Вы тут

Што рабіць пры захворваннях апорна-рухальнага апарата?


Пры захворваннях апорна-рухальнага апарата, артрозах не абысціся без аздараўленчых мерапрыемстваў — яны змяншаюць боль, паляпшаюць рух у суставе і ўвогуле самаадчуванне.


— Хада па роўнай мясцовасці ва ўмераным тэмпе — добры спосаб падтрымання мышачнага тонусу, — нагадвае прафесар кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар медыцынскіх навук Тамара ЦЯБУТ. — Імкніцеся штодня гуляць мінімум па 30—40 хвілін. Не трэба надта спяшацца, бо пры вельмі хуткай хадзе нагрузка на суставы істотна ўзрастае. Хада з цяжкімі сумкамі таксама не спрыяе паляпшэнню нашага стану.

Вельмі карыснымі пры такіх захворваннях будуць і заняткі плаваннем. У вадзе магчымы максімальны аб'ём руху ў суставе без нагрузкі з вагой, што з'яўляецца аптымальным для храстка. Калі не ўмееце плаваць, можаце займацца ў групах аквагімнастыкі.

Язда на веласіпедзе, акрамя карыснага ўплыву на суставы, прыносіць станоўчы эмацыянальны зарад. Пазбягайце пры гэтым язды па няроўнай паверхні, бо падскокванні шкодзяць суставам, пагражаюць падзеннем. Можна займацца і на велатрэнажоры. Вышыня сядзення павінна быць такой, каб пры поўным націсканні на педаль у ніжнім становішчы нага была выпрастаная. Калі калена ў гэтым становішчы застаецца сагнутым, то ўзнікае боль у суставах і мышцах. Важнай будзе і адлегласць да руля — локці павінны быць крыху сагнутымі. Для пачатку можаце ездзіць па 15—20 хвілін і паступова павялічыць час паездкі да 30—40 хвілін. Зімой карысна хадзіць на лыжах — слізганне змяншае вагавую нагрузку на суставы.

Масаж паляпшае агульнае самаадчуванне, здымае спазм мышцаў, актывізуе кровазварот, перадачу нервовых імпульсаў, сілкаванне сустаўнага храстка. Рабіць масаж трэба ў вопытных спецыялістаў і пры адсутнасці абвастрэння артрозу. Больш інтэнсіўна прапрацоўваецца пазваночнік. Пры адсутнасці проціпаказанняў масаж можна рабіць двойчы на год.

Санаторна-курортнае лячэнне дазваляе праводзіць комплексную рэабілітацыю — тут і прымяненне лячэбных гразяў, ваннаў, саўны, фізіяпрацэдуры, заняткі лячэбнай фізкультурай. Важным будзе і проста знаходжанне на свежым паветры, змена абстаноўкі. Памятайце толькі, што санаторна-курортнае лячэнне, як і ўсё, аб чым ішла размова, не адмяняе пастаяннага лячэння і рэабілітацыі. І не трэба прысвячаць лячэнню ўвесь дзень адпачынку. Здараецца, што цягам дня пацыент імкнецца атрымаць 5, а то і 8 розных працэдур, а мера патрэбная ва ўсім.

Практыкаванні для каленнага сустава

Выконвайце кожнае практыкаванне 5—10 разоў. Пажадана штодня.

1. У становішчы лежачы. Ногі выцягнутыя. На «раз-два» нага слізгае па падлозе і максімальна згінаецца ў калене, на «тры» згінаецца ў тазасцегнавым суставе і рукамі прыціскаецца да тулава (спіну ад падлогі не адрываем). На «чатыры-пяць» трымаем нагу, на «шэсць» апускаем ступню на падлогу, на «сем-восем» выпростваем нагу. Тое ж самае паўтараем другой нагой.

2. Ляжым на спіне, ногі сагнутыя. Сагнутую нагу адрываем ад падлогі і рукамі прыцягваем да грудзей, затрымліваем у такім становішчы некалькі секундаў, апускаем. Тое ж — другой нагой.

3. Ляжым на спіне. Прамая нага адрываецца ад падлогі на 20—30 см, трымаем яе некалькі секундаў, пасля апускаем. Тое ж — другой нагой.

4. Ляжым на спіне, ногі выцягнутыя. Выцягваем рукі наперад і імкнёмся падняць галаву і верхнюю частку тулава на вышыню 20 см ад падлогі, пасля апускаем.

5. Ляжым на спіне. Імітуем язду на веласіпедзе. «Круцім педалі» разоў 20—50 і больш.

6. Ляжым на жываце. Па чарзе згінаем ногі ў каленным суставе, імкнёмся дастаць пяткай ягадзіцы. Паўтараем 20—50 разоў.

7. Сядзім на падлозе. Ногі прамыя. Абхапіўшы рукамі ступні, максімальна нахіляемся наперад, імкнучыся дакрануцца ілбом да ног. Калені не згінаем. Затрымліваемся, наколькі гэта магчыма. Вяртаемся ў зыходнае становішча.

8. Сядзім на падлозе. Згінаем нагу ў калене, абхопліваем ступню дзвюма рукамі, адрываем нагу ад падлогі, выпростваем, не расціскаючы рук. Трымаем, колькі магчыма. вяртаемся ў зыходнае становішча. Паўтараем з другой нагой.

Практыкаванні для тазасцегнавога сустава

Таксама паўтараем кожнае па 5—10 разоў.

1. Ляжым на спіне. Ногі максімальна сагнутыя ў каленях, ступні не адрываем ад падлогі. Калені разводзім і зводзім. Павялічваем амплітуду руху.

2. Ляжым на спіне, ногі прамыя. Адна нага адрываецца ад падлогі і рухаецца з боку ў бок з максімальна магчымай амплітудай. Не згінаем нагу ў калене. Тое ж паўтараем і з левай нагой. Паступова можна выконваць практыкаванне адразу дзвюма нагамі.

3. Ляжым на спіне. Адрываем прамую нагу ад падлогі на максімальна магчымую вышыню, пасля апускаем. Паўтараем 10 разоў і мяняем нагу.

4. Седзячы на крэсле. Нахіляем тулава наперад і дакранаемся пальцамі да ступняў, выпростваемся.

5. У становішчы стоячы. Адна нага стаіць на невысокай падстаўцы, рукой абапіраемся аб стол. Другой нагой робім махі наперад і назад, паступова павялічваючы амплітуду. Пазней дабаўляем рухі нагой у бок.

Свят­ла­на ПРОТАС

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».