Вы тут

Балетнае лета ў Вялікім тэатры Беларусі і яго сюрпрызы


Мары ажыццяўляюцца. Не адразу і не выпадкова — трэба шмат працы, напружання, змен унутры сябе, нават кардынальнай ломкі ўласнай асобы, каб узняцца над абставінамі і выйсці на новы ўзровень. І хто б мог падумаць, што звярнуцца да гэтых думак прымусіць балет!


Зрэшты, чаго здзіўляцца: знакаміты харэограф з Санкт-Пецярбурга Барыс Эйфман вылучаецца ўменнем ствараць глыбокія спектаклі з філасофскім падтэкстам. Мінчане пра гэта ведаюць, неаднойчы нашы аматары балета маглі бачыць яго спектаклі на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. І вось фестываль «Балетнае лета ў Вялікім» — і чарговая сустрэча з Тэатрам Барыса Эйфмана, які адкрываў усю праграму двума паказамі спектакля «Эфект Пігмаліёна» на музыку Іагана Штрауса.

Музыка стала фонам для ілюстрацыі прыгожай гісторыі пра тое, што свае мары трэба адстойваць, і ніхто не кажа, што гэта лёгка, але калі чагосьці моцна хочаш, то знойдзецца магчымасць для рэалізацыі. Галоўнае — не прапусціць, не саступіць, не здавацца. Як юная гераіня, будучыня якой была даволі цьмяная сярод вулічнай басоты, але яна мела шчырае захапленне бальнымі танцамі — і лёс даў магчымасць праявіць сябе, перамагчы абставіны, стаць зусім іншым чалавекам. Між іншым, і артыстам прыйшлося мяняцца дзеля гэтага спектакля, як адзначыў вядучы саліст Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра балета Барыса Эйфмана, заслужаны артыст Расіі Алег Габышаў:

— Гэта адзін са спектакляў Эйфмана, які вылучаецца жыццесцвярджальнасцю, яркасцю. Ён мае пэўную долю гумару, элементы шоу. Для адкрыцця фестывалю — стапрацэнтнае траплянне. Мы яго ўпершыню паказваем у Мінску, але спектакль ужо прайшоў шлях паказу на іншых сцэнах, мае добрыя водгукі. Не абышлося без эксперыменту: злучэнне бальнага танца з сучаснымі тэндэнцыямі. Свайго роду стылізацыя. Работа над ім напоўніла нас, артыстаў, новымі фарбамі: іншы свет, іншая пастаноўка корпуса, прыходзілася перавучвацца — бальныя танцы вымагаюць іншай падрыхтоўкі. Былі небяспечныя моманты, таму што балерыны танцуюць на высокіх абцасах, бывала, што падварочвалі ногі. Але мы адаптаваліся. Мне падабаецца стан пасля спектакля — на пад'ёме, а гэта больш прыемна, чым паказваць драму і перажываць яе. Але ў гэтай лёгкасці прыхаваныя глыбокія эмацыянальныя пытанні. Адна з ідэй: сапраўдныя прыродныя таленты схаваныя, але дайце ўмовы для іх развіцця. Аднак хэпі-энд, як заўсёды ў Барыса Якаўлевіча, пад вялікім пытаннем...

Алег Габышаў — пастаянны госць гала-канцэрта, які завяршае «Балетнае лета ў Вялікім». І сёлета 12 чэрвеня ён выйшаў на сцэну. Артысты тэатра Барыса Эйфмана (сярод якіх, між іншым, Любоў Андрэева, выхаванка беларускай школы) паказалі ўрывак з балета «Яўгеній Анегін». А сам Алег Габышаў прадставіў прэм'еру сучаснага нумара «Нічога лішняга», які зроблены адмыслова для фестывалю. Гала-канцэрт — гэта магчымасць убачыць і народную артыстку Расіі, салістку Вялікага тэатра Марыну Аляксандраву, калі не было магчымасці трапіць на «Прыгажуню, якая спіць», дзе яна танцавала разам з салістамі Марыінскага тэатра Санкт-Пецярбурга Аксанай Скорык, Аленай Яўсеевай, Аляксандрам Цімафеевым. Гасцей з Расіі ў нас заўсёды рады вітаць. Але сёлета госцем гала-канцэрта стаў саліст Каірскай оперы Хані Хасан, які станцаваў «Адажыа» з балета «Спартак». З нашым тэатрам артыста звязвае харэаграфія Валянціна Елізар'ева: на сцэне Каірскай оперы шмат гадоў ідзе «Спартак» у яго пастаноўцы. Нашы артысты таксама маюць магчымасць паказаць сябе публіцы ў сваіх партыях, і з задавальненнем назіраюць за працай калег.

Заставалася інтрыга: ці будзе танцаваць галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі Ігар Колб? На жаль, не знайшлося харэографа, які б прапанаваў яму стварыць асобны нумар. Таму гэтым разам ён выступіў у якасці рэжысёра канцэрта: «Варта чакаць сюрпрызаў. Адзін з іх — камплімент публіцы. Для мяне публіка і артыст — непадзельныя.»

Дзеля таго, каб зрабіць публіку бліжэй да Вялікага тэатра Беларусі, у праграму фестывалю ўключылі яго спектаклі. Акрамя «Прыгажуні, якая спіць», сёлета ў праграме была казка «Канёк-Гарбунок» на музыку Радзівона Шчадрына. Дырыжор — юбіляр чэрвеня Мікалай Калядка прызнаўся: «Мае ўнукі ведаюць, што такое трансформеры, а хто такі Канёк-Гарбунок — для іх таямніца. Гэты спектакль дае магчымасць нашым дзецям убачыць іншы, казачны свет, ды і дарослым: партытура створана так, што гэта спектакль для ўсіх пакаленняў». Сапраўды, казка — цудоўны жанр на ўсе часы, якая яднае рэчаіснасць з фантазіяй. Ці не з казак пачынаецца ўсё найлепшае ў нас?

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.