Вы тут

Колас: «Мая Маруся забіла гэту адзіноту...»


У Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга «Табой я жыў, табой жыву...», якая прысвечана жонцы народнага паэта Беларусі Якуба Коласа — Марыі Дзмітрыеўне Каменскай (1891 — 1945). Укладальнікі цікавага, багатага на гістарычную памяць выдання — унучка песняра Вера Міцкевіч і праўнучка Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч. 


... Дзяўчынкай Марыя Каменская, якая нарадзілася ў Ашмянах Віленскай губерні 7 лютага 1891 года, вучылася ў духоўным вучылішчы, пасля працавала настаўніцай чыгуначнай школы ў Вільні, затым — у Пінску. У Пінску і пазнамілася з Якубам Коласам у 1912 годзе. Праз год яны пажаніліся. У 1914 годзе нарадзіўся першы сын — Даніла. У 1917 годзе — Юрый, у 1926-м — Міхась. У час Першай сусветнай вайны сям’я знаходзілася ў бежанстве ў Падмаскоўі, пасля ў Пярмі і Абаяні. Марыя Дзмітрыеўна працягвала настаўнічаць. У 1921 годзе сям’я вярнулася ў Мінск. З таго часу Марыя Дзмітрыеўна — хатняя гаспадыня. У гады Вялікай Айчыннай вайны жонка Коласа часта хварэла. Сям’я жыла ў эвакуацыі ў Ташкенце. На фронце прапаў без вестак сярэдні сын Юрка. Напрыканцы 1944 года стан здароўя жонкі паэта істотна пагоршыўся. З пачатку 1945 г. яна знаходзілася ў маскоўскіх шпіталях. Памерла ў Маскве 21 мая 1945 г. 

Колас заўсёды аддаваў свае творы на першае чытанне Марыі Дзмітрыеўне, раіўся па розных мастацкіх пытаннях. 

Марыя Каменская з сяброўкай.

Кніга, прысвечаная жонцы народнага песняра Беларусі, складаецца з некалькіх раздзелаў. У першым укладальнікі змясцілі публіцыстычныя і гісторыка-літаратурныя артыкулы — «І дзе знайсці мне тыя словы...» Данілы Міцкевіча, «Я хачу аб табе з кім хоць слоўка сказаць...» Міхася Міцкевіча, «Яны спаткаліся, каб не раставацца» Святланы Явар, «...Мой добры друг, мая святыня...» і «Непаўторная кветка», аўтарам абодвух тэкстаў з’яўляецца Вера Міцкевіч, «Па сцяжынках Марыі Дзмітрыеўны» Марыі Міцкевіч. Другі раздзел — «А з думак тых звіваецца вянок...» — сабраў разам сямейнае ліставанне. У трэцім — «Як гэта добра — атрымаць пісьмо!»: выбранае з ліставання Марыі Міцкевіч і яе адрасатаў. У пятым — дакументы і спачуванні на смерць жонкі паэта. Шосты раздзел вызначаецца асаблівай эмацыйнасцю: у ім — творы, прысвечаныя Марыі Дзмітрыеўне: Якуба Коласа (і «Маёй Марусі», і ўрывак з паэмы «Рыбакова хата», і іншыя творы), Эдзі Агняцвет, Сяргея Гарадзецкага, Яўгена Хвалея, Людмілы Дзіцэвіч, Дзмітрыя Дземідовіча, Міколы Мятліцкага, Міколы Маляўкі, Міколы Адама, Віктара Шніпа. З «Пасляслоўем» выступае Васіліна Міцкевіч, праўнучка паэта і Марыі Дзмітрыеўны. Варта заўважыць, што кандыдат сацыялагічных навук, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Васіліна Валер’еўна Міцкевіч у апошнія некалькі гадоў заявіла аб сабе глыбокай даследчыцай жыцця народнага песняра, яго стасункаў з роднымі, блізкімі, калегамі па творчаму цэху. 

З грунтоўнай, усеабдымнай і разам з тым вельмі эмацыйнай, «вельмі коласаўскай», прадмовай да кнігі — «Сувоі памяці» — выступае дасведчаны гісторык літаратуры, кандыдат філалагічных навук Мікола Трус. І вось што ён, у прыватнасці, адзначае: «Творчая спадчына Якуба Коласа, прадстаўленая ў асобных кнігах і зборах твораў, апошні з якіх налічвае 20 тамоў, стварае бязмежную прастору для вывучэння, асэнсавання і бясконцых аўтарскіх інтэрпрэтацый. Усе коласазнаўчыя публікацыі — гэта аб’ёмісты корпус тэкстаў, прысвечаных спасціжэнню класікі, гісторыі беларускай літаратуры. 

Пры ўсіх багацці і плюралізме даследчыцкіх меркаванняў, адкрытай магчымасці іх папаўнення і актуалізацыі надзвычай каштоўным, на нашу думку, з’яўляецца выяўленне і публікацыя невядомых архіўных матэрыялаў. У гэтым бачыцца зарука абнаўлення поглядаў, карэкціроўкі ракурсаў асэнсавання мінулага і непадуладнай часу мастацкай творчасці. 

Калі для шырокай грамадскасці і навуковай супольнасці ўвагу да спадчыны класіка беларускай літаратуры прыцягваюць юбілейныя даты, штогадовыя „Каласавіны“, ушанаваннне памяці Якуба Коласа ў дні яго нараджэння і спачыну, то для нашчадкаў песняра гэта штодзённы сямейны клопат і парфесійная руплівасць. Акадэмічны „Летапіс жыцця і творчасці“ — вывераны гадамі працы даведнік для даследчыкаў. Сямейны агмень, які годна падтрымліваюць Марыя, Вера і Васіліна Міцкевіч, — нязменны арыенцір для чулых душ, прывабленых энергетыкай Коласавага слова. Руплівмыі жаночымі рукамі тчэцца сувой родавай памяці, паўнее куфар нацыянальных здабыткаў...» І далей: «У гісторыі беларускай і сусветнай культуры набярэцца нямала прыкладаў, калі нашчадкі пісьменнікаў станавіліся асноўнымі захавальнікамі іх матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, прыкладвалі вялікія арганізацыйныя высілкі пры мемарыялізацыі мясцін і хатняга побыту вядомых асоб, выданні пісьмовых крыніц. Ужо сама іх прысутнасць у музейнай прасторы заўсёды стварала і працягвае ствараць непаўторнае адчуванне персанальнай далучанасці, душэўнага дакранання наведвальнікаў экспазіцый і ўдзельнікаў мерапрыемстваў да няўлоўнага, але такога важнага парцэсу пераемнасці гісторыі і традыцый. 

Даніла і Міхась Міцкевічы. Сыны Песняра, звенчакі памяці і спраўджаныя спадзяванні бацькоў на лепшую долю беларусаў, іх выдатную адукацыю, навуковую і творчую рэалізаванасць. Кожны, хто знаёмы з іх словамі і справамі, займеў для сябе высокі маральны аўтарытэт, прыклад слугавання Бацькаўшчыне». 

Укладальнікі выбудавалі адметную архітэктуру кнігі, рэльефна вымалёўваючы вобраз Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч. «Табой я жыў, табой жыву...» — гэта кніга-партрэт, кніга-біяграфія, напісаная рознымі аўтарамі ў адной плыні сапраўднай любові да свайго персанажа, захаплення постацю жонкі вялікага мастака слова. Дадзенае выданне смела можна было б уключаць у серыю «Мастацкай літаратуры» з красамоўнай і зразумелай назвай — «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Мо такая ўдача і вывела на рэалізацыю магістральнай ідэі, што сямейнікі, нашчадкі народнага песняра падступаліся да яе вырашэння не адзін год, не адно дзесяцігоддзе. Канец XX — пачатак XXI стагоддзяў знамянальны ў айчынным коласазнаўстве і тым, што былі выдадзены кнігі сыноў паэта — шматгадовага дырэктара, супрацоўніка Коласаўскага музея Данілы Міцкевіча і доктара тэхнічных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусі Міхася Міцкевіча, альбо кнігі з іх непасрэдным удзелам як укладальнікаў, рэдактараў. Асобы з выразнай беларускай грамадзянскай пазіцыяй, надзвычай чуйныя да родавай памяці, да асэнсавання месца і ролі Якуба Коласа і яго атачэння ў гісторыі беларускай літаратуры, сведкі многіх грамадскіх, сацыяльных, жыццёвых калізій на працягу многіх дзесяцігоддзяў у лёсе Беларусі, яны заклалі грунт, утрывалілі ідэю жывой неўміручасці аўтара «Новай Зямлі». 

...Даніла Міцкевіч («І дзе знайсці мне тыя словы: Успаміны пра маму»): «Дзяўчынкаю маме давялося вучыцца ў духоўным вучылішчы. Руская па нацыянальнасці, яна дасканала ведала і любіла беларускую мову, якая стала для яе роднай. Многім даказвала, што беларуская мова захавала больш ад старажытнаславянскай асновы, чым руская. У доме гаворкі вяліся па-беларуску, і маці часта папраўляла нас у сэнсе правільнага вымаўлення слоў. Яна ведала шмат нашых народных песень, часта спявала. Памятаю: „Ой, зацвіла ружа, белы цвет“. Язэп Лёсік нярэдка прасіў, каб яна выканала песню „З гары па даліне галубы ляталі“. Сардэчна і чула да мамы ставіліся Янка Купала, Максім і Гаўрыла Гарэцкія, Змітрок Бядуля, Аркадзь Смоліч, Алесь Сянкевіч і, па сутнасці, усе, хто бываў у нас і сустракаўся з ёю. 

Яна была чалавекам, поўным любові да людзей і з пяшчотай ставілася да нас, сваіх дзяцей, вучыла нас быць добрымі, сумленнымі, працавітымі. Нам пашчасціла ў тым, што ў бацькоў ніколі не было сварак, лаянкі, што ў нашай сям’і заўсёды панавала атмасфера любові і дабрыні. Якое ж гэта шчасце! Яго, тое шчасце, найперш стварала наша мілая мама...» 

Сапраўдны падарунак да чытача — кніга «Табой я жыў, табой жыву...», выдадзеная па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца яркай падзеяй айчыннага кнігавыдання, падзеяй коласазнаўства ў час святкавання краінай 140-годдзя здня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. І яшчэ... Томік пра Марыю Дзмітрыеўну Міцкевіч — гэта і добры падручнік сямейнай педагогікі. Не абмініце кнігу, напоўненую любові і хараства жыцця!.. Мець такую кнігу варта ў кожнай школе краіны. Па яе старонках можна вывучаць і пытання сямейнага выхавання, і гісторыю беларускай літаратуры, яе старонкі будуць наталяць смагу па жывому, багатаму на энергетыку роднасці і чуласці, беларускаму слову. 

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.