Вы тут

Вялікдзень. Шчодрасць. Дабрыня


У Цюмені 24 красавіка святкавалі Вялікдзень не толькі актывісты суполкі “Нацыянальна-культурнае таварыства «Аўтаномія Беларусь»”, але й жыхары вёскі Пляханава, дзе жыве моцы беларускі род

Пасля 2-гадовага перапынку затужылі ўсе па святах, зносінах і радасных падзеях, якія традыцыйнымі былі ў нашай вёсцы. Таму й моцныя вельмі на Вялікдзень абдымкі з трохразовым пацалункам шчака да шчакі: хрыстосаванне. Праўда, каронавірус унёс карэктывы, і многія проста тройчы абдымаліся.


Ужо 10 гадоў Вялікдзень у прыцюменьскім прыгарадзе – гэта й масавае свята. Ладзіцца сіламі НКА “Аўтаномія Беларусь” і актывістамі ТОС (тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання) Пляханава. Творча-арганізацыйны тандэм склаўся, калі мы, беларусы, пераехалі ў Пляханаўку з Лангепаса ды паказалі, як можна разам святкаваць Вялікдзень. Нашы суседзі, асабліва дзеткі, прынялі свята, як кажуць, усёй душой і з радасцю чакаюць яго штогод. Бо адзначаюць Вялікдзень па-за царквой не ўсюды, ды й не кожны ведае, як тое рабіць. З гэтым днём ва ўсіх звязаны пераважна сямейныя традыцыі: фарбаванне яек, гатаванне страў, ранішняе чаяванне з тварожнай пасхай ды першым у годзе кавалачкам куліча. Часцей за ўсё сходзяць людзі ў храм, ці не сходзяць, спякуць кулічы альбо купяць, пафарбуюць яйкі пакупной фарбай – вось і ўся традыцыя. Мы ж хоць і гатуем да свята каляровыя яйкі, але пераканаліся: няма нічога лепшага ў гэтай справе за цыбульнае шалупінне. Хутка, прыгожа і карысна.

Род Піскуноў-Падкарытавых пасвячае ахвочых у свае традыцыі. У нас гэта – як свяшчэннае дзейства: мы амаль тыдзень рыхтуемся да свята. У родавым доме нашым 21 акно – і ўсе трэба вымыць да бляску, як і падлогі. Ды яшчэ й сядзіба немалая. Таму пачынаем уборку загадзя, каб у Чысты чацвер было часу схадзіць у храм на службу, прынесці Чацвярговую соль і агонь, схадзіць у лазню. Традыцыі, што склаліся здаўна, імкнемся выканаць па максімуме. Асвячаем напярэдадні свята кулічы і яйкі, тварожную пасху, дамашняе сала й бужаніну, цукеркі для дзяцей, Кагор для дарослых: каб разгаўляцца пасля паста. Рана-раненька ўсе абавязкова на Вялікдзень умываемся па звычаі, які атрымалі ў спадчыну ад дзядуляў і бабуль нашых: з вёскі Брожа Бабруйскага раёна Магілёўшчыны. У місу прыгожую, на гэты раз хрустальную, наліваем святую ваду. Абрад умывання робім асвячоным яйкам, акунаючы яго ў ваду. Потым водзім па твары са словамі: “Яичко, яичко, умой моё личко,/ Чтоб щёчки горели,/ Чтоб глазки блестели,/ Чтоб улыбался роток/ И кусался зубок”. Пасля молімся разам – старыя і малыя, ды садзімся за стол усёй сям’ёй. На гэты раз было нас 12, а трое нашых пошукавікаў былі не дома, працавалі ў палях: у акопах, на раскопках. Навічкі ў родзе, чатырохмесячныя двайняты Канстанцін і Крысціна годна, без слёзак перанеслі першае ў жыцці Велікоднае ўмыванне. Так што прынялі звычай як эстафету ўжо праўнукі Марыі ды Мікалая Піскуноў.

Бліжэй да абеду, адпачыўшы пасля трапезы, усе збіраемся ды ідзем на свята, якое самі ж ладзім: пры падтрымцы НКА і ТОС. На дварэ грала музыка спакойная, са званамі, гучалі песні пра Уваскрасенне Хрыстовае. Стваралася асаблівая атмасфера свята й дабрыні. Дзяцей і дарослых сабралася як ніколі шмат, пляцоўка (трэба будзе яшчэ прыстасаваць для масавых гулянняў…) з цяжкасцю змяшчала гасцей – мясцовых і прыезджых гарадскіх. Некаторыя, дарэчы, спецыяльна едуць здалёк, ведаючы, як цікава ў Пляханаўцы адзначаюць Вялікдзень. Вера Грушка, малодшая дачка сям’і Піскуноў – якая ўжо замужам і мае сыночка –на гэты раз не расказвала гісторыю ўзнікнення свята: яе ўжо ўсе ведаюць. А віктарына, якую Вера правяла, паглыбіла тыя веды… Што, напрыклад, паводле народных звычаяў трэба ў гэты дзень абавязкова на арэлях кагосьці пагушкаць, і што цэлы тыдзень усе ахвочыя могуць у звон пазваніць на званіцы пры царкве. А хто такія валачобнікі?Чаму ў гэты дзень раней адзенне апраналі з вялікімі кішэнямі, а дзецям стараліся нешта новае апрануць? Якія гульні з яйкамі ў народзе ёсць? Традыцыйная – гэта “біткі”: хто разбіў яйка, той выйграе. А на пляцоўцы мы зладзілі й катанне яек. І конкурсы: хто хутчэй данясе яйка, у каго яно самае трапнае. Дзецям прапанавалі вызначыць: дзе яйка-фарбаванка, дзе пісанка, дзе ад цэсаркі, у каго смалянае... І традыцыя дарыць яйкі на Вялікдзень была ўвасоблена: бадай што кожнаму яйка было ў падарунак. На гэты раз, дарэчы, мы пабілі рэкорд 2018 года: 234 яйкі было зварана, пафарбавана (пераважна ў шалупінні) ды падорана ўдзельнікам свята.

Правялі мы ўрэшце й конкурс кулічоў, які завяршыўся іх дэгустацыяй, з гарачаю гарбатай. Пляханаўскія актывісты паклапаціліся, каб кіпеню – ды з самавара, ды з дымком! – усім хапіла.

А дзеля чаго, спытае нехта, стараемся? Бо так выхаваныя. Хочацца радасцю падзяліцца. Прывучаны з дзяцінства жыць дружна, у ладзе з сабою, з людзьмі ды Усявышнім. А даўно заўважана: калі ў святы дзень радасцю падзяліцца – яна шматкроць прымножыцца. У тым не раз пераконваліся. А шматлікія душэўныя, цёплыя словы падзякі гасцей, жыхароў, сярод якіх усё больш аднадумцаў, усяляюць веру, што жыццё зямное мае працяг. Што ўваскрасенне – абавязкова будзе, калі жыць па сумленні, з Богам у душы. Такія святы ў грамадзе надаюць сілы, а калі сказаць вобразна: яны ўмацоўваюць крылы для палёту.

Вялікдзень – гэта чыстае, светлае свята. У гэты дзень, асвячоны вялікай падзеяй у гісторыі чалавецтва, хрысціянам асабліва хочацца быць падобнымі да Хрыста: рабіць дабро, праяўляць шчодрасць у дачыненні да бліжніх, дараваць крыўды. І верыць яшчэ мацней у перамогу жыцця над смерцю, дабра – над ліхам. Што ўсім паводле законаў вышэйшай справядлівасці па іх заслугах “канчатковы разлік” будзе. І таму дзелімся мы з іншымі тым, што самі ведаем: традыцыямі ад бацькоў-дзядоў, з нашай культуры.

Віншую ўсіх са Светлым Святам Уваскрасення Хрыстова, з Вялікаднем! Хай частка радасці, якую адчувае ў такія дні хрысціянскі свет, застанецца з вамi на ўвесь год і падтрымлівае ў цяжкую пару! Няхай яркае святло Свята вялікага ўcё наваколле асвячае, дорыць надзею, радасць і шчасце людзям. І хай сёння і заўсёды душа праменіць вераю, намеры – дабрынёй, а сэрца – Любоўю. Мірных і спакойных дзён, дабра вам і вашаму дому. Няхай Гасподзь абараняе ад усіх бед і зберагае душу вашую.

Хрыстос Уваскрос!

Надзея Падкарытава, выканаўчы дырэктар Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Нацыянальная культурная аўтаномія беларусаў Цюменьскай вобласці”

Фотаздымкі з сямейнага архіва Піскуноў-Падкарытавых

Прывітанне з Неапаля!

Як гэта па-вясноваму цёпла ды шчыра ўсё было – відаць на фотаздымках. Яны – з Неапаля. Там пры ўдзеле Амбасады Беларусі ў Італіі адбылася душэўная, святочная імпрэза. Ладзіла яе Associazione "BELLARUS" (кіраўніца Таццяна Пумпулева) і прысвяцілі сустрэчу 30-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю ды Італіяй, а таксама Светламу святу Вялікадня

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.