Вы тут

«Дубаўцы» і іх легендарны камбрыг


16 верасня 1943 года дзесяці найбольш заслужаным партызанскім камандзірам Беларусі — Ігнату Дзікану, Фёдару Дуброўскаму, Піліпу Капусце, Іосіфу Кардовічу, Аляксею Кляшчову, Ільі Кожару, Васілю Казлову, Васілю Каржу, Мікалаю Каралёву і Васілю Чарнышову — СНК СССР прысвоіў званне генерал-маёра. Сямёра з іх былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, у тым ліку і Фёдар Дуброўскі.


Фрагмент з экспазіцыі Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Трафейны пісталет Вальтэр (у цэнтры) партызанскага камандзіра.

Жыццё да вайны

Фёдар Дуброўскі быў камбрыгам — камандзірам Чашніцкай партызанскай брыгады («Дубава»). Гэта была адна з самых шматлікіх, баяздольных і актыўных партызанскіх брыгад на беларускай зямлі ў 1942 — 1944 гадах. Разам з тым, Фёдар Дуброўскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў антыфашысцкага падполля і партызанскага руху на тэрыторыі Віцебскай вобласці, адным з самых вядомых, праслаўленых і таленавітых партызанскіх камандзіраў не толькі Віцебшчыны, але і ўсёй Беларусі.

Яго малая радзіма — вёска Замошша Полацкага павета (цяпер Ушацкага раёна Віцебскай вобласці). Менавіта тут 17 красавіка 1901 года ў сялянскай сям'і Фамы і Агаф'і Дуброўскіх пачаўся яго жыццёвы шлях. З 12 гадоў Федзя Дуброўскі батрачыў у памешчыкаў і заможных сялян, быў чарнарабочым.

17-гадовым юнаком у 1918-м добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, нёс службу пры ваенным камісарыяце ў Лепелі, а потым удзельнічаў у Грамадзянскай вайне на Заходнім фронце, дзе прайшоў шлях ад Лепеля да прыгарадаў Варшавы. Праз пяць гадоў Фёдара Дуброўскага зволілі ў запас. Атрымаўшы ў вёсцы Старое Сяло зямельны ўчастак, ён займаўся сельскай гаспадаркай. У 1929 годзе стаў адным з арганізатараў і старшынёй калгаса. У 1931-м уступіў у Камуністычную партыю. Паколькі за плячыма Фёдара Дуброўскага было толькі тры класы прыходскай школы, Ушацкі райкам партыі накіраваў яго вучыцца ў Вышэйшую цэнтральную калгасную школу, якую ён скончыў у 1932-м па спецыяльнасці «заатэхнік». Пазней Фёдар Фаміч працаваў у райземаддзеле, старшынёй сельсавета і дырэктарам Ушацкай МТС.

Партызанскі шлях

У 1939-м яго зноў мабілізавалі ў Чырвоную Армію. У складзе войскаў Беларускага фронту ўдзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь, у савецка-фінляндскай вайне. Напярэдадні Вялікай Айчыннай працаваў намеснікам старшыні Ушацкага райвыканкама.

У чэрвені-ліпені 1941-га воінская часць Заходняга фронту, у якой служыў Фёдар Фаміч, з цяжкімі баямі адыходзіла на ўсход. У расійскім горадзе Ржэве яго ўключылі ў спецыяльную групу, створаную ЦК КП(б)Б для арганізацыі антыфашысцкага падполля на тэрыторыі Віцебскай вобласці. У сакавіку 1942 года яго падпольная група налічвала 250 чалавек. Многія з падпольшчыкаў праз месяц увайшлі ў атрад, які ён узначаліў пад партызанскім псеўданімам «Дубаў». Да ліпеня 1942-га атрад дзейнічаў самастойна, затым — у складзе брыгады «Смерць фашызму». 28 жніўня 1942 года па ўказанні Віцебскага падпольнага абкама партыі з 9-га (камандзір Ф. Дуброўскі) і асобнага 68-га (камандзір У. Лабанок) атрадаў, якія ўваходзілі ў склад брыгады «Смерць фашызму», была створана Чашніцкая партызанская брыгада «Дубава». Яе камандзірам быў прызначаны Фёдар Дуброўскі («Дубаў»), камісарам — Уладзімір Лабанок, начальнікам штаба — Сцяпан Барадаўкін. Брыгада дзейнічала ва Ушацкім, Лепельскім, Чашніцкім, Бешанковіцкім раёнах Віцебскай вобласці, Халопеніцкім і Бягомльскім раёнах Міншчыны. У час злучэння з часцямі Чырвонай Арміі 28 чэрвеня 1944 года Чашніцкая партызанская брыгада «Дубава» налічвала 1808 партызанаў.

Фё­дар ДУБ­РОЎ­СКІ.

Партызаны-»дубаўцы» праводзілі дыверсіі на чыгунках Полацк-Маладзечна, Орша-Лепель. У час аперацыі «Канцэрт» яны падарвалі каля дзвюх тысяч рэек. Народныя мсціўцы вялі баі па вызваленні ад нямецкіх акупантаў тэрыторыі Лепельскага, Чашніцкага і Ушацкага раёнаў.

У гісторыю партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі назаўсёды ўвайшоў Бароўскі бой кавалерыйскага партызанскага атрада пад камандаваннем А. Флегонтава і групы партызанаў Чашніцкай брыгады «Дубава», які адбыўся ў верасні 1942 года супраць штабной роты 201-й нямецкай ахоўнай дывізіі на шашы Лепель-Камень каля вёскі Бароўка 2-я Лепельскага раёна. У выніку гэтага бою партызаны знішчылі 12 аўтамашын і больш як 80 нямецкіх салдат і афіцэраў. Такога ў гісторыі партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі ў 1941 — 1944 гадах больш ніколі не здаралася. Пры гэтым у Бароўскім баі 1942 года загінуў толькі адзін партызан. У 1967-м на месцы бою быў устаноўлены помнік.

У тым жа верасні 1942-га байцы Чашніцкай брыгады правялі некалькі наступальных аперацый на гарнізон ва Ушачах, што прымусіла нямецкіх акупантаў і іх памагатых пакінуць гарадскі пасёлак. У канцы 1942 года Чашніцкая партызанская брыгада «Дубава» разграміла нямецкі гарнізон у вёсцы Пышна, стварыла там апорны пункт, устанавіла кантроль за чыгункай Лепель—Пышна—Докшыцы—Параф'янава, якая злучала 3-ю нямецкую танкавую армію з яе тыламі. У снежні 1942-га і студзені 1943-га нямецкія войскі спрабавалі захапіць Пышна, але не змаглі гэтага ажыццявіць.

У кастрычніку 1943 года «дубаўцы» разам з Лепельскай партызанскай брыгадай імя Сталіна ўдзельнічалі ў штурме варожага гарнізона ў Лепелі. Аперацыя праводзілася аб'яднанымі сіламі партызанскіх брыгад Віцебскай вобласці пад кіраўніцтвам генерал-маёра Фёдара Дуброўскага. Дзевяць з дванаццаці варожых гарнізонаў былі разгромлены поўнасцю, некаторыя моцна пацярпелі. Нямецкія акупанты страцілі звыш 600 салдат і афіцэраў — забітымі і параненымі. Партызаны падбілі пяць нямецкіх танкаў, знішчылі і захапілі 37 аўтамашын, знішчылі дзве гарматы, пяць мінамётаў, спалілі многія склады са зброяй, баепрыпасамі, палівам, амуніцыяй і харчаваннем, разбурылі 139 дзотаў і іншых умацаванняў праціўніка, захапілі трафеі. Было забіта 56 нямецкіх салдат і афіцэраў, 38 паранена, у палон трапілі 28 чалавек.

Шмат баявых перамог было ў партызан. У час аперацыі «Баграціён» Чашніцкая брыгада аказала значную дапамогу часцям 1-га Прыбалтыйскага фронту ў разгроме групы армій «Цэнтр». Яна наносіла ўдары па адступаючых часцях гэтай групы і актыўна ўдзельнічала ў вызваленні Віцебскай вобласці ад акупантаў. Гарадскі пасёлак Чашнікі быў вызвалены 27 чэрвеня 1944 года войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі Чашніцкай брыгады «Дубава» ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 года.

Высокая адзнака

Самым шчаслівым днём свайго жыцця Фёдар Дуброўскі лічыў 16 верасня 1943 года. Менавіта ў гэты дзень за ўмелую арганізацыю падпольнай і партызанскай барацьбы ў тыле ворага, гераізм і адвагу, праяўленыя ў барацьбе супраць нямецкіх захопнікаў, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У той жа дзень выйшла Пастанова СНК СССР аб прысваенні Дуброўскаму звання «генерал-маёр». Акрамя таго, легендарны партызанскі камандзір быў узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Суворава ступені і Айчыннай вайны  ступені, шматлікімі медалямі.

Начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху Панцеляймон Панамарэнка і начальнік Беларускага штаба партызанскага руху Пётр Калінін высока ацэньвалі баявую дзейнасць Чашніцкай партызанскай брыгады («Дубава») і яе камандзіра Фёдара Дуброўскага.

Мала каму вядома, што амаль 40 гадоў таму, у 1982 годзе, у Маскве выйшла кніга Панцеляймона Панамарэнкі «Усенародная барацьба ў тыле нямецка-фашысцкіх захопнікаў» з грыфам «для службовага карыстання» аб'ёмам у 536 старонак. Цікава, што прозвішча камандзіра Чашніцкай партызанскай брыгады Ф. Дуброўскага ў «імянным паказальніку» гэтай кнігі згадваецца сем разоў — значна больш, чым прозвішчы астатніх партызанскіх камандзіраў Беларусі.

Пасля вызвалення нашай краіны ад нямецкіх акупантаў у 1944 — 1953 гадах Фёдар Дуброўскі працаваў сакратаром Чашніцкага райкама партыі, дырэктарам саўгасаў імя Леніна і «Новыя Зялёнкі» Віцебскай вобласці.

Пайшоў з жыцця 3 сакавіка 1970 года, у няпоўныя 68 гадоў. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках. Беларускі народ захоўвае памяць аб Героі Савецкага Саюза, генерал-маёры Фёдары Фамічу Дуброўскім. Яго імем названы вуліцы ў Чашніках і Ушачах, калгас ва Ушацкім раёне, Новалукомскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 83 (цяпер будаўнічы ліцэй) Чашніцкага раёна, дзе створаны музей, прысвечаны яго жыццю і баявой дзейнасці. На радзіме Героя, у вёсцы Замошша Ушацкага раёна, устаноўлены памятны знак.

Эмануіл ІОФЕ, прафесар, доктар гістарычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.