Вы тут

Комплекснае вучэнне адбылося ў Любанскім раёне


Ратавальнікам паступіў сігнал — на плошчы з паўгектара каля вёскі Чабусы гарыць сухая трава. Тарфянікі зусім побач, яшчэ бліжэй — лес, недалёка і вёска. Марудзіць нельга: існуе рызыка, што невялікае ўзгаранне перарасце ў маштабны пажар. Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях неадкладна выехалі на месца здарэння. Справіцца з агнём як мага хутчэй ім дапамагалі калгаснікі: уздоўж населенага пункта трактары абворвалі зямлю, была падвезена аўтацыстэрна з вадой.


Нягледзячы на тое, што такія надзвычайныя сітуацыі пачасціліся з прыходам вясны, дадзены эпізод быў легендай. Па задуме вучэння, падчас мадэлявання сітуацыі мясцовым органам улады, прадпрыемствам і арганізацыям раёна трэба было прадэманстраваць, наколькі аператыўна і зладжана яны могуць дзейнічаць для нармалізацыі абстаноўкі і засцярогі жыхароў рэгіёна. З пастаўленай задачай, як потым адзначылі "экзаменатары" гэтага іспыту на прафесіяналізм, усе справіліся на "выдатна". Галоўнае, каб у выпадку экстрэмальнай сітуацыі поспех паўтарыўся.

Месцам адпрацоўкі іншай практычнай задачы стала Любанскае вадасховішча. Па задуме арганізатараў вучэння, патрабавалася аператыўна ліквідаваць парушэнне цэласнасці дамбы. Пашкоджанне аб'екта магло прывесці да падтоплівання тэрыторыі, што, у адпаведнасці з легендай, і адбылося. Прарыў дамбы прывёў да падтоплівання 185 дамоў, жыхароў якіх эвакуіравалі ў пункт часовага знаходжання. Ім стала адна з гарадскіх школ. Ва ўстанове адукацыі ўсе ўмоўныя пацярпелыя прайшлі рэгістрацыю; тым, хто ў гэтым меў патрэбу, была аказана медыцынская дапамога. Дапамога спатрэбілася і "рыбаку", які не мог самастойна справіцца са стыхіяй. Вадалазы і ратавальнікі аператыўна выцягнулі яго на бераг і перадалі брыгадзе хуткай дапамогі.

Акрамя таго, падчас першага этапу комплекснага вучэння ратавальнікі адпрацавалі дзеянні пры дарожна-траснпартным здарэнні з удзелам аўтобуса і легкавога аўтамабіля, у якім пацярпелі людзі. ДТЗ адбылося з прычыны праходжання цыклону з ураганным ветрам — на дарогу пападалі дрэвы. З наступствамі непагадзі аператыўна справіліся супрацоўнікі Любанскага лясгаса. Свой прафесіяналізм таксама прадэманстравалі міліцыянеры і медыцынскія работнікі.

На іншым участку экзамен на прафпрыдатнасць праходзілі энергетыкі. З-за моцнага ветру ў аграгарадку Асавец былі пашкоджаны дах будынка сельскагаспадарчай арганізацыі і лінія электраперадачы. У гэтым населеным пункце з'явілася работа і для супрацоўнікаў райветстанцыі: патрабавалася правядзенне супрацьэпізаатычных і супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

Рабоце мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў і арганізацый Любаншчыны, задзейнічаных у вучэнні, была дадзена высокая ацэнка. Можна не сумнявацца, што ў сапраўднай надзвычайнай сітуацыі яны будуць дзейнічаць гэтак жа аператыўна і зладжана. Праўда, лепш, каб такіх сітуацый увогуле не было.

Вераніка КАНЮТА

Фота Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.