока праходзіць мікраэвалюцыю і становіцца блізарукім. На сёння не менш за палову сярод дзяцей і падлеткаў да 18 гадоў маюць зрокавыя адхіленні, якія звязаны пераважна з нагрузкай зблізку. І гэта лічба штогод узрастае. У азіяцкім рэгіёне яна ўжо 90 %. Таму важна засцерагчы дзяцей ад гаджэтаў у дашкольным узросце. Анатомія вока не церпіць такога гвалту. Менавіта таму ў рэкамендацыях любога афтальмолага першым пунктам стаіць захаванне рэжыму зрокавых нагрузак.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.