Вы тут

Падавайце правільныя сігналы! Што пра чалавека можа расказаць мова цела, і як зрабіць яе паспяховай?


У працэсе камунікацыі чалавек выкарыстоўвае два каналы перадачы інфармацыі: вербальны — моўны і невербальны — мова цела. Хада, міміка, жэсты... Невербальна інфармацыя пра вас сапраўднага перадаецца ў навакольнае асяроддзе і робіць уражанне яшчэ да таго, як будуць вымаўлены першыя словы. Па меркаванні экспертаў жэсты — дэтэктар праўды. Часам дастаткова аднаго погляду, каб зразумець, што сабою ўяўляе чалавек. Як зрабіць мову цела падуладнай самакантролю? І як навучыцца ёю кіраваць? У аснове «ТРЫ ЭС»: саманазіранне, самааналіз, самакантроль. Давайце разбярэмся, пра што «гаворыць» цела чалавека і як выправіць недахопы, калі яны ёсць?


ВЫПРАЎКА

Найважнейшы элемент мовы цела. Сутуласць, заціснутая грудная клетка кажуць аб няўпэўненасці, слабасці і стомленасці. Амплуа асуджанасці і ахвяры сёння не ў модзе, таму давядзецца папрацаваць над сабой.

ПРАКТЫКАВАННЕ

Па-першае, распраўце плечы. Па-другое, вазьміце кнігу. Менавіта гэты прадмет дапаможа палепшыць выпраўку. Пакладзіце кнігу на галаву і пацягніце макушкай уверх. З кнігай на галаве вы можаце хадзіць, прысядаць, уставаць, глядзець у тэлефон, спрабаваць дастаць што-небудзь з сумкі. Пачніце з пяць хвілін у дзень і паступова павялічвайце час трэніроўкі. Вы не толькі ўбачыце, што кніга стала радзей падаць, але і адчуеце сябе больш упэўнена.

ХАДА

Нахіл галавы, шырыня кроку, падскокванне ці, наадварот, убіванне кроку ў зямлю, празмернае размахванне рукамі... Усё гэта выдае ў чалавеку залішняя напруга і трывожнасць. Навучыцеся хадзіць спакойна, атрымліваючы задавальненне ад кожнага руху.

ПРАКТЫКАВАННЕ

Для пачатку запомніце: у вольным целе ўпэўненая хада. Вызваліцца ад заціскаў можна пры дапамозе практыкавання «Расслабленне праз напругу». Зыходнае становішча: ногі на шырыні плячэй, рукі ўздоўж цела. На ўдыху напружце сябе ад макушкі да пятак. Утрымлівайце напружанне на працягу 10-15 секунд, а затым паслабцеся, выпусціўшы корпус наперад. Паўтарыце гэтае практыкаванне тры-пяць разоў, пакуль не адчуеце, як прыемнае цяпло разліваецца па вашым целе. Ідзем далей! Плечы распраўлены і расслаблены, грудзі наперад. У абутку без абцасаў патрэніруйце крок з пяткі, а не з наска. Зафіксуйце аптымальную для вашага росту шырыню кроку. Не семяніце і не шморгайце! Не забывайцеся на плаўныя рухі рук. Усё павінна быць арганічна! Жанчынам не перашкодзіць патрэніраваць хаду ад сцягна.

ПОГЛЯД

Прааналізуйце, куды вы глядзіце падчас размовы ці публічнага выступлення: уніз, у падлогу, на суразмоўца? А можа быць унутр сябе? Навучыцеся глядзець адрасна, у вочы чалавека, бо стасункі пачынаюцца менавіта з кантакту вачыма.

ПРАКТЫКАВАННЕ

Папрасіце блізкага чалавека дапамагчы вам. Калі побач нікога не аказалася, можна скарыстацца люстэркам. Распавядаючы верш, анекдот ці гісторыю з жыцця, імкніцеся глядзець на суразмоўніка. Не бойцеся расстаўляць акцэнты ў сваёй прамове або рабіце паўзы. Ветлівая ўсмешка і ледзь прыкметны ківок галавы таксама не перашкодзяць. Праявіце настойлівасць, пераадолейце страх, знайдзіце свайго «асабістага гледача», і ён абавязкова адкажа вам узаемнасцю.

ЖЭСТЫ

Паказваць пальцам брыдка! Гэта з дзяцінства ведаюць усё. Справа ў тым, што палец — гэта працяг кулака, які сімвалізуе пагрозу і агрэсію. Адмоўцеся ад такога жэсту на карысць далоні.

ПРАКТЫКАВАННЕ

Акуратна збярыце пальцы і адкрыйце далонь. Гэтае дзеянне зробіць жэст добразычлівым. Прайграйце сітуацыі, калі вам неабходна штосьці паказаць. Пры дапамозе зачыненай далоні, накіраванай у падлогу, вы можаце інтэлігентна падкрэсліць свой статус, стварыць дыстанцыю паміж сабой і суразмоўцам ці паказаць, куды перамясціць той ці іншы прадмет.

Працуйце над сабой, і няхай невербальны бок вашай асобы заўсёды гаворыць на мове паспяховасці!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.