Вы тут

Праект для дарослых дзяцей і іх састарэлых бацькоў прапануюць беларусам


Пад старшынствам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака на пасяджэнні Каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржкіравання і Беларускай праваслаўнай царквой абмяркоўваліся сацыяльныя праекты і праграмы, дзякуючы якім розныя катэгорыі грамадзян атрымліваюць неабходную дапамогу. Мерапрыемства прайшло на базе Дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў «Выток». У ім прынялі ўдзел міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; святары беларускага Экзархата, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, якія рэалізоўваюць сацыяльныя праграмы сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой; камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне; упраўленняў ідэалагічнай работы аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.


Сямейныя каштоўнасці

За доўгія гады супрацоўніцтва дзяржорганаў і беларускай праваслаўнай царквы назапашаны багаты вопыт па вырашэнні розных праблем і аказанні дапамогі інвалідам, састарэлым, людзям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Ірына Касцевіч звярнула ўвагу на тыя сацыяльныя выклікі, якія сёння стаяць перад грамадствам. Насельніцтва старэе. Сёння ў краіне пражывае 2 мільёны састарэлых людзей, паўмільёна чалавек, якія маюць інваліднасць. Нараджальнасць зніжаецца, сярод прычын гэтага, у тым ліку, познія шлюбы і павелічэнне колькасці разводаў. Адпаведна, сёння ўжо варта прасоўваць сярод моладзі традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Ірына Анатольеўна згадала адну з сустрэч з хлопцамі і дзяўчатамі 16—18 гадоў. Калі ў маладых людзей запыталі, ці хацелі б яны мець у будучыні сям'ю, быў лес рук. Але калі пытанне канкрэтызавалі: «Ці хацелі б вы, каб у вас была такая сям'я і ўзаемаадносіны, як у вашых бацькоў?», рукі ўжо многія не паднялі. «Шчасце нашых дзяцей шмат у чым залежыць ад кожнага з нас. Мы павінны стаць для іх прыкладам», — заўважыла Ірына Касцевіч і нагадала, што перад дзяржслужачымі стаіць задача па прасоўванні ідэалогіі, традыцыйных каштоўнасцяў, узорнага сямейнага жыцця.

14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці, 21 кастрычніка — Дзень бацькі, і, на думку міністра, варта было б запусціць новы праект «Тыдзень бацькоўскай любові», каб гэту добрую, важную тэму прасоўваць у сям'і, уздымаць пытанні, якія тычацца павагі да маці і таты і адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей.

Таксама сёлета плануецца запусціць праект «Павага. Клопат. Адказнасць» — з дапамогай якога звярнуць увагу грамадскасці на ўзаемаадносіны дарослых дзяцей і іх бацькоў састарэлага ўзросту, паказаць, наколькі важныя разуменне і клопат.

Сярэбраныя валанцёры

Для вырашэння шматлікіх сацыяльных пытанняў патрэбны надзейныя партнёры, тым больш што часам людзям патрэбна індывідуальная, духоўная падтрымка. Сёння ў краіне створана 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, многія з іх шчыльна працуюць са святарамі.

Так, у Іванаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва праводзяцца духоўна-асветніцкія заняткі, сумесныя сустрэчы, культурна-масавыя мерапрыемствы, сустрэчы на базе клубаў і гурткоў.

У адзяленні забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў з мэтай садзейнічання духоўна-маральнаму развіццю інвалідаў і іх сацыялізацыі праводзяцца «Урокі праваслаўя». Традыцыйнымі сталі сумесныя мерапрыемствы для маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі і іх бацькоў з удзелам святароў. Да вялікіх хрысціянскіх свят сюды, у тэрытарыяльны цэнтр, прыходзяць выхаванцы нядзельных школ, якія дзейнічаюць пры мясцовых храмах. Яны паказваюць тэатральныя пастаноўкі, ладзяць канцэрты. Такім чынам людзі з інваліднасцю атрымліваюць дадатковыя кантакты з навакольным светам, а госці больш даведваюцца пра патрэбы і мары асоб з абмежаванымі магчымасцямі, а часта апошнім не хапае проста зносін і разумення. Пры аддзяленні забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ў Іванаўскім тэрытарыяльным цэнтры функцыянуе клуб «Асновы праваслаўнай культуры». Пенсіянеры заўсёды рады сустрэчам, гутаркам са святаром, вывучаюць праваслаўную літаратуру, наведваюць храм. У аддзяленні арганізавана і валанцёрская група з ліку састарэлых людзей «Адкрытыя сэрцы». Валанцёры сярэбранага ўзросту з'яўляюцца членамі сястрыцтва пры храме. Яны дапамагаюць адзінокім пацыентам Іванаўскай цэнтральнай раённай бальніцы ў дастаўцы лекаў, прадуктаў, кніг, пераадоленні пачуцця адзіноты. Запрашаюць сваіх новых знаёмых на службу ў храм. А тых, хто мае патрэбу ў дадатковай падтрымцы і пражывае адзін, наведваюць дома. Толькі за 2022 год дапамогу такіх валанцёраў атрымала больш чым паўсотні чалавек. Акрамя таго, неабыякавыя валанцёры сястрыцтва ўзялі шэфства над маладымі інвалідамі адзялення дзённага знаходжання. Яны суправаджаюць іх на службу, знаходзяцца з імі падчас богаслужэння. Таксама праводзяць майстар-класы па вырабе сувеніраў.

Працоўнае паслушэнства

Як паведаміла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Надзея Цупа, сёння ўстановы сацыяльнага абслугоўвання Міншчыны супрацоўнічаюць з 79 праваслаўнымі рэлігійнымі арганізацыямі. Сустрэчы адбываюцца ў межах круглых сталоў, акцый, мерапрыемстваў, клубаў. А вопыт, атрыманы падчас сацыяльных праектаў, якія рэалізоўваюцца ў вобласці, варта пераймаць і тыражыраваць у іншых рэгіёнах краіны. Варта згадаць праграмы, накіраваныя на аказанне дапамогі залежным, бяздомным, састарэлым, людзям з інваліднасцю, альбо скіраваныя на падтрымку традыцыйнай сям'і, мацярынства і дзяцінства. Наогул, у вобласці рэалізоўваецца больш за 50 сумесных сацыяльных праектаў. Адзін з іх — «Да праваслаўнай веры і культуры праз жэсты» — рэалізоўваецца тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання Барысаўскага раёна з прыходам храма Раства Хрыстова ў Барысаве. Спачатку праект быў скіраваны на інвалідаў з парушэннем слыху, якія знаходзяцца ў аддзяленні суправаджальнага пражывання. Але інфармацыя пра такую магчымасць задаволіць патрэбу ў духоўным развіцці хутка распаўсюдзілася, і сёння праект ахоплівае ўжо 139 жыхароў раёна, якія маюць праблемы са слыхам.

У аграгарадку Міханавічы пры прыходзе храма Свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага яшчэ ў 2015 годзе пачало працаваць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Праз пэўны час аддзяленне пачало прымаць і састарэлых людзей. Такі «прытулак» пры храме выдатна дэманструе, як царква і дзяржструктуры могуць супрацоўнічаць пры выкарыстанні дзяржаўнага сацыяльнага заказу. «У дадзеным праекце арганічна спалучаюцца, аб'ядноўваюцца, узаемадапаўняюць адзін аднаго рэсурсы дзяржавы і царквы, — заўважыў настаяцель храма Свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага ў аграгарадку Міханавічы іерэй Дзімітрый Грыцэнка.

Падобны станоўчы вопыт плануецца развіваць. Разглядаецца пытанне аб адкрыцці аддзялення дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю пры царкве ў гарадскім пасёлку Смілавічы.

Даць шанц усім

Праваслаўная царква займаецца і работай па рэабілітацыі тых, хто мае алкагольную ці наркатычную залежнасць, бярэ пад апеку людзей, якія вызвалены з месцаў пазбаўлення волі. Асобы, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, засталіся без жылля, знаходзяць месца ў прытулку Свята-Елісавецінскага манастыра. Яны накіроўваюцца на выпрабавальны тэрмін (3—6 месяцаў) на падвор'е. На кожнага ўскладаюцца працоўныя абавязкі па здольнасцях. Напрыклад, жанчыны могуць працаваць на кухні, на агародзе, займацца шыццём і рукадзеллем. Мужчыны — браць на сябе больш цяжкія работы. Пасля разам з манахінямі людзі абмяркоўваюць сваё жыццё, далейшыя яго шляхі. Між іншым, працоўнае паслушэнства добра спрацоўвае як адзін з элементаў рэабілітацыі. Яно дапамагае забыцца на цяжкія, негатыўныя думкі. Да таго ж манахіні аказваюць людзям духоўную падтрымку, падштурхоўваюць сваіх падапечных да гутарак-разважанняў пра іх далейшае жыццё.

Сёстрамі міласэрнасці назапашаны вопыт дапамогі па рэабілітацыі асоб, якія маюць псіханеўралагічныя захворванні. У мастацкіх майстэрнях пры манастыры яны могуць атрымаць новыя навыкі працы, дапамогу псіхолага, развіць свой творчы патэнцыял, створана спрыяльная духоўная атмасфера, фарміруюцца ўяўленні аб праваслаўных традыцыях і культуры, а галоўнае, людзі вяртаюць веру ў сябе.

— Служэнне ў галіне сацыяльнай абароны насельніцтва немагчыма пераацаніць асабліва ў свеце, дзе чалавек часцей за ўсё сутыкаецца з выпрабаваннем, звязаным са стратай здароўя, сям'і ці іншымі цяжкімі выпрабаваннямі, — заўважыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. — У гэтым служэнні Міністэрства працы, гэтак жа як і царква, ніколі не дзеліць людзей на сваіх ці чужых, не шукае ў гэтай святой справе якой-небудзь зямной, матэрыяльнай выгады. І кожны чалавек, які мае патрэбу ў дапамозе, становіцца прадметам клопату.

Ганна ПЯТРОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.