Вы тут

Хвароба, якая з'яўляецца галоўнай прычынай слепаты


«Выпісваю і чытаю «Звязду» больш за 20 гадоў. Хацела б ведаць, якія вітамінныя прэпараты прымаць пры глаўкоме, каб спыніць гібель сятчаткі і зрокавага нерва? Два гады таму ў мяне захварэла правае вока, а цяпер і левае. Капаю кроплі «Брынзопт» і «Травапрэс», якія выпісвае ўрач, правяраю ўнутрывочны ціск. Раней, калі хварэла толькі правае вока, не бачыла вясёлкавых кругоў перад вачыма, а цяпер яны з'явіліся. Магчыма, урач мне штосьці параіць».

Раіса Фёдараўна, Мастоўскі раён


Адказвае ўрач-афтальмолаг 11-й гарадской паліклінікі Галіна Міхневіч.

— Спачатку варта растлумачыць, што такое глаўкома. Гэта хранічнае, найчасцей двухбаковае захворванне вачэй, пры якім пастаянна або перыядычна павышаецца ўнутрывочны ціск, узнікаюць дэфекты ў полі зроку і з'яўляецца глаўкомная атрафія зрокавага нерва. У залежнасці ад таго, наколькі атрафіраваны зрокавы нерв, падзенне зроку можа быць аж да поўнай слепаты. Слепата, выкліканая глаўкомай, носіць незваротны характар, бо гіне зрокавы нерв. Вярнуць пацыенту ў такім выпадку зрок немагчыма! Пры гібелі валокнаў зрокавага нерва парушаецца правядзенне нервовых імпульсаў ад клетак сятчаткі ў мозг, і чалавек страчвае зрок.

На жаль, глаўкома даволі распаўсюджанае захворванне, часцей яго маюць людзі, старэйшыя за 40 гадоў, але могуць хварэць і маладыя людзі, і нават немаўляты.

Цяпер пра тое, навошта нам кантраляваць унутрывочны ціск. Чалавечае вока з'яўляецца замкнёнай поласцю, у якой адбываецца пастаянны працэс абмену ўнутрывочнай вадкасці, якая адказвае за падтрыманне ўнутрывочнага ціску і сілкавання хрусталіка і рагавіцы. Утвараецца ўнутрывочная вадкасць у адростку раснічнага цела і цыркулюе ў воку з задняй камеры ў пярэднюю. У здаровым воку назіраецца строгі баланс паміж выпрацоўкай унутрывочнай вадкасці і яе адтокам, што і вызначае тонус, або унутрывочны ціск. У воку ён выконвае важныя функцыі: пад яго дзеяннем выпростваюцца ўнутрывочныя абалонкі, у іх ствараюцца тонус і пругкасць, што неабходна для нармальнага функцыянавання вачэй.

Унутрывочны ціск павышаецца ў выніку дзвюх прычын: залішняй выпрацоўкі ўнутрывочнай вадкасці або парушэння адтоку ўнутрывочнай вадкасці праз дрэнажныя сістэмы.

Такім чынам, затрымка ў воку ўнутрывочнай вадкасці прыводзіць да павышэння ўнутрывочнага ціску, а яно — да парушэнняў у зрокавым нерве (гібель клетак зрокавага нерва), што вядзе да незваротнай страты зроку. Высокі ўнутрывочны ціск таксама спрыяе пашкоджванню асобных участкаў сятчаткі, якія ўспрымаюць святло.

Для глаўкомы характэрныя тры асноўныя прыкметы. Гэта павышэнне ўнутрывочнага ціску, звужэнне палёў зроку, змена дыска зрокавага нерва.

Трэба сказаць, што ў 80 % выпадкаў глаўкома працякае бессімптомна і толькі ў 20 % — са скаргамі на перыядычнае затуманьванне зроку, з'яўленне вясёлкавых кругоў перад вачыма (на што і скардзіцца чытачка), звужэнне поля зроку, болі ў воку (могуць быць начныя болі), болі ў лобнай, скроневай частцы галавы, пагаршэнне здольнасці бачыць прыцемкам, адчуванне дыскамфорту, цяжару ў воку.

Глаўкома можа быць:

  • прыроджаная (гэта спадчыннае захворванне, якое з'яўляецца вынікам няправільнага або няпоўнага развіцця дрэнажных канальчыкаў вока ў перыяд унутрывантробнага развіцця.)
  • набытая. У залежнасці ад фактараў яна падзяляецца на першасную і другасную. У залежнасці ад механізму парушэння адтоку ўнутрывочнай вадкасці глаўкома падпадзяляецца на адкрытавуглавую і закрытавуглавую. Пры адкрытавуглавой глаўкоме ціск павялічваецца паступова з-за запаволенага старэння і склеразавання сценак шлема канала. Адкрытавуглавая глаўкома працякае бессімптомна, пакуль не выявіцца змена ў полі зроку, звужэнні поля зроку звычайна выяўляюцца ў адным воку, радзей у двух. Нават вельмі ўважлівыя людзі не заўважаюць змены, якія адбываюцца ў вачах.

Фактарамі рызыкі пры адкрытавуглавой глаўкоме з'яўляюцца генетычная схільнасць (наяўнасць глаўкомы ў найбліжэйшых сваякоў), узрост, старэйшы за 40 гадоў, блізарукасць, шкодныя звычкі (спіртное, цыгарэты), хранічныя захворванні (цукровы дыябет, артэрыяльная гіпертэнзія, атэрасклероз сасудаў галаўнога мозга).

Закрытавуглавая глаўкома сустракаецца радзей, чым адкрытавуглавая, і развіваецца ў асоб працаздольнага ўзросту. Захворванне звычайна ўзнікае ў дальназоркіх людзей, а таксама пры пэўнай будове вочнага яблыка, якую, як правіла, мы атрымліваем у спадчыну ад бацькоў. Пры закрытавуглавой глаўкоме вугал пярэдняй камеры (туды, куды павінна адцякаць унутрывочная вадкасць) вельмі вузкі або закрыты.

Фактары рызыкі пры закрытавуглавой глаўкоме — маленькае вока, дальназоркасць, генетычная схільнасць, стрэс, шкодныя звычкі, работа ў цёмным памяшканні (у цемры пашыраецца зрэнка і радужная абалонка закрывае вугал пярэдняй камеры, парушаецца адток унутрывочнай вадкасці, унутрывочны ціск рэзка расце), начная работа, працяглае нахіленае становішча галавы.

Лячэнне пры глаўкоме накіравана на нармалізацыю ўнутрывочнага ціску. Вылучаюць тры віды лячэння: медыкаментознае (прыём прэпаратаў нармалізуе ўнутрывочны ціск, на нашым рынку такіх шмат); лазернае лячэнне, хірургічнае. Калі чытачка прымае прэпараты, рэкамендаваныя ўрачом, можна параіць дадаць вітамінныя комплексы, што змяшчаюць лютэін, цынк, вітамін А.

Важна памятаць, што глаўкома — гэта хранічнае захворванне, якое патрабуе рэгулярнага назірання і лячэння ў афтальмолага (не радзей за адзін раз на тры месяцы), лячэння спадарожных захворванняў. Асабліва важнае захаванне падабранага ўрачом рэжыму. Асобы, у якіх у сям'і ёсць глаўкома, пасля 35 гадоў мусяць вымяраць унутрывочны ціск адзін раз на год.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.