Вы тут

Падзяліць дзяцей, маёмасць, крыўды


Мірна скасаваць шлюб, падзяліць маёмасць, дамовіцца аб зносінах з дзецьмі і вырашыць іншыя сямейныя канфлікты без лішніх нерваў і грошай магчыма. З дапамогай медыятара ў Беларусі сотні спраў завяршаюцца прымальна для абодвух бакоў, а 90 % медыяцыйных пагадненняў добраахвотна выконваюцца ўдзельнікамі спрэчкі. Больш за тое, ужо пару гадоў суды накіроўваюць сужэнцаў у медыяцыю па пытаннях, якія датычацца разводу, аліментаў, падзелу маёмасці. Закон аб медыяцыі ў Беларусі прыняты не так даўно, у 2013 годзе, і працягвае ўдасканальвацца, але станоўчых вынікаў ад работы медыятара ўжо мноства. Актыўна развіваецца медыяцыя сёння і ў Расіі, Казахстане, Украіне і Малдове. Чым карысны механізм сямейнай медыяцыі і чаму ён лепшы за суд, расказала Рыта БОМЕРТ, практыкуючы адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, медыятар.


Аліменты на адзенне, адпачынак, лячэнне

Медыяцыя дазваляе бакам дамовіцца добраахвотна, з мінімальнымі фінансавымі затратамі і на тых умовах, якія не заўжды магчыма прапісаць у міравым пагадненні, бо гэты дакумент абавязкова базіруецца на прававых нормах, падкрэсліла спецыяліст:

— Пытанні ўтрымання дзяцей і прызначэння аліментаў на іх пэўным чынам прапісаны ў законе, а вось моманты, што датычацца зносін з дзецьмі, якія заўжды вельмі эмацыянальныя, — не вельмі. Пры гэтым, як паказвае практыка, якое рашэнне вынесе суд першай інстанцыі, такім яно, з вялікай верагоднасцю, і замацуецца пасля ў апеляцыйнай і касацыйнай інстанцыях. Медыяцыя ў такіх спрэчках вельмі эфектыўная, бо спрачальнікі прыходзяць у яе добраахвотна, а медыятар — незалежны трэці бок, які роўнааддалены ад абодвух спрачальнікаў. Да таго ж умовы будучага пагаднення выпрацоўваюцца самімі ўдзельнікамі.
У выніку складаецца медыяцыйнае пагадненне.

У снежні 2019 года былі ўнесены змяненні, звязаныя з яго заключэннем, і суды з таго часу накіроўваюць спрачальнікаў у медыяцыю у справах разводу, па аліментах, падзелу маёмасці. Медыяцыйнае пагадненне не мае юрыдычнай сілы — яно для добраахвотнага выканання. Але калі яго прадставіць суду і зацвердзіць шляхам заключэння міравога пагаднення, то ўжо гэты дакумент можна будзе выканаць у прымусовым парадку, калі нейкі з бакоў стане несумленна выкарыстоўваць свае правы. Аднак гэта здараецца, як сведчыць статыстыка, толькі ў 10-15 % выпадкаў, у той час як па прымусовае выкананне судовых рашэнняў звяртаюцца 60-80 % спрачальнікаў. Дамаўляцца ў медыяцыю, дарэчы, можна прыйсці і тады, калі ўжо цягнецца судовы разбор.

Згодна з законам, на аднаго малога выплачваюцца аліменты ў памеры 25 % ад заробку, на дваіх — 33 % і 50 % — на траіх і больш. А ў медыяцыі можна выкарыстаць іншыя ўмовы. Напрыклад, вызначыць грашовае ўтрыманне ў пэўнай колькасці базавых велічынь, альбо аплату адзення і абутку, гурткоў ці адпачынку або лячэння малога — на гэта бакі больш пагаджаюцца, бо адразу зразумела, на што будуць расходавацца грошы, удакладніла адвакат.

Медыяцыя карысная і ў выпадках, калі пара высвятляе парадак зносін з малымі, а таксама пры падзеле маёмасці паміж сужэнцамі. Судовая працэдура досыць дарагая, таму што судовая пошліна складае каля 5 % ад ацэначнага кошту маёмасці. Медыяцыя дазваляе пазбегнуць такіх судовых расходаў і заключыць пагадненне на ўмовах, якія задавальняюць абодва бакі.

— Як паказвае практыка, спрэчкі, звязаныя з дзецьмі, суд ніколі не вырашыць так, каб былі задаволеныя абодва бакі, калі ў іх кардынальна розныя погляды на выхаванне і ўтрыманне. Медыяцыя ж глыбей разбірае жаданні спрачальнікаў. Пры гэтым можна вызначыць адзін парадак зносін бацькоў з малымі да трох гадоў, а калі дзіця стане школьнікам — іншы. Такія дамоўленасці выконваюць значна больш ахвотна, і нават для самога дзіцяці гэта больш эфектыўна. Згодна з судовай практыкай, пражыванне некалькіх дзяцей прызначаюць толькі з адным з бацькоў. А падчас медыяцыі можна ўказаць, што малыя жывуць асобна з кожным з бацькоў, аднак яны паміж сабой амаль штодня бачацца і прыходзяць адзін да аднаго, і ў выніку іх зносіны не перарываюцца.

Бацькі, бабулі, суседзі...

Хоць медыяцыя забяспечвае поўную канфідэнцыяльнасць пытанняў, якія абмяркоўваюцца падчас яе, і гэта зусім не публічная працэдура ў параўнанні з судовым пасяджэннем, многія па-ранейшаму ставяцца з недаверам да новага інстытута, а некаторыя ніяк не пагаджаюцца на сустрэчу з медыятарам. Асабліва прыкра, калі адзін бок гатовы мірыцца такім чынам, а другі — аніяк. Тады ўжо задача медыятара — заахвоціць другога спрачальніка да ўдзелу ў працэдуры, паясніўшы, што гэта дапаможа захаваць зносіны з дзецьмі ці грошы, калі справа датычыцца разводу. Найчасцей удаецца ўгаварыць чалавека, але калі ён катэгарычна адмаўляецца ад медыяцыі, то нічога не зробіш, бо гэта добраахвотная сустрэча, нагадала Рыта Бомерт:

— Спачатку (яшчэ да прыняцця закона аб медыяцыі) яна была бясплатная, каб людзі маглі ўпэўніцца ў тым, што гэта эфектыўны спосаб вырашэння спрэчак. Кожная сустрэча цягнецца ў сярэднім тры гадзіны (больш часу запар дамаўляцца — цяжка, бо бакі стамляюцца). А каб знайсці рашэнне, якое падыходзіць усім, трэба ад двух да шасці сустрэч. Прычым гэта заўжды вельмі энергазатратны працэс і для спрачальнікаў, і для медыятара. Кошт мерапрыемства вызначае сам спецыяліст, і гэта можа быць ад трох да дзесяці базавых велічынь, што ў любым выпадку танней, чым судовая цяжба.

Медыяцыю можа прымяняць у самых розных спрэчках паміж бацькамі, суседзямі, школьнікамі, сцвярджае спецыяліст:

— Аднойчы да мяне прыйшлі суседзі, якія некалькі гадоў судзіліся па зямельным пытанні, а на медыяцыі высветлілася: больш маладому з іх дастаткова было проста папрасіць прабачэння ў больш сталага суседа за тое, што ён калісьці не ў тым месцы пасадзіў елкі.

Пра сваё жаданне мець зносіны з унукамі пасля разводу сужэнцаў могуць заяўляць таксама бабулі і дзядулі, і гэтае пытанне больш эфектыўна вырашае тая ж медыяцыя. Аднак згодна з законам, спачатку вызначаецца парадак зносін дзяцей з бацькам, і ўжо пасля — з бабулямі і дзядулямі. Хоць можна і аб'яднаць абодва грамадзянскія працэсы, калі судом вызначаецца парадак зносін адразу ўсіх удзельнікаў і выносіцца адно рашэнне, удакладніла адвакат.

Вельмі важна ў працэсе медыяцыі выгаварыцца, каб сышлі эмоцыі і бакі змаглі чуць адзін аднаго і думаць рацыянальна, каб вярнуць давер да сваёй былой паловы. Толькі пасля гэтага можна чакаць, што атрымаецца канструктыўны дыялог, падкрэсліла спецыяліст:

— Аднойчы жанчына вельмі не давярала бацьку дзіцяці, бо ён быў іншаземец. Яна заняла пазіцыю «ён усё роўна мяне падмане». Я прапанавала бацьку заплаціць аіменты на паўгода наперад, каб пацвердзіць свой намер. У выніку маці супакоілася, і бакі змаглі дамовіцца.

Ці далучаць дзяцей да ўдзелу ў медыяцыі, пытанне спрэчнае, бо з малымі павінны ўсё ж працаваць прафесійныя псіхолагі. Аднак праводзіць дыягностыку, каб паказаць бацькам, напрыклад, што дзіця любіць іх аднолькава, — добрая рэч. Запрашаць на медыяцыю нейкі дадатковы трэці бок таксама можна, але ж гэта не азначае паляпшэння сітуацыі. Хутчэй, наадварот, яе ўскладненне. Здаралася, што на медыяцыю бакі прыходзілі з адвакатамі, якія найчасцей наадварот не давалі спрачальнікам дамовіцца, хоць тыя і хацелі ўжо гэта зрабіць. У любым выпадку, бацькі, як бы ні спрачаліся, як правіла, сыходзяцца на адным — у любові да сваіх дзяцей.

Падчас медыяцыйнай сустрэчы не вядзецца ніякіх відэа- і гуказапісаў (нешта памячаць на паперы ад рукі — калі ласка), каб бакі былі ўпэўненыя ў захаванні канфідэнцыяльнасці таго, што адбываецца.

Калі медыятар бачыць, што бакі прыйшлі не дамаўляцца, а проста высветліць адносіны, то ён, як, дарэчы, і абодва спрачальнікі, мае права адмовіцца ад працэдуры, бо ў яе няма перспектывы.

Добра, калі ў сямейнай медыяцыі ўдзельнічаюць два спецыялісты: медыятар-мужчына і медыятар-жанчына. Так вытрымліваецца гендарны баланс, і гэта пэўным чынам супакойвае бакі.

Медыяцыя ўскладняецца, калі адзін з бакоў — іншаземец, бо іграюць ролю розныя менталітэты, іншае стаўленне да дзяцей, уяўленне аб памеры аліментаў, падыход да выхавання і нават моўны бар'ер.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.