Вы тут

Груша, чарка і павук. Што іх аб’ядноўвае?


Убачыць старадаўнія прылады да чайнай цырымоніі прыязджаюць нават са сталіцы. А сабраў унікальную калекцыю мясцовы жыхар Андрэй Фішбайн. Захапленне прыйшло 20 гадоў таму, і за гэты час калекцыя налічвае каля паўсотні самавараў, самы стары з якіх мае 150 гадоў. Усе экспанаты — мясцовыя, большасць знойдзена на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. 


Старшы навуковы супрацоўнік музея Таццяна Нікіфарава з задавальненнем дэманструе начышчаны да бляску медны і латунны посуд. У экспазіцыі не толькі самавары, але і каструлі, патэльні, бляхі для печыва, увогуле прадметы побыту канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзяў. Гэтыя прадметы таксама з калекцыі іх земляка. Але, вядома, больш усяго ўражваюць самавары, якія з важным відам размясціліся на паліцах і сталах. А самыя вялікія — проста на падлозе. Прычым, усе самавары маюць розную форму. Наталля пералічвае іх назвы. Самы распаўсюджаны тып — гэта самавар салонны. А ёсць тут і самавары — жолудзь, груша, шар, чарка, куля, павук ды іншыя. У гэтай унікальнай калекцыі можна ўбачыць і зусім маленькі самавар для вандровак, які разлічаны на адзін кубачак. Такой цэласнай відавой калекцыі самавараў, па словах музейнага работніка, на тэрыторыі Беларусі больш няма. У экспазіцыі сабрана большая частка таго, што калі-небудзь выраблялася на тэрыторыі Расіі за ўсю гісторыю самаварнай вытворчасці. 

У музеі прыгадалі, што пайшоў самавар з горада Тулы яшчэ ў XVII стагоддзі. А напачатку 1700-х гадоў вядомы прамысловец Іван Дзямідаў забраў з сабой некалькіх тульскіх майстроў — кавалёў з сабой на Урал. А праз стагоддзе, у 1826 годзе, ў Расіі было каля 30 фабрык па вырабе самавараў. У год іх вытворчасць дасягала 120 тысяч штук. Яны распаўсюджваліся і на тэрыторыі Беларусі. 

У асноўным іх набывалі заможныя людзі, каб мець дома ўласны самавар. Гэта было і прэстыжна і зручна, хоць і каштаваў нятанна. У канцы ХІХ стагоддзя набыць яго можна было ажно за 12 рублёў. Кажуць, столькі каштавала карова. Але пачаствацца гарачай гарбатай можна было і на вуліцы. Хадзілі так званыя насільшчыкі самавараў і прапаноўвалі гараджанам сагрэцца гарбатай. Але ўжо да сярэдзіны ХХ стагоддзя самавары былі амаль у кожным доме.

Наталля дэманструе, як працуе гэта паравая «машына» на прыкладзе вялізнага самавара. Іх на выстаўцы ажно чатыры. І такія «веліканы» і па сённяшні дзень папулярныя ў Расіі. Яны вельмі запатрабаваны на вулічных святах. Асабліва такім відовішчам захапляюцца турысты. Бо самавар — гэта, вядома ж, рускі брэнд. Дарэчы, у музеі таксама можна замовіць экскурсію з чайнай цырымоніяй. 

- Вы ўяўляеце, як гэта працуе? — задае пытанне Наталля. І сама адказвае. — Думаю, што вельмі цмяна. А між тым гэта не складаная прылада. Мы яе зараз разбяром. Здымаем кола-крышку, затым выцягваем манжэтку ці варатнік, унутры бачым ёмістасць у выглядзе цыліндра. Ён называецца «стакан», куды закладваецца вугаль, потым трэскі, шышкі. Гэта такая маленькая печка. Яна і будзе грэць ваду ў самім самавары. Зверху ставіцца заварачны чайнік, які добра настойваецца на пары.

Усяго ў калекцыі лідчаніна каля паўсотні самавараў, і яна пастаянна папаўянецца. Праўда, стан будучых экспанатаў далёкі ад сённяшняга, бо знаходзіў іх калекцыянер і ў падвалах, і на гарышчах. Пры гэтым многія былі пашкоджаны. Патрабавалася нямала намаганняў, каб прывесці іх у свой натуральны выгляд. І хаця тэрмін эксплуатацыі, кажучы па-сучаснаму, быў разлічаны на 10 гадоў, самавары служылі нашмат даўжэй. Кожны майстар імкнуўся, каб яго прадукцыя была самай якаснай. У калекцыі ёсць самавар з кляймом «Пастаўшчык двара яго Вялікасці». Наяўнасць такога тытулу ў вытворцаў адкрывала шлях на ўсе кірмашы і замежныя выстаўкі і аўтаматычна павышала кошт.

- Доўгі час была вельмі папулярная форма цыліндр і слоік. Гэта любімая форма імператарскага двара. Ніхто не меў права самавольна ставіць штампы, яны былі зарэгістраваны як гандлёвыя маркі. А калі майстар не зарэгістраваў сваю марку, а займаецца падробкай, яго маглі пасадзіць у турму ці адправіць у Сібір, — растлумачыў Андрэй Фішбайн. — Штамп сведчыў аб якасці самавара, іх адпраўлялі за мяжу на буйныя выстаўкі. Многія вярталіся з медалямі. Былі майстры, на чыіх самаварах змяшчалася да 20 медалёў. Па іх можна прасачыць усю гісторыю самаварнай фабрыкі. У маёй калекццыі прадстаўлены самавары братоў Баташавых, Шамарыных, Малікавых і іншых. Большасць былі вядомыя з сярэдзіны ХІХ стагоддзя, іх называлі «самаварнымі каралямі».

Цікава, што ўся калекцыя сфармірвана з экспанатаў Беларусі. Тут можна ўбачыць усю эвалюцыю самавараў, у тым ліку, і сучасныя, электрычныя. На іх, уласна кажучы, і завяршылася самаварная эпоха. Але цікавасць да іх не знікла. У чым тут сакрэт? На думку Наталлі Нікіфаравай, менавіта самавар здольны аб’яднаць за адным сталом родных, сяброў, людзей розных пакаленняў. Яшчэ і зараз ёсць аматары такіх сустрэч, хоць самавары па большасці электрычныя. 

Цяпер папулярныя сувенірныя самавары. Па большасці, керамічныя, іх выпускаюць і на прадпрыемстве ў Беларусі. У музеі ёсць металічны сувенірны самавар і ў выглядзе ёлачнай цацкі. 

- Музей актыўна працуе з калекцыянерам. Плануем паступова выкупляць экспанаты гэтай выстаўкі. Каштуюць яны нятанна, таму закупка вядзецца паступова. Летась музей выкупіў частку керамічных вырабаў, сёлета запланаваны выкуп астатняй часткі. 

Сам Андрэй Фішбайн лічыць, што галоўная задача калекцыянера — не проста сабраць цікавую калекцыю, а дакрануцца да вызначанай часткі нашага мінулага і клапаціцца аб захаванасці каштоўных экспанатаў малой радзімы. 

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.