Вы тут

Кураслеп дуброўны і пралеска: час для першацветаў


Сакавік напаўняе свет яркім сіне-фіялетавым колерам неба, раскрываюцца пухнатыя коцікі на вярбе і вытанчаныя завушніцы на ляшчыне. Але і лёд, што не растаў на вадаёмах, і часта багатыя снегапады — гэта таксама сакавік. Расліны ў гэтую пару ловяць кожны праменьчык сонца, прымерваючыся — ці не пара? Нясмелыя парасткі пачынаюць з’яўляцца з-пад леташняга лісця і травы. Ідзе актыўная падрыхтоўка да аднаго з галоўных падзей года — цвіцення.


Больш адчувальныя змены ў прыроду прыносіць красавік. Неба робіцца яшчэ вышэйшэм і ярчэйшым, а ад зямлі падымаецца характэрны водар. Яго ні з чым не зблытаеш, ён бунтуе, ён духмяны і гаворыць пра тое, што зіма ўжо скончылася. І для мяне вясна настае не тады, калі першыя сонейкі падбелу засвецяцца на ўзлесках, а калі ўся лясная брудна-жоўтая подсцілка лесу раптам афарбуецца ў белы і блакітны колеры. Гэта распусціліся адны з больш ранніх колераў, характэрныя прадстаўнікі нашай вясновай флоры. Часта іх завуць пралескамі, хоць сапраўдныя пралескі растуць у Крыме і на Каўказе і адносяццца да сям’і Лілейныя. А ў нас такі прыгожы дыван у лесе ствараюць квітнеючыя кураслеп дуброўны і пралеска.

Кураслеп дуброўны (Anemone nemorosa) — дзіўная расліна. Паводле легенды, яе так называюць таму, што сваім з’яўленнем яна абавязана персанажу лёгкіх, легкадумных паводзін — Адонісу. Гэтыя першацветы ўражаюць незвычайна хуткімі тэмпамі развіцця і вельмі кароткім тэрмінам жыцця. Сігналам да зацвітання расліне служыць тэмпература паветра: вяночкі пачынаюць раскрывацца пры 6-7 градусах цяпла.

Цвіценне кураслепу працягваецца толькі некалькі дзён, потым на канцы кветаножкі застаецца маленькі вожык. Але расліны зацвітаюць не ў адзін дзень, і таму чароўны белы дыван можа цешыць нас амаль месяц. Вусякоў у гэтую пару мала, і апылоўваюцца толькі нешматлікія з кветак. За свой кароткі перыяд жыцця кураслеп паспявае назапасіць у магутных карэнішчах досыць энергіі, каб неўзабаве ўвайсці ў стан супакою. Лісце ў расліны знікае, і нішто ўжо не нагадвае пра нядаўняе свята красавання. Карэнішчы разрастаюцца, сантыметр за сантыметрам пашыраючы свае ўладанні, каб наступнай вясной пакрыць усё найпрыгажэйшай белай посцілкай.

Ёсць у кураслепу дуброўнага не меней вытанчаныя сваячкі — лясная і казелцавідная. Кураслеп лясны не спяшаецца зацвітаць і чакае сапраўднага цяпла. Таму палюбавацца яго раскошнымі кветкамі можна пад канец траўня — пачатку чэрвеня. Але сустрэць гэтую расліну досыць складана: яна занесена ў Чырвоную кнігу і пакуль яшчэ недастаткова пашырана.

Пралеска высакародная, ці пралеска (Hepatica nobilis), зацвітае вельмі рана, ледзь сыдзе снег. Тонкая сцяблінка падымаецца над зямлёй, а на яго верхавіне з’яўляецца прыгожая сіняя кветачка. Усярэдзіне кветкі — вытанчаныя белыя тычачкі, а ў самым цэнтры — драбнюткія зеляненькія песцікі. Пралеска — адно з нешматлікіх лясных раслін, яшчэ з восені сфарміравала кветкавыя бутоны. Яны размешчаны ў буйных почках ля самай паверхні зямлі.

У почцы добра бачны пялёсткі будучай кветкі і, што дзіўна, яны ўжо маюць яркае блакітнае фарбаванне. Кожны год карэнішча выпускае новы пласт прыдаткавых каранёў. Колькі колаў каранёў, столькі і гадоў расліне. Кветкі ў пралескі з’яўляюцца пры старым, перазімавалым лісці, што пацямнела ад часу і маразоў. Магчыма, іх цёмны колер абагравае бутоны, збіраючы вясновае сонца. Зацвітае расліна толькі на шостым годзе жыцця. А да гэтага стаіць малапрывабны кусцік і чакае сваёй гадзіны, набіраючыся сіл. Пралеска квітнее нядоўга, усяго 8-10 дзён. Нанач і перад дажджом кветкі згортваюцца і схіляюцца, баронячы сябе.

Спелыя семачкі — ласунак для мурашак, менавіта гэтыя вусякі і ёсць галоўныя «аграномы» раслін. Размнажэнне — працэс няхуткі, і пралеска шырыць свой арэал штогод не больш чым на 5-10 м. Дзіўна, але гэта выдатная расліна атрутная, так што пры зборы кветак варта сцерагчыся. Раней пралеска лічылася як сродак ад хвароб печані, нават яе лісце па форме нагадвае гэты орган. Адгэтуль і лацінская назва, што бярэ свае карані ад грэчаскага «хепар» — печань.

Паміж кветкамі паказаліся і пачынаюць свой рост далікатныя парасткі елкі.

Усім вясна дорыць цяпло, прыгажосць і шчасце. І немалую ролю ў гэтым іграе казачнае цвіценне першацветаў.

Аляксандр БАТУРА.

Фота аўтара.

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.