Вы тут

Добраўпарадкаванне возера Малочнае ў Гродзенскім раёне пачнецца ўжо сёлета


Пакуль толькі сіламі Парэцкага сельскага Савета і раённай ЖКГ. Але рыхтуецца маштабны праект па стварэнні тут цэлага комплексу для летняга адпачынку. Мяркуецца, што будзе наведзены парадак на самім пляжы, з'явяцца гандлёвыя павільёны, душавыя, месцы для барбекю, альтанкі, пешаходныя і веласіпедныя дарожкі і многае іншае.


Аграгарадок Парэчча — даволі адметны населены пункт. З яго пачалася гісторыя Беларускай чыгункі — менавіта адсюль роўна 160 гадоў таму адправіўся першы поезд на Гродна. А яшчэ пасёлак вядомы прыгожым возерам Малочнае. Менавіта дадзеная акалічнасць у свой час стала адной з ключавых пры ўзвядзенні тут санаторыя «Парэчча» Белаграздраўніцай.

У летнія дні курортнікі імкнуцца да вады — возера ўсяго за колькі дзясяткаў метраў ад карпусоў. Таксама сюды прыязджаюць сотні гараджан з абласнога цэнтра. Такім чынам, у спякоту, што называецца, яблыку няма дзе ўпасці. А вось пляжная зона хоць і ёсць, але абсалютна не добраўпарадкаваная. Акрамя дзвюх кабінак для раздзявання і некалькіх сметніц, тут нічога няма. Мясцовыя ўлады ў свой час збіраліся заняцца гэтай тэрыторыяй, але не знайшлі дастаткова сродкаў. Таму купанне апошнія гады наогул забароненае, аб чым сведчылі шыльды на дрэвах. У такім «завіслым» стане аказаўся мінулы летні сезон на Малочным.

Увогуле, праблема добраўпарадкавання цягнецца тут даволі даўно. Часткова — з-за невызначанага ўласніка тэрыторыі. Лічылася, што санаторый, які знаходзіцца ў гэтай зоне, павінен узяць на сябе нагрузку па навядзенні парадку на пляжы. Але там прапанавалі выкарыстаць сродкі раённага бюджэту, у які, дарэчы, паступае курортны збор і ад санаторыя. У рэшце рэшт так і адбылося.

Сесія райсавета некалькі гадоў таму прыняла рашэнне выдаткаваць 50 тысяч рублёў на праект добраўпарадкавання прыбярэжнай тэрыторыі і пляжнай зоны. Паступова работа зрушылася з месца.

Як паведаміў старшыня Парэцкага сельвыканкама Андрэй Мацкевіч, праект падрыхтаваны і знаходзіцца на стадыі ўзгаднення. Пакуль вядома, што добраўпарадкаванне будзе зроблена ў лясной зоне, прыбярэжнай тэрыторыі і непасрэдна ў акваторыі возера. Тут з'явяцца пешаходныя і веласіпедныя дарожкі, ліхтары, зоны адпачынку, альтанкі, іншыя архітэктурныя формы. Непасрэдна на пляжы — навесы, раздзявальні, душавыя. Не будзе недахопу і ў кантэйнерах для смецця. Таксама праект прадугледжвае выратавальную станцыю і пракат лодак.

Па словах старшыні сельвыканкама, тэрыторыя ляснога масіву, а гэта 2 гектары плошчы, належыць сельскаму Савету. Сёння яна перададзена ў часовае карыстанне раённай ЖКГ для таго, каб камунальнікі правялі працэдуру закупкі. На дадзены момант ужо ёсць падрадчык, які займаецца зацвярджэннем праекта па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля возера. Калі праект зацвердзяць, пачнецца распрацоўка праграмы фінансавання, каб гэта ажыццявіць.

— Але чакаць год-два ўсё роўна нельга, — лічыць старшыня сельвыканкама. — Людзі хочуць адпачываць цяпер. І мы разумеем, што, маючы такую жамчужыну, як Малочнае возера, было б не вельмі правільна адмаўляць жыхарам у адпачынку каля вады. Таму мы сіламі сельскага Савета, ЖКГ, з дапамогай санаторыя «Парэчча», пры падтрымцы Гродзенскага райвыканкама будзем імкнуцца ўжо сёлета арганізаваць месца адпачынку.

З'явіліся і сродкі для пачатку работ. Парэцкі сельскі Савет у абласным спаборніцтве па добраўпарадкаванні тэрыторый увайшоў у тройку лідараў. На абласной сесіі старшыні сельвыканкама ўручаны грамата і грашовы прыз. Усе сродкі якраз плануецца накіраваць на возера Малочнае.

— Многія жыхары звяртаюцца да нас з пытаннем: калі будзе працаваць пляж? Летні сезон апошнія гады даволі гарачы, а наш аграгарадок у гэтым сэнсе вельмі папулярны, як у саміх месцічаў, так і жыхароў Гродна і вобласці. Таму асноўныя сілы перад пачаткам сезона будзем накіроўваць менавіта на гэту тэрыторыю. Калі ўзяць не вельмі дарагія аб'екты, але значныя для адпачынку, тады будзе вынік. Мы бачым, куды прыкласці намаганні, што неабходна ў першую чаргу, — падкрэсліў суразмоўнік.

Трэба сказаць, што за апошнія некалькі гадоў аграгарадок Парэчча значна абнавіўся. Адрамантаваныя фасады дамоў, устаноўлена дзіцячая пляцоўка, якой тут раней не было, пастаўлены лаўкі.

І хоць само возера яшчэ скаванае лёдам, папярэднія работы відавочныя. На прыбярэжнай тэрыторыі пачалася расчыстка зоны адпачынку ад сухастою і аварыйных дрэў. Калі пацяплее, тут займуцца работамі непасрэдна на самім пляжы.

У сельвыканкаме лічаць, што зона адпачынку павінна адпавядаць і статусу пасёлка. Некалькі гадоў таму аграгарадок Парэчча ўключаны ў спіс 16 населеных пунктаў Беларусі, якія павінны стаць цэнтрамі турызму і адпачынку нацыянальнага значэння.


У тэму

Святлана Гаспадарова, старшыня Каранёўскага сельскага выканаўчага камітэта Смаргонскага раёна:

— Сродкі, якія мы атрымалі за перамогу ў абласным конкурсе па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, плануем выдаткаваць на працяг такой дзейнасці, а таксама на азеляненне нашых аграгарадкоў. Садзім туі, клёны, івы. І гэтым займаюцца самі людзі, у нас нямала ініцыятыўных жыхароў. Да таго ж многія прыйшлі да разумення, што вакол павінна быць чыста і прыгожа. Калі людзі самі нешта робяць для агульнай карысці, тады і ставяцца да вынікаў працы інакш, як да свайго ўласнага. Калі мы нешта ўзяліся рабіць, мы павінны гэта давесці да канца. Добраўпарадкаванне — адзін з важных напрамкаў у рабоце сельскага Савета.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.